Выстава жывапісу "Альфа і Амега" адкрылася Чырвоным касцёле
Выстава жывапісу "Альфа і Амега" адкрылася Чырвоным касцёле

Адкрыццё выставы было зладжана ў незвычайным фармаце – яно сталася лагічным працягам ранішняй імшы. Напрыканцы службы ксёндз Уладзіслаў зачытаў з амвону некаторыя вершы Віктара Васюкевіча, у якіх мастак разважае над пытаннямі веры. Пасля ў галерэі, што месціцца ў сутарэннях храма, адбылося ўрачыстае адкрыццё з удзелам каталіцкага духавенства і сталічных мастацтвазнаўцаў. Адкрыццё садзейнічала грунтоўнаму раскрыццю творчай асобы Вiктара Васюкевіча – аўтара незвычайных карцін і глыбокіх вершаў пра Бога і сусвет.

Віктар Васюкевіч (усярэдзіне) з калегамі-мастакамі

"Сусвет"


Справа – ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк
Многія з прадстаўленых на выставе прац Вiктара Васюкевіча натхнёны біблійнымі вобразамі і схіляюць гледача да глыбокага асэнсавання святых ісцін. Пры гэтым адвечныя тэмы набываюць у творчасці аўтара самае надзённае гучанне, бо вырашаны ў манеры, блізкай да абстрактнага экспрэсіянізму – лёсавызначальнай плыні для мастацтва ХХ-ХХІ стст.

"Запавет"

"Хай Свяціцца Імя Тваё"
Неад'емнай рысай жывапісу В. Васюкевіча з’яўляецца касмізм творчага мыслення. Позірк мастака маштабны, глабальны, ягонай душы цесна ў звыклых вымярэннях рэчаіснасці, і кожная выява ўзнікае нібыта наноў створаная галактыка.

"Матрыца"

"Святло"

"Джаз"

"Альфа і амега"
Нагадваем, што ў 2009-2010 гг. прыкметныя выставы жывапісца адбыліся ў Мінскім планетарыі і Інстытуце тэалогіі БДУ, апошняя – з бласлаўлення вышэйшага кіраўніцтва беларускай праваслаўнай царквы. Асоба Віктара Васюкевіча выклікае таксама цікавасць тым фактам, што ён з'яўляецца адным з нешматлікіх беларускіх мастакоў, чыя творчасць актыўна прасоўваецца праз сеціва.