Лепшыя беларускія кнігі 2010 года

Источник материала:  
12.01.2011 10:54 — Новости Культуры

Лепшыя беларускія кнігі 2010 года


У дзяцінстве мне здавалася, што пісьменнікі — гэта нейкія выключныя людзі, якія і ведаюць больш, і адчуваюць больш тонка, чым другія. Але прафесія крытыка пераконвае мяне ў тым, што далёка не ўсе, хто прымервае на сябе пісьменніцкія лаўры, насамрэч з'яўляюцца пісьменнікамі. Іначай як вытлумачыць той факт, што робячы гадавыя рэйтынгі беларускіх выданняў, увесь час сутыкаюся з хранічнай адсутнасцю такога мастацкага твора, які б захацелася абвясціць бясспрэчным бестселерам, кнігай абавязковай для пакупкі і прачытання? І ўсё ж варта назваць імёны тых, хто парадаваў.

Самая арыгінальная кніга года — "Ладдзя роспачы" Ул. Караткевіча. Гэта сапраўды ўнікальная кніга! У ёй можна пабачыць сам рукапіс, чарнавыя накіды, невядомыя фотаздымкі Караткевіча, а таксама тыя 296 правак, якія зрабілі цэнзары ў невялікім, але бліскучым творы класіка прыгодніцкага жанру за савецкім часам. Ідэя выдання такой кнігі цалкам належыць Глебу Лабадзенку, які, да ўсяго, арганізаваў збор сродкаў на такі ўнікальны праект. Дарэчы, гэта ўжо не першы выпадак, калі малады паэт і журналіст атрымлівае народную дапамогу на свае добрыя справы. На мой погляд, няма нічога важнейшага ў літаратуры, чым жывая сувязь пісьменнікаў і чытачоў.

Лепшая кніга прозы — "П'яўка" Юрыя Станкевіча, напісаная ў жанры раман-папярэджанне. Той, хто ўжо сутыкаўся з антыўтопіямі гэтага аўтара, адчуе пэўнае дэжавю. Бо вобразы Сімуляцыі, Еўрабіі, Мегаполіса, квазіэлояў і працаробаў ужо не раз з'яўляліся на старонках твораў гэтага пісьменніка, у тым ліку і ў яго апошніх "Эрыніях". На мой погляд, Станкевіч — тыповая ахвяра футуролагаў з іх постапакаліптычнымі застрашваннямі. Але піша ён вострую, актуальную прозу з займальным сюжэтам. І хоць, на мой густ, яго тэксты перагружаныя навуковымі і псеўданавуковымі фактамі, расісцкімі і гомафобнымі выпадамі, але, прынамсі, ён адзіны, хто не баіцца зазірнуць у будучыню. На тле інфантыльных пісак-"элояў", Станкевіч — чорнарабочы заўтрашняй літаратуры.

Лепшая кніга прозы для падлеткаў — "Урокі першага кахання" Валерыя Гапеева. Тры аповесці, якія ўвайшлі ў кнігу, цяжка, безумоўна, параўноўваць з нашумелай "Школай" Валерыі Гай Германікі, але, тым не менш, чытво атрымалася яркім, цікавым, актуальным. Як чалавек, які пачынаў працаваць настаўніцай у звычайнай сярэдняй школе, я рэкамендавала б гэты твор для абмеркавання на ўроках пазакласнага чытання. Кніга будзе карысная і бацькам, і настаўнікам — не толькі як мажлівасць успомніць, што сённяшнія падлеткі жывуць па законах дарослага жорсткага свету, але і дзякуючы невялічкаму слоўніку, у якім тлумачацца паняцці свету віртуальнага. Адзіным мінусам выдання з'яўляецца яго "недзіцячы" кошт.

Лепшая кніга прозы для аматараў нацыянальнай гісторыі — "Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды" Ігнацыя Яцкоўскага. Каб адкрыць аўтарства "Аповесці з майго часу...", літаратуразнаўцам спатрэбілася сорак гадоў. Ігнацы Яцкоўскі — 36-гадовы наваградскі адвакат, які вясною 1831 года далучыўся да Літоўскага паўстання, вынікам чаго стала 25 гадоў эміграцыі. "Аповесць...", напісаную на пачатку 50-х гадоў ХІХ ст., можна лічыць гістарычным творам, бо мастацкі час пачынаецца ў канцы ХVІІІ ст., а заканчваецца падзеямі ў знакамітым Крашыне 1828 года. Асноўная сюжэтная лінія заснаваная на сямейна-побытавай драме з прыгодніцкімі элементамі. У "Аповесці..." шмат успамінаў пра чутае і бачанае аўтарам, але гэта не мемуары, а, хутчэй, лірычныя адступленні, якія ствараюць каларыт той эпохі, у якую жывуць героі. Пераклад, пасляслоўе і каментар зроблены Міколам Хаўстовічам.

Лепшы празаічны дэбют — кніга Наталкі Харытанюк "Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката". Самае неверагоднае ў гэтым выданні тое, што маладая аўтарка дэбютавала ў такім складаным жанры, як філасофская проза. Так, ведаю — гэты жанр "на аматара"... "Трынаццаць гісторый..." — кніга пра "здзіўленне, якое не вымагае ніякіх пошукаў і тлумачэнняў"... Пра тое, чаму "перамога не адрозніваецца ад паразы"... Пра загадкі, знікненні і тайны, якія адбываюцца адно ў размовах двух любячых людзей. Адзінай праблемай гэтых філасофскіх дыялогаў застаецца герметычнасць прасторы, на якой жывуць і спрачаюцца інтэлектуальна заклапочаныя персанажы кнігі... Але калі вы любіце прозу цяжкую для разумення, але лёгкую і нават зграбную па форме, то гэтая кніга для вас.

Лепшыя кнігі паэзіі — "Новае неба" Адама Глобуса і "Несымэтрычныя сны" Андрэя Хадановіча. Гэтыя аўтары застаюцца лідарамі чытацкіх сімпатый, але яны настолькі розныя, што цяжка выбраць паміж імі. Глобус у "Новым небе" прадстаўляе як вершы ранейшай пары, так і зусім новыя, але і тыя, і другія напісаны ў класічным для нашай літаратуры ключы. Хадановіч у новай кнізе чарговы раз пацвярджае сваю славу наватара.

Лепшая навуковая кніга, якая будзе цікавай не толькі гісторыкам-прафесіяналам, — шасцісотстаронкавы фаліянт Наталлі Гардзіенкі "Беларусы ў Вялікабрытаніі". Сваёй задачай даследчыца бачыла найбольш шырокае асвятленне разнастайных формаў і праяваў беларускага жыцця ў згаданай краіне і, у першую чаргу, гісторыі беларускіх арганізацый — грамадскіх, культурна-асветных, рэлігійных, вайсковых. Дзякуючы тытанічнай працы ў архівах, якую правяла Гардзіенка, чытач мае магчымасць адчуць унікальную атмасферу, у якой нашы былыя суайчыннікі змагаліся за захаванне і папулярызацыю нашай нацыянальнай культуры ва ўмовах іншамоўнага асяроддзя.

Лепшыя мемуары — дзясяты том Збора твораў Максіма Танка. Нават дзіўна, якой павучальнай і своечасовай кнігай могуць стаць дзённікі савецкага часу... Па-першае, іх можна разглядаць як сумную сямейную сагу пра росквіт і заняпад вялікай шчаслівай сям'і. Па-другое, з гэтага тома можна даведацца акалічнасці, у якіх адбываліся тыя ці іншыя літаратурныя падзеі мінулага. Ну і паглядзець на калег-пісьменнікаў вачыма чалавека, якога проста бессаромна выкарыстоўвалі для рашэння сваіх дробных утылітарных праблем... Але самае цікавае ў дзённіку — згадкі і палеміка са сваімі паплечнікамі і сябрамі, тымі, хто сёння па праву ўваходзіць у пантэон нацыянальнай літаратуры. Напрыклад, чытачы могуць даведацца, што Максім Танк лічыў аўтарам культавай паэмы "Сказ пра Лысую гару" Міколу Аўрамчыка, зашыфраванага ў дзённіку як "М.А.".

Лепшая кніга крытыкі — "Сыс і кулуары" Леаніда Галубовіча. Апошнім часам ловіш сябе на думцы, што пра літаратуру цікавей чытаць, чым чытаць саму літаратуру. Цяжка не пагадзіцца з той ацэнкай, якую дае адзін з нашых самых аўтарытэтных крытыкаў стану сучаснай беларускай крытыкі: "Крытыка з д з я ц і н е л а і, як немаўлё, жэстам альбо крыкам спрабуе паказаць сваё ўспрыманне салодкага ці горкага (гэта смачнае, тое нясмачнае, гэта мастацкае, а тое не...) Даўно ўжо няма ўцямнага тлумачэння т а г о — мастацкага, на якое яна паказвае пальцамі, і няма прадчування і вызначэння новых творчых накірункаў". Варта адзначыць, што сёння гэтая кніга Галубовіча — ці не лепшы даведнік па актуальнай беларускай літаратуры.

Лепшая кніга гутарак і інтэрв'ю — "З апокрыфа ў канон" Алеся Разанава. Літаратурныя нататкі жывога класіка беларускай літаратуры не менш цікавыя за яго авангардную паэзію, хоць, зразумела, адрасаваныя яны спакушанай публіцы.

За год выйшла шмат цікавых і патрэбных кніг... І ўсё ж з сумам падсумую — выбар у нашага чытача, нягледзячы на вялікую колькасць выданняў, не такі і вялікі. І ўсё ж я не губляю надзею, калі-небудзь прачытаць сваю і д э а л ь н у ю беларускамоўную кнігу.

←Раймонд Паулс отмечает сегодня 75-летний юбилей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика