“У палескай глушы”. У вёсцы, дзе пачынаў настаўнічаць Якуб Колас, захаваліся ўспаміны аб “панічу” і назвы “Цельшына”, “Ядвіся”, “На ростанях”

Источник материала:  
“У палескай глушы”. 
У вёсцы, дзе пачынаў настаўнічаць Якуб Колас, захаваліся ўспаміны аб “панічу” і назвы “Цельшына”, “Ядвіся”, “На ростанях”

У Ганцавічах, што на Брэстчыне, ужо рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства. Менавіта ў гэтым маляўнічым кутку Палесся ў 2011-м пройдзе свята кнігі. Безумоўна, ні ў якім разе арганізатары фэсту не змогуць абмінуць вёску Люсіна, дзе сваю настаўніцкую дзейнасць у 1902 годзе пачынаў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Карэспандэнты “НГ” завіталі ў гэты самабытны край, каб даведацца, што зараз звязвае яго з асобай славутага пісьменніка і якія ўспаміны пра выпускніка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Канстанціна Міцкевіча перадаліся ў спадчыну мясцовым жыхарам.

Па старонках рамантычнай аповесці.

Прыхільнікам беларускай літаратуры Люсіна вядома як Цельшына — месца, дзе адбываюцца падзеі першай кнігі знакамітай коласаўскай трылогіі “На ростанях”. На тутэйшым матэрыяле пісьменнік і стварыў рамантычную аповесць “У палескай глушы”. Назву ён выбраў невыпадкова. Першае ўражанне маладога настаўніка было не суцяшальным. Невялічкая вёска ў адну вуліцу, якая танула ў гразі, выглядала непрыветна. На сялянскіх дварах не было парадку. Старая драўляная царква адзінока і панура тулілася на ўскрайку. Шырока раскінуўшы крылы, стаялі, бы страшыдлы, ветраныя млыны. А вакол вёскі, якая знаходзілася нібы на палянцы, — бясконцыя лясы і балоты. Такую сумную карціну ўбачыў Лабановіч-Колас. “Тут такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма”, — пісаў класік. У гэтай атмасферы настаўнік адчуваў сябе, як “у цеснай сукенцы”: настолькі ціснулі шчыльныя сцены бору. Адзіным сродкам сувязі са светам ён лічыў чыгунку. Па сцежцы да яе Лабановіч гуляў ахвотна: толькі там можна было хадзіць, не баючыся бруду.Непрыветнымі спачатку падаліся і жыхары. Іх Колас ахарактарызаваў як “сапраўдных дзяцей лесу”. Палешукі былі заўзятымі паляўнічымі і таму радаваліся толькі, калі бачылі стрэльбу. Цікава, што сялян з іншых вёсак люсінцы называлі палянамі. Такім чынам яны дзялілі беларусаў на “людзей на балоце” і жыхароў сушы.Уладкаваўшыся і пажыўшы на новым месцы, Колас змяніў сваё меркаванне. Некрануты край даўніны разам з яго народам аказаўся яму па душы. Пісьменнік прыйшоў да высновы: сярод палешукоў можна прыемна бавіць час і сустрэць цікавага і разумнага чалавека. Яму падабалася характэрная для гэтых мясцін вопратка: чорная суконная світка, якую шылі ў талію, шырокі з чырвонымі палоскамі даматканы пояс і шапка-кучомка. Настаўнік з цікавасцю пазіраў на старасту, які, паводле звычаю палешукоў, насіў доўгія валасы. Даспадобы прыйшоўся панічу, як празвалі Лабановіча ў Цельшыне, і мясцовы дыялект. Напрыклад, старожка Мар’я, у хаце якой знаходзіліся школа і пакой Коласа, казала так: “Там маладыцы прышлы — лыст напысаць хочуць”.Малады чалавек, зразумела, захапляўся і прывабнасцю мясцовых дзяўчат. Нават прыродная сціпласць не змагла перамагчы яго трапяткое сэрца. Усе, хто чытаў аповесць, памятаюць, як Лабановіч літаральна сох па яркай і вострай на язычок дачцэ падлоўчага Ядвісі. Нездарма Колас як сапраўдны паэт рамантычна растлумачыў з’яўленне прыгажунь у глушы Палесся. Аказваецца, пасля стварэння гэтага краю Бог аглядаў балоты, і зрабілася яму сумна. Тады стварыў ён дзяўчыну незвычайнага хараства і залюбаваўся... “Не, нельга цябе пакідаць людзям: яны будуць ваяваць з-за цябе”, — вырашыў Бог і, паставіўшы красуню на руку, дунуў тры разы — дзяўчына растала, ператварыўшыся ў аблачынку. “Ты будзеш хадзіць над Палессем стагоддзямі, і ад людзей, на якіх упадуць твае кроплі, народзяцца прыгажуні”, — сказаў Творца.

“Жывыя” ўспаміны пра Лабановіча.

Пра Коласа ў Люсіне не проста памятаюць — шануюць яго імя. На месцы старой школы (яна не захавалася) устаноўлены памятны знак, які нагадвае: з 1902 па 1904 год тут настаўнічаў народны паэт Беларусі. Жыхары настолькі ўдзячны яму за ўвекавечанне вёскі ў літаратуры, што назвалі мясцовы СВК, які спецыялізуецца на малочна-мясной вытворчасці, — “Цельшына”, а магазіны — “На ростанях” і “Ядвіся”. На жаль, толькі дзяўчынку з такім імем нам не ўдалося сустрэць. У Люсіне яно чамусьці непапулярнае, затое для гэтай мясцовасці характэрна прозвішча Занька. Яго мае ледзь не кожны другі чалавек. Напрыклад, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Андрэеўна, якая 12 гадоў з’яўляецца загадчыцай музея Якуба Коласа. Яго стварылі ў новай школе ў 1982-м з нагоды юбілею пісьменніка. У час экскурсіі жанчына з гонарам прадэманстравала самыя каштоўныя экспанаты — стары здымак, дзе захаваўся выгляд былой школы (ёй аказалася звычайная хата), яе драўляны макет, а таксама ліст пісьменніка. Дарэчы, зараз у Люсіне 253 школьнікі. Колас жа выкладаў арыфметыку, пісьмо, чыстапісанне і спевы 37 вучням. У асноўным — хлопцам (дзяўчынак было дзве). Толькі адзін з тых дзяцей, калі верыць музейнаму архіву, стаў настаўнікам. Астатнія — сялянамі. Затое ўсе выраслі выхаванымі людзьмі. — Прадзед мой працаваў будаўніком, але быў граматным. Засвоіў навуку Коласа так, што добра чытаў і ў 90 гадоў, нават без акуляраў, — распавядае намеснік загадчыка аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Андрэй Літвіновіч. — Піліп Васільевіч Цялушка быў малодшым у сям’і, дзе было сямёра сыноў, і толькі яму дазволілі хадзіць у школу.Сапраўды, у той час палешукі неахвотна адпускалі дзяцей, асабліва дзяўчынак, на заняткі. Больш важнымі бацькі лічылі справы па гаспадарцы: прасці кудзелю, жаць... Аднак настаўнік пераконваў цёмных мужыкоў, тлумачыў, што навука дапаможа лепей апрацоўваць зямлю, каб карысці ад яе было болей.— Бацька часта расказваў, як Колас хацеў, каб нашы людзі жылі лепей, якім паважлівым ён быў да старых, добрым з дзецьмі. Ён любіў доўга размаўляць з імі, хацеў, каб палешукі сталі пісьменнымі, — кажа прапрапраўнучка знакамітай старожкі Алена Сайка, выхавальніца дзіцячага сада. — Мар’я і сама любіла слухаць урокі настаўніка. Яе ўспаміны перадаваліся ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне.І ўсё ж самыя цікавыя гісторыі пра Коласа — рамантычныя. — У дзяцінстве мне паказвалі знакаміты Целешаў дуб (кажуць, ён і зараз расце ў лесе ў трох кіламетрах ад Люсіна. — Аўт.), мясціны, дзе Лабановіч заляцаўся да Ядвісі, — узгадвае школьная тэхнічка Зоя Занька.Шкада, лёс развёў настаўніка і палескую прыгажуню. У Люсіне ніхто нават не ведае, што сталася з Ядвісяй. Кажуць, яна з’ехала з гэтых мясцін... Затое пра далейшы шлях Коласа ведае кожны школьнік: яго чакала новае месца працы — Пінкавічы. І ўсё ж памяць аб ім да гэтай пары жыве ў Люсіне. Па прызнанні дырэктара мясцовай школы Алены Сіроткінай, ужо доўгі час любімым творам вучняў застаецца кніга “У палескай глушы”, бо ім цікава пазнаваць у тэксце знаёмыя краявіды і характары. Можа, жыхарам іншых куткоў Беларусі варта было б наведацца сюды, каб самім правесці паралель паміж Цельшынам і сучасным аграгарадком Люсіна.— У першыя паўтара года пасля адкрыцця літаратурна-этнаграфічнага музея Якуба Коласа да нас прыехала больш за пяць тысяч турыстаў — з Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША, — паведамляе Ганна Мурсалім, адна з заснавальніц музея і яго першая загадчыца.Спадзяёмся, свята беларускага пісьменства адновіць тую вялікую цікавасць да гэтых мясцін. І турысты, як і мы, будуць здзіўлены люсінскім каларытам і прыгажосцю палескіх дзяўчат.

Прыпынак Якуба Коласа.

Ці сапраўды прыгожыя тут дзяўчаты і ці памятаюць у Люсіне пра настаўніцтва Коласа? З гэтымі думкамі мы і адправіліся ў “палескую глуш”. Ехалі з Мінска аўтобусам да Ганцавіч, а ў вёску дабіраліся машынай. Пісьменнік гэтаму вельмі б здзівіўся, бо ў яго час у Люсіне былі не дарогі, а балоты.Сюды можна заехаць і на дызелі. Праўда, жыхары папярэдзілі, што ў такім выпадку патрэбны прыпыначны пункт — “Якуба Коласа”. А некаторыя пасажыры памылкова выходзяць на станцыі Люсіна, што не зусім зручна, калі трэба ў вёску. — З коласаўскіх часоў, зразумела, многае змянілася. Вуліцы заасфальтаваны, нават водаправод ёсць, — рада гасцям са сталіцы старшыня Люсінскага сельвыканкама Марыя Занька. — Вёска разраслася: зараз у нас 553 двары, 1459 жыхароў, 556 гаспадарак. Летась Люсіна атрымала статус аграгарадка. Дзякуючы гэтаму адрамантавалі школу, магазіны, сельскі клуб, комплексна-прыёмны пункт, стварылі новую прыгожую кропку грамадскага харчавання, дзе зараз ладзяцца вечарыны, вяселлі, народзіны.Люсіна зараз — сапраўдная сучасная вёска, адкуль ніхто не хоча з’язджаць. Тут ёсць дзе жыць і працаваць. Асноўная частка насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, лясніцтве і на чыгунцы. Люсінцы таксама працуюць у мясцовых школе, бібліятэцы, клубе, магазінах, урачэбнай амбулаторыі, на пошце.Штогод сюды ахвотна прыязджаюць маладыя спецыялісты. Сёлета — ажно трое. Адзін з іх — выпускнік Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, ураджэнец Іванава Дзмітрый Кастэнка. Ужо пяць месяцаў ён працуе ў сельскай амбулаторыі.— Умовы для маладога ўрача тут нармальныя. Далі дом у аграгарадку, а ў амбулаторыі ёсць сучаснае абсталяванне, нават добрае для вёскі, — дзеліцца ўражаннямі юнак. — Зразумела, у параўнанні са сталіцай у глыбінцы жывецца больш складана — даводзіцца самому ацяпляць хату, шмат працаваць. Аднак я не жалюся. Прымаю хворых, езжу на выклікі. Калі неабходна, накіроўваю іх у Ганцавічы, бо ў нас усё ж амбулаторыя...Мясцовыя жыхары ахвотна займаюцца нарыхтоўкай журавін, чарніц, грыбоў і лекавых траў, у прыватнасці багульніка. Тут вельмі ўрадлівая зямля, у тым ліку і на дзетак. Кожны год у Люсіне нараджаецца не менш як 20 немаўлят. Гэта і нядзіўна, тут жа, памятаеце, край прыгажунь. За тры апошнія гады ў вёсцы ўзялі шлюб 19 пар, а ўсяго тут больш за 560 сямей. Жыццё тут не згасае — бурліць!

←Адкрыйце для сябе невядомую Беларусь. Правільна адказаўшы на пытанні, вы зможаце адправіцца ў падарожжа па славутых мясцінах нашай краіны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика