На роднай зямлі

Источник материала:  
Радзівілы, якія жывуць у Польшчы, сваёй Бацькаўшчынай лічаць Беларусь
На роднай зямліНягледзячы на тое, што калісьці Радзівілы валодалі маёнткамі ў Літве, Польшчы, Украіне, менавіта Беларусь яны лічаць сваёй першай радзімай. І жывучы цяпер у Польшчы, на пытанне аб тым, хто вы па нацыянальнасці, адказваюць: “Мы — тутэйшыя”.
У нашай краіне кожны школьнік ведае гэтае прозвішча, ды яшчэ цяжка звыкнуцца з думкай, што Радзівілы — не легенда, не гісторыя, а рэальныя людзі, якія жывуць і сёння. У Беларусі іх імем называюць сеткі супермаркетаў, прадукты, Радзівілам належалі раней Нясвіжскі і некаторы час Мірскі замкі, унесеныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Між тым даследчыца Вольга Бажэнава сцвярджае, што калі казаць пра мінулае Бацькаўшчыны, то давядзецца ў многіх выпадках ставіць знак роўнасці паміж Радзівіламі і Беларуссю — так шчыльна злучаны між сабой гэтыя паняцці. Бажэнава і стала ініцыятарам выдання альбома з партрэтамі 165 прадстаўнікоў роду “некаранаваных каралёў” Беларусі. Арыгінал альбома XVIII стагоддзя захоўваецца ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным архіве. І мала было алічбаваць старадаўнія гравюры, давялося ўзнавіць біяграфіі герояў мінулых часоў. Да праекта падключыліся спецыялісты з Польшчы, Літвы, якія вывучаюць генеалогію Радзівілаў. Арыгіналаў альбома гравюр — усяго 8 асобнікаў па свеце. І толькі ў Мінску кніга дапоўнена яшчэ і малюнкамі пачатку XIX стагоддзя віленскіх майстроў.
Тым часам Таццяна Бялова, дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, якое перавыдала старадаўні фаліянт, разам з калегамі рыхтуе даведнік “Радзівілы”. Яна гаворыць, што ідэя гэта цікавая, яна мае дзяржаўную падтрымку, таму ўпэўнена, што з часам пачынанне рэалізуецца. А Мацей Радзівіл, нашчадак у 14-м калене Радзівіла Сіроткі, заснавальніка нясвіжскіх замка і касцёла Божага цела, наведваючы гістарычную радзіму, не хаваў здзіўлення: “Цяжка ўявіць, як многа людзей у Беларусі займаюцца гісторыяй маёй сям'і! Я стараюся бываць штогод па некалькі разоў у Нясвіжы, і прызнаюся: для мяне гэта не проста паездкі на Бацькаўшчыну. Гэта паломніцтва — як на святую зямлю”.
Радзівілы цяпер збіраюць рэчы, каб перадаць адрэстаўраванаму Нясвіжскаму замку для аздаблення яго інтэр’ераў. Нічога дзіўнага: у гэтым родзе заўсёды было многа мецэнатаў і неабыякавых да мастацтва людзей, пра што сведчыць і выдадзены альбом. Дарэчы, варта згадаць: адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” пабачыў свет выключна дзякуючы фінансавай дапамозе княгіні Магдалены Радзівіл. І ў той час гэта быў таксама інтэрнацыянальны праект, бо збор твораў геніяльнага паэта выйшаў у віленскай друкарні літоўца Марціна Кухты.
Выданне “Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII–XIX стагоддзяў”, як лічыць Т. Бялова, стане прыгожай аздобай любой бібліятэкі, і публічнай, і хатняй: “Перавыдадзены намі альбом фамільных партрэтаў князёў Радзівілаў “Icones familiae ducalis Radivilianae” — кніга для аматараў класічнага мастацтва, прыхільнікаў высокай еўрапейскай культуры”. Мацей Радзівіл павёз некалькі кніг у Польшчу. Ён хоча, каб надрукаваную ў Мінску кнігу меў кожны прадстаўнік славутага роду, дзе б ён ні жыў.

Віктар Корбут

←Летапiсец эпохi

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика