КРОПКА НА КАРЦЕ. Вам цікава, адкуль пайшла назва вашай вёскі, ракі ці возера, дзе вы бавілі час у дзяцінстве, а можа, шляху, які праходзіць праз ваш населены пункт?
Кожная кропка на карце ўтойвае ў сваёй назве шмат загадкавага і незразумелага, часам звязанага з легендамі, паданнямі ці далёкімі гістарычнымі падзеямі. З гэтага дня разблытваць этымалагічны клубок тапанімічных назваў на старонках “НГ” будзе вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ. Чакаем вашых пытанняў!
Адкуль пайшла назва вёскі Путчына, што ў Дзяржынскім раёне? Ці не звязана яна з падзеямі 90-х — путчам? Назва вёскі Путчына ўтварылася ад асабовага імя чалавека Путка (Пуцька), якое з’яўляецца скарочаным варыянтам старажытнага славянскага двухсастаўнага імя Путислав. Такія двухасноўныя імёны ў славянскіх краінах замацоўваліся звычайна за княжацкімі дынастыямі і прадстаўнікамі вышэйшых слаёў грамадства і былі распаўсюджаны ў ІХ—ХІІ стст. Аднак на ўсходнеславянскай тэрыторыі ў сувязі з шырокім распаўсюджаннем хрысціянства прадуктыўнасць састаўных імён упала яшчэ ў пачатку ХІІІ ст., а ў ХІV—ХV ст. гэтыя імёны сталі рэліктавымі і з цягам часу спрасціліся, пачалі ўжывацца ў скарочанай форме.
Цікава, адкуль пайшла назва ракі Ведзьма? Ці не хавае яна ў сваіх нетрах “цёмныя” гісторыі? Рака Ведзьма (варыянт Вядзьмянка) працякае ў Нясвіжскім і Ляхавіцкім раёнах Беларусі. Рака адносіцца да басейна Нёмана, левы прыток Шчары. Паходжанне назвы ракі да сённяшняга дня канчаткова не вытлумачана. Існуе некалькі версій паходжання.Першая версія. Магчыма, назва Ведзьма — гэта не першапачатковая назва. Ведзьмай рака стала называцца пазней па сугуччы з іншымі, больш старажытнымі найменнямі. Спачатку яна магла мець найменне Едма, Ядома. Такія назвы сустракаюцца на славянскіх тэрыторыях: руск. Мокрая Ядома (рака), Вялікая і Малая Ядома (паселішчы на Валагодчыне), вёска Ядома (Архангельская вобласць). У некаторых рускіх дыялектах адзначаецца слова ядомы ў значэнні “невялікія топкія месцы на ўзвышшах”.Не выключана, што назва магла раней мець форму Відзьма, Віцьма, у аснове якой ляжыць славянскае слова віць у значэнні “лазовы ці бярозавы дубец”, “нешта звітае, сплеценае, гнуткае, гібкае”. Магчыма, берагі ракі былі парослыя лазой.Другая версія. Паводле народных павер’яў, ведзьма — гэта жанчына, якая водзіцца з нячыстай сілай. Яна з’яўляецца адным з самых яркіх прадстаўнікоў славянскай дэманалогіі і сімвалізуе не только абстрактнае зло, але і можа выступаць сімвалам смерці. Верагодна, што так маглі назваць раку з той прычыны, што ў ёй часта тапіліся людзі. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, няшчасныя выпадкі на гэтай рацэ здараюцца вельмі часта.Трэцяя версія. Паходжанне назвы ракі непасрэдна абумоўлена яе прыродна-геаграфічнымі асаблівасцямі: рака мае непрадказальны характар, яе дно месцамі балоцістае, месцамі сустракаецца многа віроў і ям.Чацвёртая версія. Назва звязана з усходнеславянскімі традыцыямі. У прыватнасці, у старажытнаўкраінскіх пісьмовых крыніцах ХVIII стагоддзя апісваецца працэдура выпрабавання ведзьмаў вадой. Сутнасць выпрабавання заключалася ў тым, што жанчыну звязвалі (вялікі палец правай рукі прывязвалі да вялікага пальца левай нагі, а палец левай рукі прывязвалі да пальца правай нагі) і апускалі ў ваду. Калі яна апускалася на дно, то лічылі невінаватай. Такое выпрабаванне было абумоўлена тым, што вада ў нашых продкаў заўсёды лічылася святой, успрымалася як чыстая стыхія, якая не магла прыняць людзей, якія служаць нячыстай сіле.