Добрыя кнігі з дзвюх эпох

Источник материала:  
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякінах.
Добрыя кнігі з дзвюх эпох— Спадчына народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, лаўрэата розных прэмій, вядомага грамадскага і культурнага дзеяча Івана Пятровіча Шамякіна па праву належыць дзвюм эпохам, — так сказаў, адкрываючы ўрачыстую вечарыну ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, вядомы паэт Мікола Мятліцкі. Па яго словах, першая эпоха прыпадае на савецкі час, 1940-1980 гады, а другая, якая доўжыцца і цяпер, — на часы нашай дзяржаўнай незалежнасці. Сваімі надзённымі творамі Шамякін добра ўпісаўся ў абедзве эпохі.
Думку Міколы Мятліцкага прадоўжылі іншыя выступоўцы. Яны падкрэслівалі, што так бывае, калі пісьменнік не толькі крочыць у нагу з часам, але і апярэджвае яго, працуе на будучыню. Прапануючы сваім чытачам цікавую, вострасюжэтную кнігу на роднай мове, Іван Пятровіч адначасова падвышаў іх нацыянальную самасвядомасць. І сцвярджаў, што ў Беларусі ёсць патрыёты, з якіх можна і трэба браць прыклад. Ёсць вялікі чалавечы патэнцыял, які здольны даць багаты плён. Шамякіна чыталі не таму, што “абавязвала” школьная праграма, — яго творы вельмі прыцягальныя.
Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт Віктар Шніп, былы франтавік, а цяпер празаік Алесь Савіцкі, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” паэтэса Раіса Баравікова апавядалі пра розныя старонкі жыцця і творчасці класіка. Згадвалі яго дзяцінства на ўлонні прыроды, у леснічоўцы на Гомельшчыне, дзе працаваў яго бацька, і вучобу ў Гомельскім тэхнікуме будматэрыялаў. А яшчэ — пра ўдзел у вайне з фашысцкімі захопнікамі ў скла-дзе зенітна-артылерыйскай часці. Менавіта за дасведчаны расказ пра гэтую вайну ў рамане “Глыбокая плынь” аўтар быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР. Цікавы перыяд жыцця ў Шамякіна быў, калі ён кіраваў Саюзам беларускіх пісьменнікаў, затым выдавецтвам “Беларуская савецкая энцыклапедыя”, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета. І ўсюды пакінуў пра сябе добрую памяць. Па словах Алеся Савіцкага, пісьменнік застаўся воінам і ў пасляваенным жыцці, стаяў на пярэднім краі мірнага поля.
Выступаючы на вечарыне, я згадваў грамадзянскую смеласць Івана Шамякіна пад час працы ў выдавецтве, у прыватнасці, пры выданні шасцітомнага энцыклапедычнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”. Калі яго папярэднік вагаўся, выдаваць даведнік ці не, то Іван Пятровіч адразу пасля прызначэння на пасаду дырэктара выдавецтва зразумеў: такі дапаможнік патрэбен. І падтрымаў аўтарскі калектыў у нестандартным, адрозным ад маскоўскага, размяшчэнні звестак пра шматлікія пераклады беларускай літаратуры на іншыя мовы.
На вечарыне прысутнічалі, выступілі з цёплымі ўспамінамі дочкі пісьменніка — доктар філалагічных навук Таццяна Іванаўна і кандыдат філалагічных навук Алеся Іванаўна. Быў яго старэйшы ўнук Аляксей Анатольевіч. Можна было пагартаць кнігу ўспамінаў “Іван Шамякін — летапісец эпохі”, дэманстраваўся ўрывак з вядомага кінафільма, знятага паводле яго рамана “Глыбокая плынь”. І выстава з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кніг як самога Івана Шамякіна, так і прысвечаных знакамітаму пісьменніку таксама атрымалася цікавай і багатай.

Адам Мальдзіс

←Сказ пра Аляксея Скакуна, знакамiтага мужыка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика