Сямсот тысяч рублёў за Парыж
Больш за 600 экспанентаў з 23 краін Еўропы, Азіі і Амерыкі прымаюць удзел у XVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашу. Інтэрнэт-газета Naviny.by высветліла, якая яна, сённяшняя кніжная Беларусь.
Першае, што кідаецца ў вочы — з кожным годам на выставе павялічваецца колькасць беларускамоўнай літаратуры. Так, канешне, паліграфічная і вучэбная літаратура пакуль адстае, затое мастацкія кнігі радуюць 30, а то і 60-працэнтнай прысутнасцю. Так, напрыклад, выдавецтва “Беларусь” прэзентуе нямала мастацкіх альбомаў і гістарычных даследаванняў па-беларуску.
На стэндзе “Белкнігі”, як гавораць прадстаўнікі гэтага выдавецтва, раўнапраўе: суадносіны беларуска- і рускамоўных кніг - 50 на 50. На стэндзе “Літаратуры і мастацтва” па-беларуску – аж 70% прадстаўленага. Дарэчы, менавіта “ЛіМ” прывёз на выставу найбольшую калекцыю беларускамоўных дзіцячых кніжак.
Што тычыцца аўтараў, то, як заўсёды, шмат класікаў. Сярод жа сучасных найбольшую прыхільнасць выдавецтвы маюць да Чаргінца і літаратараў з ягонага саюзу. “А як жа, у нас ёсць усе сучасныя аўтары, — хвалілася таваразнаўца стэнду “Белкніга”. — Міхаіл Чаргінец, Наталля Голубева, Раіса Баравікова, Віктар Праўдзін, Мікола Мятліцкі…”.
На пытанне, ці ёсць кнігі, напрыклад, Някляева, Арлова, Глобуса, Хадановіча, Бахарэвіча, адказ быў неканкрэтны: “Ну, штосьці ёсць”. Але знайсці ўдалося толькі адну кнігу Ўладзіміра Арлова. Такая ж сітуацыя і на стэндах іншых дзяржаўных выдавецтваў.
Стэнд беларускіх незалежных выдавецтваў займае ўсяго два квадратныя метры. На іх уціснуліся “Логвінаў”, “Галіяфы”, Лімарыюс”, выдавец Зміцер Колас, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” а таксама рэдакцыі часопісаў “ARCHE-пачатак”, “Дзеяслоў”, “pARTisan”.
"Праграма стэнда — даволі спантаная, — распавяла паэтка, перакладчык і рэдактар Марыя Мартысевіч, аўтарка ідэі такога “згуртавання” выдавецтваў. — Я сабрала восем выдаўцоў і рэдактараў часопісаў, якія з радасцю пагадзіліся аб'яднацца на агульным стэндзе. Мы вырашылі, што павінна быць як мага больш разнастайнай цікавай інфармацыі, кніг, якія можна ўбачыць, памацаць і тут жа набыць. А таксама - жывыя аўтары, якія могуць прыйсці і пагутарыць з чытачамі. Беларуская незалежная кніга — вельмі цікавая, і несправядліва, што яна на складах, а не побач з пакупніком. На гэтым невялікім стэндзе, мне падаецца, сабраліся класныя аўтары, сапраўдныя зоркі нашай літаратуры".
“Чаму мы месцімся ўсяго на двух метрах ды яшчэ пад лесвіцай? Тут няма дыскрымінацыі: проста арандаваць чатыры метры каштавала б 480 еўра за пяць дзён, а арандаваць месца, якое наведвальнік бачыць ледзь не ад уваходу — яшчэ даражэй. Можа, для Еўропы гэта нармальныя кошты, але не для нас, — патлумачыла Мартысевіч. — Дзяржава падтрымлівае свае выдавецтвы, а незалежныя выдавецтвы — без падтрымкі. Але калі ўдзельнікам нашага стэнду ідэя падабаецца, яны пабачаць сэнс такога выхаду да чытача, то наступным разам усё будзе больш арганізавана і менш сумбурна, менш па-аматарску”.
Самай дарагой з прадстаўленых на выставе кніг быў мастацкі альбом “Парыж”. Прадстаўнікі выдавецтва “Макбел” прадалі яго ў першы ж дзень за 700 тысяч рублёў. На пытанне, ці засталіся яшчэ кнігі такога коштавага ўзроўню, таваразнаўцы толькі развялі рукамі: “Што вы! Трэба было раней прыходзіць. У нас ужо за першы дзень раскупілі ўсё. Можаце пашукаць на нямецкім і французскім стэндах — у іх таксама дарагія альбомы былі”.
І сапраўды, у французаў ды немцаў знайшлося яшчэ некалькі суадносных па кошце і якасці альбомаў.
Як адзначыў Петэр Дэттмар, намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Германіі ў Беларусі, выстава яму вельмі падабаецца: “Але, на жаль, беларускай мовы я не ведаю, таму аўтарытэтна ацэньваць беларускую літаратуру не магу”.
“Белкніга” прапанавала “Энциклопедию Победы» за 460 тысяч рублёў, а таксама “Радзівілы. Альбом партрэтаў” — за 200 тысяч. Выдавецтва “Літаратура і мастацтва” прапаноўвае зусім не горшыя, але таннейшыя кнігі і альбомы. Напрыклад, “Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым” Адама Мальдзіса і Армэна Сардарава – усяго за 67 тысяч рублеў.
Вольга ПРУДНІКАВА