Вольскі запрасіў на «Белую яблыню грому» жывых класікаў белліта
«Белая яблыня грому» — праграма Лявона Вольскага на вершы беларускіх класікаў: Чачот, Міцкевіч, Багушэвіч, Багдановіч, Купала, Колас, Броўка, Танк, Куляшоў, Геніюш, Панчанка, Барадулін. Прэм’ера праграмы адбылася ў сакавіку ў Купалаўскім тэатры пры поўным аншлагу.
— Нас тады папракалі, што была абраная такая маленькая зала, — кажа Лявон Вольскі. — Але камерны тэатр — выдатнае месца для такіх імпрэзаў!.. Цяпер, калі мы вырашылі прадставіць публіцы пашыраную версію канцэрту, супалі 2 рэчы — Купалаўскі тэатр зачыніўся на рэстаўрацыю, і зала мусіла быць ужо большая. Таму 16 снежня «Белая яблыня грому» будзе прадстаўленая ў канцэртнай зале «Мінск»!
Тыя, хто быў на прэм’еры, смела могуць замаўляць квіткі зноў.
— Пакуль што мы трымаем гэта ў сакрэце, каб зрабіць большы сюрпрыз!.. — усміхаецца Вольскі.
Дарэчы, з дванаццаці паэтаў, на чые вершы напісаная «Белая яблына грому», цяпер жыве толькі адзін — Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, на чый верш была створаная галоўная песня праграмы. Таму Вольскі проста не мог не запрасіць дзядзьку Рыгора на канцэрт.
— Мы запрашалі Рыгора Іванавіча яшчэ на першы канцэрт у сакавіку, але тады ён толькі выйшаў з лякарні і прысутнічаць не змог, — кажа Лявон Вольскі. — Гэтым разам, спадзяюся, у класіка атрымаецца.
Апроч Барадуліна Вольскі вырашыў запрасіць на канцэрт яшчэ двух класікаў сучаснай беларускай літаратуры — паэта Генадзя Бураўкіна (сярод іншага, аўтара славутай «Калыханкі») і перакладчыка Васіля Сёмуху («Біблія», «Фаўст» і г.д.). Перадача запрашэнняў адбылася ва ўрачыстай абстаноўцы і атрымалася вельмі сімвалічнай.
— Я ўдзельнічаў у прэзентацыі першага непадцэнзурнага твора Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы», — расказвае Лявон Вольскі. — Тамсама былі шаноўныя Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Васіль Сёмуха. І ўсё выйшла сімвалічна, амаль як у Дантэ: сама «Белая яблыня грому» створаная на вершы класікаў, і падчас імпрэзы ў памяць класіка Караткевіча я запрасіў на канцэрт жывых класікаў!..
Лявон Вольскі запрашае на канцэрт і вас — у атачэнні класікаў, напярэдадні Калядаў атрымаць зарад класічнага беларускага пазітыву!
«Белая яблыня грому»
16 снежня (чацвер) а
КЗ «Мінск»
Квіткі (017) 2801510, (029) 6555596
www.soundline.by