N.R.M. адправілі Вольскага ў “бестэрміновы адпачынак” без ягонага ведама
10.01.2011 21:39
—
Новости Культуры
N.R.M. адправілі Вольскага ў “бестэрміновы адпачынак” без ягонага ведама
Лідар легендарнага беларускага рок-гурта NRM Лявон Вольскі ўражаны заявай калегаў аб тым, што ён “знаходзіцца ў бестэрміновым адпачынку”. Музыка называе дзеянні сяброў па гурту незразумелымі ды выбачаецца перад сваімі прыхільнікамі.
Чуткі аб тым, што гісторыя “дыназаўраў айчыннага року” NRM падыйшла да завяршэння, ходзяць даўно. Ад часу выхаду апошняга альбома гурта “06” мінула амаль чатыры гады. Апошні раз на сцэну міністры “Незалежнай Рэспублікі Мроі” выходзілі год таму.
Праўда, у снежаньскім інтэрв’ю TUT.BY Лявон Вольскі, які апошнім часам засяродзіўся на працы з “Крамбамбуляй” і сольнымі праектамі, хуткую смерць каманды адкінуў: “NRM надыдзе канец, калі пра гэта абвесцяць на прэс-канферэнцыі”.
Прэс-канферэнці пакуль не было, аднак хваравітае пытанне ў чарговы раз усплыло ў звязку з 15-й “Рок-каранацыяй”, якая мае адбыцца ў Мінску 18 лютага.
10 студзеня “Наша ніва” паведаміла сенсацыю: на "Рок-каранацыі" NRM выступіць без Лявона Вольскага. Гэтую інфармацыю газеце пацвердзіў гітарыст гурта Піт Паўлаў. "Ён узяў "бестэрміновы неаплачваны адпачынак", — патлумачыў Паўлаў, дадаўшы, што астатнія тры музыкі будуць "сваімі сіламі" яго замяняць.
Сам Вольскі заявай калегаў ўражаны. З гэтай нагоды ён звярнуўся да слухачоў і прыхільнікаў NRM праз партал TUT.BY, “каб не каментаваць потым кожнаму тое, што пракаментаваць немажліва”.
“Для мяне і цяпер вельмі цяжка. Цяжка на душы. Найперш ад таго, што адбываецца ў краіне. А таксама цяжка з прэсы даведвацца пра тое, што я знаходжуся ў бестэрміновым адпачынку, куды мяне адправілі калегі па гурту.
Даруйце, прашу Вас, ім гэты крок у гэты час. Даруйце мне, што гэткая сітуацыя сталася мажлівай.
Безумоўна, для ўсяго гэтага былі нейкія перадумовы, але папярэдне не патэлефанаваць і не параіцца — гэта неяк зусім не па-чалавечы.
І яшчэ раз прашу Вас: даруйце ўсім нам, датычным да гэтае абсурдовае падзеі, што яна адбылася!”