Добры дзень, спадары! 21 лютага ў рэдакцыі “Народнай газеты” ўвесь дзень размаўлялі па-беларуску
А як адзначылі Дзень роднай мовы астатнія беларусы?
Пішам, як класікі
У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе... у дыктоўцы на роднай мове. Агульнабеларускую дыктоўку арганізавала ў чацвёрты раз Таварыства беларускай мовы. Удзельнікам яе былі прапанаваны адзін верш і невялікі публіцыстычны твор Максіма Багдановіча, якому сёлета споўнілася б 120 гадоў. Летась агульнабеларуская дыктоўка была прысвечана Уладзіміру Караткевічу, наступную плануецца скласці па творах Якуба Коласа і Янкі Купалы. Пісалі па-беларуску ў гэты дзень таксама ў Лідзе, Гомелі, іншых гарадах краіны.
Вершы ў тралейбусе
Крэатыўна падышлі да святкавання Дня роднай мовы ў Магілёве. У грамадскім транспарце вучні школ, ліцэяў, гімназій чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў. Убачыць юных чытачоў у гэты дзень можна было таксама на вялікім экране каля Дома быту. У Гомелі бібліятэкары ўчора размаўлялі з чытачамі і паміж сабой толькі на беларускай мове. Таксама тут правялі анкетаванні і арганізавалі сустрэчы з супрацоўнікамі рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”.
Купала ў рок-оперы
Беларускі акадэмічны музычны тэатр прапанаваў прэм’еру “Курган” па аднайменнай паэме беларускага класіка Янкі Купалы. Эксперыментальную сцэнічную версію рок-оперы беларусы ўжо бачылі — на Дзень беларускага пісьменства ў Хойніках. Прэм’еру оперы ў музычным тэатры спецыяльна прымеркавалі да Дня роднай мовы.
З пункту гледжання СМІ
Размаўлялі ў гэты дзень па-беларуску не толькі журналісты “Народнай газеты”. Усе выпускі навін, а таксама выніковая праграма “У цэнтры ўвагі” Белтэлерадыёкампаніі выйшлі на беларускай мове. Будучыя журналісты, студэнты Інстытута журналістыкі БДУ таксама далучыліся да святкавання. Яны разам з выкладчыкамі дыскутавалі на тэму: “Беларусізацыя ўніверсітэта: за ці супраць”, спявалі беларускія песні розных гадоў, елі дранікі і таньчылі беларускія танцы.