Не проста аркестр — сям’я. Нацыянальны акадэмічны аркестр імя Жыновіча выдатна сумяшчае народныя музычныя традыцыі са смелымі эксперыментамі ХХІ стагоддзя

Источник материала:  
Не проста аркестр — сям’я.
Нацыянальны акадэмічны аркестр імя Жыновіча выдатна сумяшчае народныя музычныя традыцыі са смелымі эксперыментамі ХХІ стагоддзя

Адзін са старэйшых калектываў Беларусі аркестр імя Жыновіча ці не першы прадэманстраваў шырокай публіцы магчымасці народных інструментаў. Дзякуючы яго артыстам загучалі на прафесійнай сцэне цымбалы і акарына, жалейка і дуда... З першага выступлення аркестра прайшло 80 гадоў. Але ён па-ранейшаму паспяхова гастралюе па Беларусі і іншых краінах. Як удаецца аркестру-старажылу ісці ў нагу з часам? Якія творы задавальняюць сённяшняга слухача? Як успрымаюць за мяжой беларускую народную музыку? І якая атмасфера ў калектыве спрыяе выдатнаму выступленню аркестра? У дні юбілею калектыву карэспандэнт “НГ” сустрэлася з галоўным дырыжорам аркестра, народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам КАЗІНЦОМ. Ён расказвае.

Творчы склад аркестра — гэта...

— Пяцьдзясят артыстаў, сярод якіх 22 лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў, два народныя і пяць заслужаных артыстаў — вось наш калектыў. Нашы знакамітыя музыканты — Галіна Лазовік, Юлія Высоцкая, Аксана Хахол, Павел Неўмяржыцкі, Ларыса Рыдлеўская, Святлана Ласун, Уладзімір Ткач і іншыя. Вялікі здабытак — прыход у аркестр амаль 20 гадоў таму заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Крамко. Гэта сапраўдны самародак. Здаецца, няма інструмента, на якім бы ён не змог сыграць. Больш таго, ён выдатны аранжыроўшчык.  Адзін з ветэранаў нашага калектыву — бас-гітарыст Анатоль Крумакін, які іграе ў аркестры з 58-га года. Аркестр Жыновіча — гэта сапраўдная сям’я. Людзі, якія ўмеюць спачуваць, радавацца поспехам і ўдачам другога чалавека...

З чаго пачынаўся аркестр?

— Аркестр нарадзіўся з ансамбля на чале якога стаяў выдатны музыкант-самавучка, чалавек-аркестр Дзмітрый Захар. Яго канцэртмайстрам быў наш “бацька” Іосіф Жыновіч. У 30-м годзе ансамбль набыў званне дзяржаўнага, а ў 37-м ператварыўся ў аркестр. Пасля вайны яго мастацкім кіраўніком і дырыжорам стаў Іосіф Жыновіч. Гэта быў не толькі віртуозны музыкант, але чалавек-асветнік. Ён адкрыў народу цымбалы —”сялянскі” інструмент, які выкарыстоўваўся ў той час толькі ў вясковых імпрэзах. Іосіф Жыновіч надаў яму статус канцэртнага інструмента, здолеў даказаць, што ён варты вывучэння ў музычных школах і кансерваторыі.

Як  кіраваць такім вялікім калектывам?

— Я не сказаў бы, што тут наогул трэба кіраваць. Творчы калектыў не патрабуе начальніка. Немагчыма даваць нейкія загады, чагосьці патрабаваць. Я павінен абапірацца на творчы стан артыстаў, на іх магчымасці. І прапанаваць тое, што будзе сугучна з жаданнямі салістаў, інструменталістаў, вакалістаў. Аркестр імя Жыновіча — гэта не толькі інструментальны склад. Сярод салістаў — заслужаны артыст Якаў Навуменка, лаўрэаты нацыянальных конкурсаў Марына Васілеўская і Наталля Салава, выдатная выканаўца народных песень Ніна Кавалёва, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар Задарожны. У свой час з аркестрам працавалі вядучыя артысты оперных тэатраў Савецкага Саюза — Штокалаў, Вядзернікаў, Нарэйка і іншыя. Выдатна выступалі з намі беларускія артысты, у тым ліку і такая легенда, як Ларыса Александроўская.Шчыра кажучы, я вельмі ўдзячны творчаму лёсу, што ў свой час Жыновіч запрасіў мяне ў аркестр.  Яшчэ ў дзяцінстве, калі жыў на вёсцы, чуў па радыё выступленні гэтага калектыву. І пасля, калі стаў студэнтам музычнага вучылішча, кансерваторыі, марыў выступаць з ім. Бог пачуў мяне. Жыновіч запрасіў мяне ў аркестр у якасці дырыжора ў 1972 годзе. Калі Іосіфа Іосіфавіча не стала, у 1975-м я ўзначаліў аркестр.

У рэпертуары аркестра каля 2000 твораў...

— Гэта апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў, руская і замежная класіка, музыка сучасных кампазітараў, папулярная і рэтрамузыка.

Аркестр часта выступае за мяжой?

— Сёння гэта складана рабіць. Вельмі дорага вывезці такі вялікі калектыў. Хаця ў верасні наш аркестр выступаў падчас Дзён культуры Беларусі ва Украіне. У свой час былі з канцэртамі ў Канадзе, Кітаі, Польшчы, Індыі, Германіі...Беларуская народная музыка не ўспрымаецца за мяжой як нешта  экзатычнае ці чужое. Яна прыбліжае замежнага слухача да беларускай культуры. Як вядома, у песні праяўляецца характар народа, яго менталітэт.Выступаем таксама з песнямі таго народа, у госці да якога прыязджаем. Такія выступленні ўспрымаюцца на ўра. Калі былі на гастролях у Індыі,  выконвалі мелодыі з індыйскага кінафільма “Господин 420”. Трэба было бачыць, як прымалі нашы выступленні індыйцы!

А што патрабуе сучасны слухач?

— Песеннага жанру. Аўтэнтычнае выкананне ім слаба ўспрымаецца: вуха прывыкла да мікрафона. А наогул я лічу, што кожнаму часу свая музыка. Галоўнае, каб яна была добрая, выдатная па сваёй кампазіцыі і паэзіі, а не з’яўлялася простай песняй-аднадзёнкай.У зале Белдзяржфілармоніі мы даём каля 10 новых канцэртных праграм і заўсёды збіраем цэлыя залы. Слухач прыходзіць на нашы канцэрты ў раённых цэнтрах, аграгарадках.

←В Новый год с историями

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика