У Мінску адбылася прэзентацыя календара «Маляўнічая Бацькаўшчына»

Источник материала:  
22.12.2010 10:07 — Новости Культуры
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску 21 снежня адбылася прэзентацыя календара «Маляўнічая Бацькаўшчына» на 2011 год, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння паэта, якое будзе адзначацца ў 2012 годзе.

У календары, выдадзеным ААТ «Мінскводбуд», прадстаўлены краявіды купалаўскіх мясцін, фотапартрэты народнага паэта Беларусі розных гадоў з фондаў музея, а таксама тэксты знакавых вершаў песняра на беларускай і англійскай мовах.

Галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Дзмітрый Шляхцін адзначыў, што Купала ўвасобіў у сабе Бацькаўшчыну і ўсе жыццё прысвяціў таму, каб у свеце Беларусь ведалі па яе лепшых праявах і паважалі.

Паводле слоў генеральнага дырэктара «Мінскводбуда» Сцяпана Паўловіча, серыя «Маляўнічая Бацькаўшчына» адкрылася ў 2001 годзе выпускам календара, прысвечанага гісторыка-культурным каштоўнасцям Нясвіжа. Паколькі гэтае выданне выклікала захапленне калектыву прадпрыемства, у наступныя гады былі падрыхтаваны яшчэ восем календароў з выявамі аб`ектаў архітэктурнай і прыроднай спадчыны Беларусі, сказаў Паўловіч.

Укладальнік календара, аўтар праекта «Маляўнічая Бацькаўшчына», фотамастак Валер Дранчук назваў ініцыятыву «Мінскводбуда» «бліскучым прыкладам краялюбнай патрыётыкі, дзейнай старонкай сённяшняй Беларусі дзеля Беларусі заўтрашняй — новай і вольнай, багатай і годнай, пяшчотнай і непаўторнай». Паводле яго слоў, каб быць беларусам, трэба перачытваць Купалу, які і сёння застаецца «вельмі актуальным этнічна, нацыянальна, культурна, грамадска і палітычна».

У ходзе прэзентацыі ў музеі экспанаваліся календары і мастацкія альбомы, выдадзеныя «Мінскводбудам», а таксама была праведзена арт-дзея «Чытаем Купалу разам», падчас якой творы паэта прагучалі з вуснаў пісьменнікаў і артыстаў.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←В Поднебесной

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика