Людзі на балоце: з любоўю. Народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа на творчасць натхнялі роднае Глінішча і працавітыя аднавяскоўцы
“Ёсць у кожнага свой мілы сэрцу куток, які з бегам часу не толькі не цьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшы, даражэйшы. Сярод іншых дарагіх, хвалюючых успамінаў — ён самы дарагі, самы шчымлівы! Куток гэты — тая хата, дзе мы вучыліся хадзіць, дзе чулі цеплыню матчыных рук і матчынага сэрца, куток нашага маленства”, — пісаў у аўтабіяграфіі Іван Мележ. Дзе б ён ні быў, ва ўсе гады думкі цягнулі яго на малую радзіму — у Глінішча Хойніцкага раёна. Года не праходзіла, каб Іван Паўлавіч не праведаў сваіх любых палешукоў, якія натхнялі яго на творчасць. Чым сёння жывуць і як шануюць памяць знакамітага пісьменніка яго землякі? Карэспандэнт “НГ” прайшлася сцежкамі Мележа і пагутарыла з “людзьмі на балоце” напярэдадні 90-гадовага юбілею пісьменніка.
З балота — аграгарадок
Цагляныя дамы, добраўпарадкаваныя дарогі, альпійскія горкі ў агародчыках... Шмат змянілася ў Глінішчы з апошняга наведвання яго Іванам Мележам. Нават вёска ператварылася ў аграгарадок. Не змяніліся хіба людзі. Як апісваў у сваёй “Палескай хроніцы” Іван Паўлавіч, гэткія ж шчырыя, працавітыя, адданыя зямлі і... дарагому пісьменніку.Шмат нагадвае ў Глінішчы, што тут нарадзіўся і жыў знакаміты пісьменнік. Аўтобусны прыпынак з партрэтам Мележа, школа, названая ў яго гонар, шыльдачка на хаце, дзе жылі яго бацькі, драўляныя Васіль з Ганнай, якія сустракаюць гасцей ля ўваходу ў Музей Івана Мележа...Соф’я Ліпніцкая можа бясконца расказваць пра пісьменніка. І не толькі як дырэктар музея. Яна — стрыечная пляменніца Мележа, асабіста яго ведала і нейкі час нават жыла ў хаце насупраць.— Бачыла, як Іван Паўлавіч прыязджаў у Глінішча з пісьменнікамі, сваёй жонкай Лідай, — расказвае Соф’я Піліпаўна. — Памятаю, калі Мележ купіў першую “Волгу” і прыкаціў на ёй у вёску. Да мяне прыбеглі яго малодшыя сёстры: “Соня, — кажуць, — Іван хоча паказаць нам Мазыр!” А мы былі малыя, можа, у клас пяты хадзілі і, акрамя вёскі, не бачылі нічога. І ён, пасадзіўшы ў машыну кучу дзяцей, павёз нас у Мазыр, паказваў горад, купляў падарункі.Іван Мележ з маленства палюбіў вёсачку, дзе нарадзіўся 8 лютага 1921 года. Тут прайшло яго басаногае дзяцінства: сярод мужыкоў у сярмягах з цыгаркамі, пастушкоў-падлеткаў, жанчын з пачарнелымі ад працы рукамі, сярод людзей, якія ведалі мора песень і таямнічых гісторый пра чалавечыя лёсы.
Адной левай
З роднай вёскай упершыню надоўга Івана Паўлавіча разлучыла вайна. Мележ удзельнічаў у баях на Збручы, пад Уманню, у Новай Адэсе і пад Лазавой. А ў 42-м быў моцна паранены ў плячо. Лежачы ў шпіталі, Іван Мележ напісаў левай рукой сваё першае апавяданне “Сустрэча”, дапісваў ваенныя дзённікі, пачатыя яшчэ на фронце. Пазней яны былі надрукаваны ў “Першай кнізе”, якой пісьменнік вельмі даражыў.— Мележа, які стаў інвалідам, адправілі ў тыл, — расказвае Соф’я Піліпаўна. — Ён пачуў ад аднаго лейтэнанта, што ў Бугуруслане ў цэнтральным бюро даведак сабраны звесткі аб эвакуіраваных. І паехаў туды з надзеяй даведацца хоць штосьці пра бацькоў. Што з імі, іх аднавяскоўцамі, ён не ведаў, як і яны не ведалі пра яго. Але ў спісе ён не знайшоў іх прозвішчы...У Бугуруслане Мележ пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Лідай Пятровай. Па яе ўспамінах, ён без перапынку расказваў пра родную хату, сад і бацькоў, суправаджаючы свае аповеды малюнкамі. Як аказалася, яшчэ ў дзяцінстве ён марыў стаць мастаком, маляваў для школы партрэты пісьменнікаў і правадыроў.Неўзабаве Іван Паўлавіч даведаўся, што на станцыі Сходня пад Масквой узнавіў працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. І як ні адгаворвала яго маладая жонка, усё ж паехаў туды вучыцца. Там у БДУ ён бачыў часцінку Радзімы, спадзяваўся сустрэць сваіх землякоў-беларусаў, пачуць родную мову.
Да роднай вішні
У 44-м нарэшце збылася мара Мележа — ён вярнуўся на радзіму ў Мінск. Уласная кватэра, жонка з дочкамі побач, магчымасць пісаць. Што яшчэ трэба для шчасця? Хіба пабачыць родную вёску і бацькоў.— Прыязджаючы ў Глінішча, ён любіў наведваць знаёмыя з дзяцінства мясціны, — успамінае Соф’я Ліпніцкая. — Хадзіў пад вішанькай, дзе касіў з бацькам сена. Бываў пад дубам, дзе качаўся на арэлях, у Каранёўцы. Там жыў яго дзед Дзяніс — беларускі волат. Быў разумны, іграў на скрыпцы, дзяржаў пчол, расказваў унукам цікавыя казкі. Іван вельмі любіў дзеда. Хлопцу, можа, чатыры гады было, як ён уцёк да дзеда ў Каранёўку за пяць кіламетраў праз лес...
Жыццё як ёсць
Невыпадкова Каранёўка стала цэнтрам падзей у “Палескай хроніцы” (вёска Курані). Яна даўжэй за іншыя вёскі захавала спрадвечнасць прыроды і народныя звычаі. Працу над трылогіяй “Палеская хроніка” Мележ пачаў у 1956 годзе. Хоць задума стварыць твор пра роднае Палессе жыла ў душы Мележа даўно. У 1961 годзе “Людзі на балоце”, якія адкрылі цыкл палескіх раманаў, выйшлі з друку. Праз пяць гадоў быў завершаны раман “Подых навальніцы”. І на цэлае дзесяцігоддзе расцягнулася праца над апошнім раманам “Палескай хронікі” — “Завеі, снежань”. Ленінская прэмія за раманы аказалася для Мележа прыемнай нечаканасцю. Ён не думаў, што жыццё палешукоў будзе настолькі цікавым для чытачоў. Між тым пра яго Курані даведаліся ва ўсім свеце. Чым растлумачыць такую папулярнасць твора?— Сільна ж праўдзіва напісаў, — разважае Соф’я Піліпаўна. — Няма ў літаратуры больш такога яркага вобраза, як Ганна Чарнушка. Здаецца, любы мужчына, чытаючы раман, можа закахацца. Хаця насамрэч не было ў Куранях такой асобы. Як падумаю, дык, можа, з маёй маці трохі спісаў. Таксама была вельмі прыгожая, працавітая, бацьку майго не любіла, як і Ганна Яўхіма.Але ёсць у трылогіі і зусім рэальныя вобразы, перанесеныя з жыцця ў раман.— Да прыкладу, Іван Зайчык — гэта сусед Івана Паўлавіча Лёша Касцючэнка, — расказвае Ліпніцкая. — Увесь час ганарыўся, што трапіў на старонкі кніжкі. Ці Голда-швачка, якая шыла Ганне вясельны ўбор. У жыцці яе звалі Годля, жыла ў Глінішчы. І мне неаднаразова шыла сукенкі.Іван Паўлавіч не паспеў дапісаць “Завеі, снежань” — згарэў як свечка ў 55 гадоў. А было яшчэ столькі ідэй!
Апошні візіт
Заўсёды ў думках Іван Паўлавіч быў з аднавяскоўцамі. І якім шчасцем аказаўся для яго сюрпрыз, арганізаваны Пятром Машэравым пасля з’езда пісьменнікаў у маі 1976 года. Мележ быў ужо вельмі слабы: дакучалі і ныркі, і лёгкія. Машэраў бачыў гэта. Пасля з’езда запрасіў групу пісьменнікаў (Танка, Мележа, Панчанку, Макаёнка, Шамякіна) у палёт на верталёце над Беларуссю. Нечакана Мележа папрасілі паказаць на карце яго родную вёску. Іван Паўлавіч ажывіўся. Не чакаў ён такога падарунка.— Верталёт прызямліўся на школьным стадыёне, — успамінае Соф’я Ліпніцкая. — Людзі беглі з ферм, з палёў. Я таксама ляцела туды спатыкаючыся. Гэта ж дзіва было! Памятаю, як Шамякін казаў, звяртаючыся да вучняў, якія высыпалі са школы: “Ведаеце, хто да вас прыляцеў? Гэта Іван Паўлавіч Мележ, ваш зямляк і беларускі пісьменнік”. Іван Паўлавіч пагутарыў з аднавяскоўцамі. І гэта было апошняе наведванне Мележам радзімы.За трыццаць пяць гадоў пісьменніцкай працы ды пры такім слабым здароўі Іван Паўлавіч зрабіў нават вельмі шмат. Выдавецтва “Мастацкая Літаратура” выпусціла пасля смерці пісьменніка дзесяцітомны збор яго твораў. А хацелася яшчэ больш. На апошнім творчым вечары, куды парадаваць земляка яго любімай песняй “У канцы грэблі шумяць вербы” прыехалі спявачкі з Глінішча, ён сказаў: “Гляджу на зямлячак і столькі ўспамінаю адразу, столькі ўрываецца ў маё сэрца, што не расказаць і за ўсё жыццё. Я адчуваю, што ўсімі кніжкамі я расказаў адну, можа, сотую ці нават тысячную долю таго, што я перажыў, убачыў і што адчувае маё сэрца...”А ўрэшце ж ён быў не толькі пісьменнікам, але і актыўным грамадскім дзеячам. І як усё паспяваў, адкуль чэрпаў сілы? Вядома ж, адкуль. З любові да роднага краю і “людзей на балоце”.