Паказы найлепшых стужак фестывалю дакументальных фільмаў «Адзін свет — 2010»

Источник материала:  
10.12.2010 10:26 — Новости Культуры

Чэшская арганізацыя «Чалавек у бядзе» (People in Need) запрашаe на паказы найлепшых стужак Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў па правах чалавека ONE WORLD 2010.

10–11 снежня 2010 будуць паказаныя дзве найлепшыя дакументальныя стужкі ONE WORLD 2010.

«Я хачу нешта значыць». Марые Мэерман, Нідэрланды (58 хвілін)

Галоўнымі героямі стужкі з другой назвай «Найразумнейшыя дзеці Кітая» з’яўляюцца пяцёра студэнтаў, якія пераходзяць у апошні клас элітнай школы ў кітайскім мегаполісе Чунцын. Менавіта гэты год, і перш за ўсё выпускныя экзамены, вызначаць, ці пашчасціць ім паступіць у адзін з двух самых прэстыжных універсітэтаў у краіне, якія знаходзяцца ў Пекіне. Шанцы невялікія — у гэтыя ўніверсітэты кожны год спрабуе паступіць больш за дзесяць мільёнаў кітайскіх выпускнікоў. Нідэрландская рэжысёрка Марые Мэерман назірае за пяццю вучнямі цягам цяжкага навучання і ў рэдкія свабодныя хвіліны. Са студэнтам Мэем, які нядаўна заняў другое месца на дзяржаўнай алімпіядзе па матэматыцы, яна выпраўляецца на вёску наведаць яго бедных бацькоў. «За першыя грошы, якія я зараблю, я куплю ім вопратку», — кажа Мэй, бо добра ведае, што для бацькоў ягоныя поспехі ў навучанні — адзіная надзея на лепшае жыццё.

«Маўчанне — золата». Тамаш Кудрна, Чэхія (90 хвілін)

На першы погляд здаецца, што ў закінутым кіргізскім мястэчку Барскон спыніўся час. Найбольшай павагай тут карыстаюцца ветэраны Другой сусветнай вайны, а шэраг жыхароў усё яшчэ з настальгіяй згадвае часы сацыялізму, калі ў кожнага была праца, медыцынскае абслугоўванне было бясплатным і калі «ўсім жылося аднолькава». Толькі ГУЛАГаў мясцовыя жыхары неяк не памятаюць. Адзін з галоўных герояў фільма — крыху таямнічы кіроўца грузавіка Нурбек, які разам са сваёй жонкай ужо дзесяць гадоў працуе на тутэйшым золатаздабыўчым рудніку Кумтор. Менавіта Кумтор — месца, на якім рэжысёр Тамаш Кудрна падрабязна дакументуе своеасаблівы характар капіталізму і дэмакратыі ў краіне, якая нагадвае савецкі скансэн. Пераконваюць у гэтым дробязныя спрэчкі мясцовых жыхароў і падзеі 1989 года, калі з Кумтора ў раку выцеклі дзве тоны цыяніду і атруцілі сотні вяскоўцаў. Своеасаблівы і візуальна вытанчаны «кінадзённік» доўгага перабывання ў Барсконе быў першым чэшскім дакументальным фільмам, падтрыманым фундацыяй Sundance Documentary Fund.

Расклад паказаў:

10 снежня — пачатак, а 18-й

11 снежня — пачатак, а 17-й

Месца паказаў: Dj-Bar клуба Рэактар, вул. Веры Харужай, 29.

(Праезд ад станцыі метро «Пл. Я. Коласа»: аўтобусы 19, 25 і тралейбус 22)

Уваход на мерапрыемства вольны, але пажаданая папярэдняя рэгістрацыя. Зарэгістравацца на мерапрыемства можна, даслаўшы SMS на нумар (044) 510-62-81.

Фестываль дакументальных фільмаў па правах чалавека One World («Адзін свет») арганізуецца чэшскай гуманітарнай арганізацыяй People in Need («Чалавек у бядзе») і праводзіцца штогод у Празе (Чэхія). Цягам сямі дзён гледачам прапануецца каля 130 дакументальных стужак з розных краін свету. Акрамя паказу фільмаў, падчас фестывалю арганізуюцца дыскусіі са стваральнікамі фільмаў і фотавыставы, прысвечаныя правам чалавека. Фестываль штогод праводзіцца ў канцы красавіка.

Падзяліцца навіной: 

←Выстава да 150-годдзя Яўхіма Карскага

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика