Моц сустрэчнага руху

Источник материала:  
Шэраг цікавых праектаў зладзілі ў Яраслаўлі да дня нараджэння Максіма Багдановіча
Моц сустрэчнага рухуТак сталася, што ў горадзе на Волзе жыве нямала выхадцаў з Беларусі, туды патрапіла ў свой час і сям’я Максіма Багдановіча. Цяпер цесныя эканамічныя, культурныя кантакты нашай краіны з рэгіёнамі Паволжа пашыраюцца. Вось і нядаўна ў Яраслаўлі ладзілася беларуска-расійская акцыя “Сустрэчны рух”. Варта сказаць: не толькі людзі старэйшага пакалення, але і моладзь Беларусі і Расіі лёгка знаходзіць агульную мову. Добры сродак для паразумення — творчасць. Сумеснае выступленне творчых гуртоў Яраслаўля і рок-гурта Akute з Магілёва прыйшлося даспадобы яраслаўцам. У фае Палаца моладзі ладзілася і фотавыстава “Русь і Беларусь — сустрэчны рух”: яраслаўскія фотамайстры Кацярына Лысянкова і Аляксандр Акругін таленавіта паказалі адметнасці Мінска і Яраслаўля.
А ў Музеі гісторыі горада Яраслаўля адкрылася выстава “Геній зямлі Беларускай”, дзе прадстаўлены матэрыялы з фондаў мінскага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Гэта дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта-класіка, трэць жыцця якога прайшла ў Яраслаўлі: старыя фатаграфіі, лісты, успаміны, аўтографы… Дырэктар мінскага музея паэта Таццяна Шэляговіч падарыла яраслаўскаму Мемарыяльнаму музею Максіма Багдановіча карціну-акварэль беларускага мастака Івана Пратасені “Максім Багдановіч на Волжскай наберажнай”. На адкрыцці выставы яшчэ адну нітку тонкай сувязі з нашым краем ствараў ансамбль беларускай песні “Крыніца”, гучалі вершы Максіма Багдановіча на беларускай і рускай мовах. Наведвальнікі выставы, якая прадоўжыцца да лютага, могуць набыць і спецыяльна выпушчаны да падзеі буклет.
Таццяна Шэляговіч расказала, што выстава рыхтавалася доўга і старанна, больш за паўгода, як адзін з праектаў падпісанай міністрамі культуры абедзвюх краін Праграмы Года культуры Беларусі ў Расіі. Багдановіч для яраслаўцаў — асоба знаёмая, там у мемарыяльным доме паэта ўжо дэманструецца 114 перададзеных з Беларусі экспанатаў. Беларускія музейшчыкі зрабілі на гэты раз прыгожую перасоўную выставу, паказалі на ёй яркія моманты з жыцця і творчасці земляка, а таксама 26 работ-ілюстрацый да твораў М. Багдановіча мастакоў-графікаў Юрыя Хілько, Антаніны Лапіцкай, Аляксандра Пашкевіча, Генадзя Грака.

Іван Іванаў

←«ЗВЕЗДЫ» ГОВОРЯТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика