Сярод экспанатаў Мірскага замка — жывыя галубы, прасік і крылаты гусар!
Сярод экспанатаў Мірскага замка — жывыя галубы, прасік і крылаты гусар!
BLOG.TUT.BY Аднаўленне Мірскага замка ішло каля трыццаці гадоў — што для пяцісотгадовага замка насамрэч няшмат. Але ў выніку ўсё здавалі аўральна — экспазіцыю музейшчыкі арганізавалі за 17 дзён, чым, лічу, здзнейснілі сапраўдны подзвіг.Першапачаткова планавалася адкрыць замак у сакавіку — так усё і было разлічана. Пасля сітуацыя змянілася, і планы падкарэкатаваліся. У выніку замак быў адкрыты 16 снежня.
Што казаць — цяпер тут ёсць на што паглядзець. Раней галоўным экспанатам быў сам замак — а ў беднай экспазіцыі адной-дзвюх вежаў можна было пабачыць, умоўна кажучы, тры цагліны ды два ядры. Сітуацыя крута змянілася.
Магілёўскі ліфт у 500-гадовым замку
Першае, што вы пабачыце пры ўваходзе ў замак ХVІ стагоддзя, будзе... магілёўскі ліфт. Менавіта такі, як у вас у пад'ездзе! І колеру такога ж самага. А абапал дзвярэй — плітачка, як у прыбіральні, з жалезнай кветачкай у цэнтры. Пэўна, Радзівілы, Ільінічы, Вітгенштэйны ды Святаполк-Мірскія і марыць пра такі не маглі!
Не падабаецца турыстам толькі адно — прыбіральня і "дзірка ў падлозе".
Другая, але вельмі непрыемная драбяза — прыбіральня ў замку. Дакладней, яе адсутнасць — для турыстаў. Каля гардэроба вы пабачыце прыбіральню, загароджаную крэслам і зачыненую на замок.
— Гэта службовая, а для турыстаў — на валах, — паведаміць вам гардэробшчыца. "На валах" — гэта за 100 метраў ад самога замка, пры ўваходзе на тэрыторыю. Там вы пабачыце дзікунскі жах — "дзірку ў падлозе", як на чыгуначным вакзале ў горадзе-героі Мінску. Дарэчы, усё чыста, ахайна, платна (600 рублёў). Але ўнітазаў як такіх няма! Я не ведаю, як правільна называюцца гэтыя пісуары, уманціраваныя ў падлогу. І як нармальнаму чалавеку справіць тут вялікую патрэбу. Альбо жанчыне ва ўзросце. Такую заўвагу зрабіла яшчэ 92-гадовая пані Эльжбета Радзівіл у час мінулагодняга наведвання замка. "Звязда" пісала пра гэта, але ніхто не прыслухаўся. Няўжо цяжка, уклаўшы столькі грошай у аднаўленне замка, паставіць 5-6 унітазаў?.. Даруйце, вядома, за такія адступленні, але ўражанне гэта псуе здорава.
Дарэчы, супрацоўнікі патлумачылі мне сітуацыю па-рознаму. Адны кажуць, што турыстаў не пускаюць, каб смуроду не было. Іншыя шчыра прызнаюцца, што ў замак пакуль не нанялі прыбіральшчыц, таму няма каму мыць гэтыя прыбіральні. У размове з карэспандэнтам "Звязды" кіраўніцтва Мастацкага музея (яго філіялам з'яўляецца замак) паабяцала вырашыць пытанне.
"У будучым будзем наліваць турыстам медавуху!"
Хопіць пра дрэннае, ідзём глядзець экспазіцыю. Распрануўшыся, вы пойдзеце аглядаць гаспадарчую частку ў падвале. Даволі цікава, асабліва калі вы ніколі не былі ў вёсцы і не бачылі старадаўніх прадметаў побыту. Для сучасных гарадскіх дзетак — важная рэч! І рэдкая магчымасць замест пластыкавай бутэлькі пабачыць сапраўдны гліняны збан, замест кошыка ў гіпермаркеце — агромністы плецены кош для збожжа, а замест пластыкавага кубачка з закусачнай — парцалянавы кубак з гербам Радзівілаў. Напачатку здзіўляе, што экспанаты не падпісаны.
— Мы зрабілі гэта свядома, — кажа Надзея Усава, намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. — Каб не разбураць цэльнае ўспрыняцце экспазіцыі. Калі наляпіць паперак — людзі будуць чытаць паперкі. А мы хочам, каб людзі бачылі гаспадарчы пакой, прылады працы, старадаўнюю кухню, вінны склеп... Прачытаць дзе што, можна будзе на спецыяльных стэндах і электронных гідах. А ўвогуле пра гэта турысты павінны даведвацца ад экскурсавода, каб было адчуванне, што вы "падглядаеце" за побытам таго часу, а не проста прыйшлі ў музей. Таксама рыхтуем адмысловыя буклеты для адзінкавых наведнікаў. Узяў буклет — і ідзі аглядай.
Відавочна, што некаторыя рэчы — старыя (збаны, кошыкі, некаторы посуд, прылады працы), а некаторыя — новыя (бочкі, паліцы, мэбля, кубкі). Што цікава, старыя рэчы зробленыя на стагоддзі — імі можна карыстацца і цяпер. А новыя бочкі ўжо развальваюцца — я сфатаграфаваў, што з дзвюх бочак ужо звальваюцца абады. І гэта пры тым, што ў іх нічога не наліваюць!
— Дзякуй, што звярнулі ўвагу... — кажа спадарыня Надзея. — Я ўжо высвятляла гэтае пытанне. Рэч ў тым, што наглядчыкі не выканалі нашай рэкамендацыі паставіць у пакой ваду — каб там была адпаведная вільготнасць. У выніку ад ацяплення бочкі і пачалі рассыхацца. Гэта будзе выпраўлена. Дарэчы, у будучым экспазіцыя павінна "ажыць": мы спецыяльна пакінулі месца, каб садзіць групы турыстаў за стол і частаваць кашаю, медавухаю (з кавярні, якая размесціцца наверсе). Паглядзелі турысты, як гэта рабілася, — паспытайце! У іншых музеях і замках падобныя рэчы карыстаюцца вялізнай папулярнасцю. Стагоддзі ажываюць на вачах у гасцей!
Самы каштоўны экспанат замка... сцяна!
— А гэта на падлозе — вось Еўропы, — не без гонару звяртае вашу ўвагу ахоўнік музея на мазаіку перад названым вышэй ліфтам. Насамрэч, гэта здорава, што ён шчыра перакананы ў гэтым. І не ўздумайце спрачацца! Кожная еўрапейская краіна мае свой "цэнтр Еўропы", "вось Еўропы" і гэтак далей. А ў Беларусі іх нават некалькі!..
Вы падымаецеся наверх і трапляеце ў першую залу — тут будуць праходзіць часовыя выставы мастакоў. Творы збольшага прысвечаныя Мірскаму замку. У цэнтры залы — велізарны макет-праект аднаўлення гродзенскага Старога замка. Уражвае! Хоць некаторыя элементы выклікаюць пэўную трывогу — ад "цыбуліны" над брамаю да сённяшніх аўтэнтычных парэштак замка, якія на макеце падзеліся невядома куды.
Далей ідуць залы, прысвечаныя ўладальнікам замка ў розныя часы — Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам, Святаполк-Мірскім... Аўтэнтычных рэчаў вельмі мала, таму экспазіцыя выглядае даволі бедна. На гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны. Па-першае — перад пачаткам рэстаўрацыі замак стаяў у вусцішным стане: добра захаваліся толькі вежы, ад сённяшняга музейнага корпуса стаялі чатыры сцяны без перакрыццяў, не захаваўся ніводзін пакой. Таму аднаўлялася ўсё з нуля, сапраўдных прадметаў з замка практычна не захавалася. Па-другое, архіўныя дакументы ХVІ-ХVІІ стагоддзя нельга вешаць на адкрытае святло — яны сапсуюцца. Па-трэцяе, большасць дакументаў цяпер знаходзіцца за мяжой. І даследчыкам удалося прывезці з таго ж Варшаўскага архіва даўніх актаў толькі копіі, што таксама ўдача.
Троху далей — вітрыны са зброяй: шаблі, пісталеты, стрэльбы. Сярод іх — бліскучыя копіі сярэднявечных шабляў працы вядомага майстра Генадзя Асташонка (яго творы ўпрыгожваюць Нацыянальную бібліятэку і мінскую ратушу). Тут жа стаяць адноўленыя беларускімі майстрамі даспехі рыцараў.
— Гэта яшчэ далёка не ўсё, што будзе ў экспазіцыі!.. — кажа Надзея Усава. — Рэч ў тым, што замак яшчэ не атрымаў спецыяльнай ліцэнзіі, каб экспанаваць старадаўнюю зброю і сапраўднае срэбра. Бо для гэтага трэба і адпаведныя меры бяспекі, і вітрыны, і антывандальныя прыстасаванні. Мяркую, гэта пытанне трох-чатырох месяцаў.
Ведаеце, які экспанат, на маю думку, самы каштоўны ў гэтай частцы экспазіцыі? Сцяна! Справа ў тым, што рэстаўратары і музейшчыкі паступілі вельмі добра — на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў замка пакінулі знешнюю сценку непатынкаванай і непафарбаванай. Гэта нетыпова для беларускай манеры аднаўлення помнікаў архітэктуры. Звычайна назіраецца дзікунскае імкненне, каб усё было "прыгожанька" і блішчэла. А тут — сапраўдная сцяна, з выбоінамі, аўтэнтычнай кладкай, якую можна разглядаць вельмі доўга, угадваючы трагічныя і гераічныя закуточкі яе памяці і гісторыі...
Радзівіл Сіротка ці Фелікс Дзяржынскі?..
У наступных залах — шматлікія копіі карцін як з Нацыянальнага мастацкага музея, так і з замежных музеяў. Копіі, на маю думку, сумніўнай якасці. Мікалай Радзівіл Сіротка, напрыклад, падазрона падобны да Фелікса Дзяржынскага. Многія іншыя карціны ну ніяк не пасуюць па сваёй якасці да музея нацыянальнага значэння, выглядаюць досыць правінцыйна, па-аматарску...
— З карцінамі ёсць пытанні, — кажа Надзея Усава. — Па-першае, недапушчальна абрабаваць Нацыянальны мастацкі музей і адвезці арыгіналы на перыферыю. Галоўны мастацкі музей краіны павінен адпавядаць свайму статусу. Па-другое, замак толькі-толькі здадзены. Немаведама, як ён павядзе сябе ўзімку, калі будуць перапады тэмпературы. Таму пра арыгіналы карцін казаць пакуль не выпадае. Мы змясцілі туды арыгіналы, напрыклад, металічных прадметаў, бо з імі дакладна нічога не здарыцца. З найкаштоўнейшых экспанатаў хачу назваць унікальныя фламандскія шпалеры (габелены) ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Такіх больш няма ў Беларусі! Таксама — рогі тура, якіх у краіне ўсяго захоўваецца два экзэмпляры, прычым другі — не ў вельмі добрым стане.
...Як вопытнаму турысту, мне не хапіла ў замку аднаго: згадкі, што гэта не проста музей, а дом, дзе цягам стагоддзяў жылі людзі. Ад гэтага ў замку не засталося і следу. Музей, экспанаты — гэта, безумоўна, добра. А дзе пакой князя? А дзе спальня? А дзе прыбіральня? Ці князь не спаў і ў прыбіральню не хадзіў? Вы скажаце: "Якая прыбіральня ў музеі"!? Прывяду вам два прыклады. Не так даўно мне давялося быць у некалькіх еўрапейскіх палацах-музеях. У палацы Сан-Сусі пад Берлінам ваш карэспандэнт, даруйце за падрабязнасці, пасядзеў на сапраўдным унітазе Фрыдрыха Вільгельма і пабачыў сапраўдную ванну, у якой той мыўся. Вось гэта — цікава! Вось гэта — жывая гісторыя! А ў палацы Радзівілаў у Небарове (90 км ад Варшавы), куды я меў гонар паехаць разам з пані Эльжбетай Радзівіл, мне таксама паказалі сапраўдную спальню Януша Радзівіла, у куточку якой ёсць сапраўдная прыбіральня. Вось — "цымус" музея! У наведніка павінна быць адчуванне, што музей месціцца не ў панэльнай халупе, а менавіта ў тым замку, дзе жылі Радзівілы і Святаполк-Мірскія! На вялікі жаль, у нашых музейшчыкаў такіх паняткаў няма. Экспазіцыі робяць добрыя, але гэта экспазіцыі МУЗЕЯ, а не ДОМА, дзе жылі людзі...
Што яшчэ здзівіла — крывыя столі ў некаторых залах. Вы, пэўна, бачылі па тэлевізары, прыгожыя столі "як у Вавелі", адноўленыя ў сталовай зале. Падняўшы галаву, я падумаў, што ў мяне нешта са зрокам. Абы-як! Крыва-крыва! Ячэйкі на столі выкананыя ў форме васьміграннікаў. І самі па сабе яны вельмі прыгожыя. Але паколькі яны размешчаны непаралельна адзін аднаму, то нават у непадрыхтаванага турыста застанецца шмат пытанняў...
Дык ехаць ці не ехаць у Мірскі замак?
Безумоўна ехаць! Падсумоўваючы. За час, які быў адведзены музейшчыкам, яны зрабілі цуд: прыстойную экспазіцыю, якую можна з цікавасцю аглядаць некалькі гадзін. Шмат пытанняў выклікае якасць аздабленча-дэкаратыўных прац. Не хапае старых экспанатаў, хоць неяк звязаных з замкам. Не хапае адчування, што там жылі людзі, што замак будаваўся не як музей. Сапраўды, многія рэчы заўважаць і будуць крытыкаваць толькі культуролагі, мастацтвазнаўцы і некаторыя асабліва ўважлівыя журналісты. Звычайнаму турысту будзе цікава і, упэўнены, спадабаецца. Пры ўмове, вядома, што гэты турыст не аб'ехаў перад гэтым тузін замкаў па ўсёй Еўропе. У параўнанні з куляю, якой забілі эрцгерцага Франца Фердынанда і ад якой пачалася Першая сусветная вайна (куля захоўваецца ў замку Канопіштэ ў Чэхіі) тут такіх экстра-экспанатаў бракуе. З іншага боку, калі глядзець на сітуацыю рэальна і ацэньваць не ў абсалюце, а ў параўнанні з іншымі нашымі аб'ектамі — усё зроблена даволі прыстойна.
...А калі будзеце хадзіць па замку — дам вам параду — не глядзіце толькі на экспанаты і подпісы да іх. Замак — менавіта ён застаецца галоўным экспанатам, галоўнай падзей вашай вандроўкі. І калі падымецеся на вежу, выйдзеце на баявую галерэю ўздоўж сцяны — прайдзіце да самага канца, не бойцеся змарнаваць час. Там, у канцы, над вашай галавой з падстрэшша галерэі сарвуцца і палятуць у цемру заспаныя галубы. І вы адчуеце, што замак жывы. Што такія галубы, верагодна, гэтак жа зрываліся ў цемру і стагоддзі таму. А потым у падвале гэтай вежы абавязкова агледзьце цэглу, з якой будаваўся замак. Спачатку вы пабачыце цаглінку, на якой 400 гадоў таму, пакуль яна была яшчэ сырая, адбілася лапа сабакі. Наступны экспанат і ўвогуле занурыць вас у суцэльную сярэднявечную рамантыку. Пад цаглінай з застылымі нераўнамернымі кружочкамі-кратэрамі лаканічны подпіс: "Цагліна са слядамі кропель дажджу". Гэтая цагліна — адзін з самых важных экспанатаў. Вы заплюшчваеце вочы і, здаецца, гэтыя кроплі з ХVІІ стагоддзя зараз упадуць вам на твар і плечы.
ПЫТАННІ РУБАМ
Адказваюць Надзея Усава, намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Алена Карпенка, загадчык аддзела старажытнага беларускага мастацтва.
1. Што робіць у замку на самым уваходзе магілёўскі ліфт?
Мы прызнаём, што ліфт сапраўды выглядае недарэчна для замка. Але трэба памятаць, што апроч маладых людзей, замак наведваюць і пажылыя госці, і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх і рабіўся ліфт. Іншая рэч, што ў цяперашнім выглядзе яго там быць проста не павінна! Аднак гэта — цалкам на сумленні навуковага кіраўніка рэстаўрацыі Дзмітрыя Бубноўскага. Ён не захацеў нас слухаць, усё пакінуў па-свойму.
2. Чаму так мала аўтэнтычных рэчаў, звязаных з замкам?
3. Было шмат крытыкі ў адрас замкавых печаў — што яны не адпавядаюць рэчаіснасці. Чаму ўсё засталося як ёсць?
Замкавыя печы сапраўды — фантазія навуковага кіраўніка. Бо ніводнай печы не захавалася. Няма і інвентароў — значыць, мы не ведаем, колькі было печаў, якія яны былі. Нашы навуковыя супрацоўнікі даказалі, што створаныя печы — муляжы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Такіх печаў не магло быць у замку ў прынцыпе. Яны б проста не працавалі! Да таго ж, печы не адпавядаюць і свайму часу. А ў некаторых з іх увогуле ніз узяты ад адной печкі, верх — ад іншай. Тым не менш, Рэспубліканская навукова-метадычная рада ўхваліла такія печы, таму змяняць іх ніхто не плануе.
4. Чаму ў замку не паказаны сапраўдны побыт яго жыхароў: спальня, ванна, прыбіральня, кабінет і г.д.?
Вельмі проста — не захавалася інвентароў, апісанняў гэтых пакояў. Калі б мы пачалі іх аднаўляць — гэта была б чыстая фантазія! Захавалася апісанне сталовай — мы яе аднавілі. Вядома, што гаспадары мыліся ў вялікай бочцы, ім падносілі гарачую ваду. Але дзе і як яе цяпер аднаўляць?
Больш ілюстрацый да матэрыяла глядзіце ТУТ.Каментаваць гэты пост на блоге аўтара >>>