“Каласы пад сярпом тваім”: праца над кінасцэнарыем завершана
“Каласы пад сярпом тваім”: праца над кінасцэнарыем завершана
Аляксандр жыве і працуе ў Кіеве. Але часам наведваецца і на радзіму. У адзін з такіх візітаў Аляксандр Качан пагадзіўся спецыяльна для чытачоў “НГ” адказаць на некалькі пытанняў.
— Аляксандр, як вы адрэагавалі на прапанову напісаць сцэнарый па раману Караткевіча?
— Канешне, пазітыўна. Спачатку з прапановай звярнулася галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм” Наталля Сцяжко. Затым было абмеркаванне з міністрам культуры Паўлам Латушкам. Задача ставілася няпростая. Калі я ўпершыню прачытаў твор, я не ўяўляў сабе, як можна напісаць сцэнарый, з чаго пачынаць. Але мне было цікава працаваць. І паступова я знайшоў выйсце.
— Адна справа пісаць сцэнарый з нуля, іншая — па ўжо вядомым творы...
— Гэта зусім розныя задачы. Я не першы раз пішу экранізацыю. Але ўпершыню — па творы, які мне па-сапраўднаму падабаецца. Калі ў іншых выпадках прыходзілася перасачыняць, то тут я пастараўся па максімуму зберагчы Караткевіча. Канешне, увесь раман не мог увайсці ў сцэнарый. Многія рэчы проста немагчыма перадаць у кіно. Але тое, што мажліва, я пастараўся перадаць. Асабіста майго ўмяшання там мала.
— Аляксандр, што для вас было самым складаным ў рабоце над сцэнарыем?
— Спякота, якая стаяла падчас напісання сцэнарыя. Немагчыма было працаваць. У мяне згарэў адзін ноўтбук. Другі я перазагружаў, паклаўшы на яго чатыры кілаграмы замарожанага мяса — інакш не хацеў пераўсталёўвацца Windows. Ды і ў цэлым праца над сцэнарыем аказалася досыць складанай.
Я больш люблю пісаць па начах. Днём можна падумаць-падумаць, а ноччу — ужо занатоўваць. Да таго ж днём на ўсё не хапала часу, я паралельна працаваў яшчэ над адным сцэнарыем. Прыходзілася сумяшчаць.
— Героі не блыталіся?
— Не. Гэта зусім іншы час, зусім розныя героі. Ды і як можна пераблытаць герояў Караткевіча! Яны вельмі свае, арыгінальныя, незвычайныя.
— У фільме будуць задзейнічаны ўсе героі “Каласоў”?
— Канешне, не ўсе. Таму што не ўсе лініі ў рамане раскрыты дастатковым чынам. А ў кіно немагчыма паказаць персанаж аднойчы і забыцца на яго. У фільме, напрыклад, не будзе брата Алеся Загорскага, персанаж якога ў рамане слаба развіты. Некаторых герояў я аб’яднаў.
— Чаго больш атрымалася ў сцэнарыі — кахання ці паўстання?
— Мабыць, кахання. Гістарычныя падзеі адлюстраваны там у меншай ступені. Таму што ў кіно мы не можам надта адыходзіць ад персанажаў. Фільм будуецца вакол галоўнага героя. Яго нельга надоўга адпускаць. Шмат увагі ў сцэнарыі надаецца станаўленню галоўнага героя, развіццю яго характара, адносінаў з роднай старонкай, народам...
— Наколькі складана было перадаць мову Караткевіча?
— Сцэнарый — гэта ў першую чаргу дыялогі. А моўныя асаблівасці Караткевіча ў большай ступені праяўляюцца ў апісаннях. Аднак і ў размовах герояў часам сустракаюцца досыць нязвыклыя словы. Замест звычайнага так — але, замест досыць — до. У такіх выпадках я аддаваў перавагу больш традыцыйным выразам, зразумелым сучаснаму чытачу. Большую частку дыялогаў я пакінуў на беларускай мове. Але тыя героі, якія не маглі размаўляць па-беларуску, як, напрыклад, паручнік Мусатаў, будуць размаўляць на рускай, польскай і французскай мовах.
— Караткевіч жа і сам пісаў сцэнарыі. Ваш атрымаўся ў духу класіка?
— Шчыра кажучы, мне складана супаставіць. Я бачыў “Чорны замак Альшанскі”, зняты па сцэнарыю Караткевіча. Але не скажу, што гэты фільм мне спадабаўся. Калі пісьменнік адаптуе ўласную прозу — гэта ўсё ж такі нешта іншае.
— Як вядома, “Каласы” — гэта незакончаны твор, планаваўся працяг. Ён бу-дзе ў кіно? Ці ваш сцэнарый закачваецца, як у Караткевіча?
— Амаль як у Караткевіча. Раман абарваны. І гэта мяне насцярожвала спачатку. У фінале твора ёсць прадчуванне паўстання. Я вырашыў закончыць свой сцэнарый вяселлем Алеся і Майкі, развязкай іх кахання. Фінал атрымаўся, хоць ён, натуральна, не зусім закрыты. Для тых, хто мала ведае пра паўстанне 1863—1864 гадоў, магчыма, ён будзе не зусім зразумелы. Але, думаю, такіх — адзінкі. Бо і “Каласы”, і гісторыю паўстання падрабязна вывучаюць у школе. Да таго ж на працягу сцэнарыя галоўны герой Алесь знаходзіцца ў кантэксце гістарычнай барацьбы. І, я думаю, гэта дастаткова адлюстроўвае і паслядоўнасць падзей, і атмасферу таго часу, і настрой людзей. Дарэчы, я закончыў лінію Чорнага Войны. Гэта важны персанаж, які сімвалізуе рамантычны бунт. Такі байранаўскі герой, адзіночка, які супрацьстаіць сістэме. Яго час заканчваецца, ён гіне. Якім чынам, не буду пакуль што расказваць.
— Магчыма, вы ўжо кагосьці ўяўляеце ў ролі герояў?
— У падборы акцёраў я поўнасцю давяраю Мікалаю Пінігіну, які мяркуецца на ролю пастаноўшчыка. Ён цалкам кампетэнтны ў гэтым пытанні. А я, прызнацца, нават не задумваўся аб акцёрах. Хаця, думаю, тут могуць быць пэўныя праблемы. Калі мы рабілі з Андрэем Кудзіненкам фільм “Масакра”, то аказалася, што ў Беларусі — вялікі недахоп арыстакратычных тыпажоў. Але, думаю, Мікалай, які добра ведае магчымасці беларускіх артыстаў, зможа рашыць гэту праблему.
— Фільм яшчэ не пачалі здымаць. Але многія ўжо гавораць, што ён можа стаць нацыянальным кіно. Як вы думаеце, Аляксандр, чаму?
— Таму што Караткевіч у першую чаргу гэта наш нацыянальны здабытак. Ён сыграў важную ролю ў фарміраванні самасвядомасці беларусаў. У нашым грамадстве доўгі час бытаваў вобраз беларуса-селяніна ў лапцях. Караткевіч паказаў гісторыю Беларусі як гісторыю шляхетнага і адукаванага народа.