Час збіраць кнігі

Источник материала:  
Нашы землякі ў Таліне ствараюць Грамадскую бібліятэку імя Уладзіміра Караткевіча
Час збіраць кнігіКожная суполка беларусаў у замежжы — адметная, і досвед адных энтузіястаў не заўсёды зручна пераняць іншым. Справа ж, якой заняліся землякі ў Эстоніі, можа мець паслядоўнікаў. З дасланага ў рэдакцыю ліста вынікае, што пры Нядзельнай школе беларускай культуры імя Уладзіміра Караткевіча ў Таліне адкрыта Грамадская бібліятэка. “Яна створана дзякуючы неацэннай дапамозе пасольства Беларусі ў Эстоніі, — паведамляе Артур Цурбакоў, кіраўнік Нядзельнай школы і асацыяцыі Еўрапейскіх грамадзянскіх ініцыятыў. — Добрая справа пачалася летась, у юбілейны для Караткевіча год. Мне падаецца, бібліятэка стане годным помнікам пісьменніку, які шмат зрабіў для нашай Бацькаўшчыны, краіны еўрапейскай гісторыі і культуры. Асаблівы сэнс праца набывае і таму, што Талін — культурная сталіца Еўропы 2011”.
Артур Цурбакоў — грамадзянін Беларусі, жыве ў Эстоніі чацвёрты год, ён адзін з аўтараў і вядучы эстонскай радыёпраграмы на беларускай мове “Бацькаўшчына”. Летась, дарэчы, мы змяшчалі яго допіс “Талін гаворыць па-беларуску”. Дзякуючы стыпендыяльнай праграме ўрада Эстоніі Артур закончыў магістратуру адзялення міжнародных зносін у Талінскім тэхнічным універсітэце. Цяпер ён паведамляе, што ідэю бібліятэкі ў Таліне падтрымалі многія на Радзіме, ім нашы землякі ў Эстоніі вельмі ўдзячныя.
“Бібліятэка імя Уладзіміра Караткевіча — вельмі важны дапаможнік для развіцця беларускай дыяспары ў Эстоніі, — піша А. Цурбакоў. — Памяшканне размешчана вельмі ўдала: у старым горадзе, у будынку насупраць сімвала Таліна, царквы Олевістэ”. Месца наведваюць шматлікія турысты Таліна, таму ў Артура ёсць ідэя зрабіць шыльду бібліятэкі з лагатыпамі спонсараў і гэтак прыцягнуць увагу не толькі да культуры, але і да эканомікі Беларусі.
А кнігі, сродкі для развіцця культурнай установе цяпер вельмі патрэбныя. Суайчыннікі з ахвотай прымуць любую дапамогу ў камплектаванні яе фонду — ад спонсараў, мецэнатаў і шырокага кола кнігалюбаў. Энтузіясты разлічваюць на падтрымку прадпрымальнікаў — як з Беларусі, так і з замежжа, якія з павагай ставяцца да культурнай спадчыны.

Іван Ждановіч

←«ВОЗВРАЩЕНИЕ» ИВАНА ХРУЦКОГО

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика