Ларынскiм курсам
Бабруйскаму мастацкаму каледжу прысвоена iмя яго былога дырэктара
З гэтай нагоды ў навучальнай установе адбыўся ўрачысты сход, у якiм прынялi ўдзел педагогi, навучэнцы, шматлiкiя госцi. У адрас былога дырэктара было выказана шмат цёплых слоў, гучалi задушэўныя ўспамiны.
— Я асабiста добра ведаў Аркадзя Ягоравiча Ларына, — адзначыў начальнiк упраўлення адукацыi Магiлёўскага аблвыканкама Леанiд Сматрыцкi. – Ён ведаў, што i як рабiць, куды далей весцi навучальную ўстанову. Нездарма ён – доктар педагагiчных навук, прафесар — адзiны такi ў сiстэме прафтэхадукацыi. Як семiнар цi вучоба – у Бабруйск, да Ларына! З усяго былога Саюза сюды ехалi госцi. Колiшняе вучылiшча № 15 было, што называецца, на слыху. Якраз у многiм дзякуючы Ларыну, педагагiчнаму калектыву, якi ён па крысе збiраў i беражлiва захоўваў. Не злiчыць, колькi выпускнiкоў выйшла з «пят-
нашкi». Навучацца тут было за гонар: яно давала грунтоўныя веды амаль па дзясятку творчых спецыяльнасцей. Ларын сорак гадоў узначальваў навучальную ўстанову. Вось чаму, калi мы стваралi музей, прысвечаны сiстэме вытворча-тэхнiчнага навучання Магiлёўскай вобласцi, то Аркадзю Ягоравiчу адвялi цэлы стэнд. А калi такога адметнага педагога i чалавека не стала, у калег, паслядоўнiкаў узнiкла думка ўвекавечыць ягоную памяць – назваць вучылiшча яго iменем.
Ларын быў глыбокi, роздумны чалавек, далёка зазiраў наперад. Пры iм былi абсталяваны сучасныя кабiнеты, вытворчыя майстэрнi, створаны аж тры музеi.
Ён укараняў перспектыўныя напрамкi ў навучанне. Лепшыя навучэнцы ўдзельнiчалi ў выставах, якiя праводзiлiся ў Канадзе, Фiнляндыi, ужо не кажучы пра краiны былога сацлагера, удастойвалiся там высокiх ўзнагарод i званняў.
У Ларына было, як кажуць, асобае пачуцце на кадры: выкладчыцкую работу вялi людзi апантаныя. Дастаткова назваць Эдуарда Мiрановiча, якi на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў працаваў намеснiкам дырэктара па навучальнай рабоце, удастоены ганаровага звання «Заслужаны настаўнiк БССР». Цi майстар вытворчага навучання Мiхаiл Самбур, якi за сваю самаадданую працу адзначаны ордэнам Працоўнай Славы. Былы майстар-керамiст вучылiшча Юрый Боўда – лаўрэат прэмii «За духоўнае адраджэнне».
Ну а прыклад падаваў сам дырэктар. На яго рахунку некалькi падручнiкаў, адзiн з якiх – «Эстэтычнае навучанне» — з поспехам выкарыстоўваецца i цяпер у навучальна-выхаваўчым працэсе.
Адзначым, што Ларын – удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны. Ён даслужыўся да звання маёра, адзначаны ордэнам Айчыннай вайны, медалём «За баявыя заслугi», шэрагам iншых узнагарод. У пасляваенны час як застаўся ў Бабруйску, дык i працаваў усё сваё жыццё на нiве асветнiцтва, педагогiкi.
Раней не так проста было трапiць вучыцца ў мастацкае вучылiшча, бо быў вялiкi конкурс: яно давала глыбокiя веды, служыла своеасаблiвым трамплiнам для набыцця больш высокай адукацыi.
Вучылiшча, якое цяпер перайменавана ў каледж, жыло i будзе жыць, таму што выпускае патрэбных для розных галiн народнай гаспадаркi спецыялiстаў, тут жывуць традыцыi, закладзеныя Ларыным. I добра, што навучальная ўстанова ў падзяку за самаадданую працу i прадбачлiвасць Аркадзя Ягоравiча будзе насiць яго iмя. Безумоўна, на многiя гады!