Старадаўніх муроў адраджэнне
02.12.2010
—
Новости Культуры
Дзве мінскія архітэктурныя выявы нагадваюць сёлета пра сябе адметнымі юбілеямі: архікатэдры на плошчы Свабоды споўнілася 300, а Чырвонаму касцёлу — 100 гадоў
Упершыню гэтыя велічныя будынкі я пабачыў летам 1951-га, калі прыехаў паступаць на аддзяленне журналістыкі БДУ. Тады ж абышоў цэнтр сталіцы. На плошчы Свабоды ўвагу прыцягнулі дзве масіўныя вежы касцёла, якія ацалелі ў вайну — да 1948 года ў ім вяліся службы — і дамінавалі над навакольнымі руінамі. Па стылі барока я зразумеў: гэта стары будынак, але колькі яму гадоў — тады не ведаў.
Не ведаў і да якога стылю аднесці прыгожую вежу з чырвонай цэглы, якая самотна ўзвышалася каля Дома ўрада. Пазней вычытаў, што стыль гэты — неараманскі, і пабудавана святыня ў пачатку мінулага стагоддзя землеўласнікам-рэфарматарам, “мінскім Сталыпіным” Эдвардам Вайніловічам у памяць пра яго заўчасна памерлых дзяцей Сымона і Алену. У пераробленым Чырвоным касцёле, як і цяпер называюць яго мінчане, з часам размясцілі Дом кіно — туды я не раз хадзіў разам з незабыўным Уладзімірам Караткевічам, у дадатак да пісьменніцтва яшчэ і кінасцэнарыстам, на прагляды лепшых зарубежных фільмаў. Пра сам помнік архітэктуры паэт, дарэчы, прыдумваў дасціпныя эпіграмы.
Неўзабаве абедзьве вежы катэдры на плошчы Свабоды “абрэзалі”, да фасада прырабілі калоны ў стылі класіцызму, а нутро касцёла падзялілі на тры паверхі — для трох спартыўных залаў. І калі мне здаралася па старым Мінску вадзіць на экскурсіі зарубежных калег, удавалася іх разыгрываць, прывёўшы да былой святыні:
— А цяпер — загадка: скажыце, калі ласка, у якім стагоддзі быў узведзены гэты будынак?
— Н-ну, відочны сталінскі класіцызм.
Затым мы ішлі ў двор, дзе засталася некранутай магутная авальная апсіда касцёла, і зноў гучала пытанне:
— А цяпер — колькі будынку гадоў?
— Н-ну, дзесьці ранняе барока, яшчэ да віленскага...
— Вось цяпер вы маеце рацыю. Касцёл у імя Найсвяцейшай Панны Марыі пачалі будаваць у 1700 годзе, асвяцілі ж у 1710-м. Спачатку ён належаў ордэну езуітаў, якія тут мелі і школьны тэатр, а ў канцы XVIII стагоддзя, з утварэннем Магілёўска-Мінскай каталіцкай архідыяцэзіі, стаў архікатэдрай.
Пад канец 1993 года касцёл вярнулі вернікам. У ім пачаліся аднаўленчыя работы, кіраўніцтва якімі вёў тады арцыбіскуп, а цяпер кардынал Казімір Свёнтак. Як дырэктара Цэнтра імя Францыска Скарыны мяне таксама ўключылі ў склад кансультацыйнай камісіі. Даводзілася вырашаць многа складаных, спрэчных пытанняў. Памятаецца, галасы падзяліліся наконт таго, на якім узроўні пакінуць падлогу: у параўнанні з першапачатковай яна павысілася (з-за будаўнічага друзу) на сорак сантыметраў. Арцыбіскуп запытальна глянуў на мяне:
— А што падказвае спадчына нашага першадрукара Скарыны?
— Быць верным гісторыі, аднавіць першапачатковы выгляд! Вядома, гэта запатрабуе дадатковых сродкаў і часу. Але святыня вартая таго. Навошта захоўваць пазнейшы друз?
І потым, наведваючы архікатэдру, я з сатысфакцыяй канстатаваў, што ўзровень яе падлогі прыкметна ніжэйшы ў параўнанні з тым, што магло б быць. Асабліва запомніліся паўторнае асвячэнне касцёла ў 1997 годзе, каранаванне кардыналам Казімірам Свёнтакам залатой каронай падараванага Святым Айцом Янам Паўлам ІІ абраза Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай у 2006 годзе і Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная юбілею Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, на якой мне пашчасціла выступаць з дакладам пра першага яе пастыра і аўтара першага беларускага слоўніка, энцыклапедыста па ведах Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, дзядзьку Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Апошні раз я быў у архікатэдры, калі ўрачыста адзначалася яе 300-годдзе. Імшу адправіў, прытым на беларускай мове, высокі госць з Ватыкана, пасланнік Папы Рымскага Бенедыкта XVI Йозеф Томка. Першы намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч зачытала віншаванне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у якім гаварылася, што сумеснымі намаганнямі дзяржавы і Рымска-каталіцкай царквы архікатэдра адрадзілася ва ўсёй красе, уражвае цяпер выдатнымі архітэктурнымі формамі і ўнікальнымі фрэскамі. Касцёл стаў сапраўдным культурным цэнтрам, дзе актыўна здзяйсняецца дабрачынная і асветніцка-сацыяльная работа. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на некалькіх мовах выказаў падзяку Папе Рымскаму за ўвагу і папрасіў яго прадстаўніка перадаць пантыфіку запрашэнне наведаць беларускую зямлю.
Да юбілею архікатэдры выйшла на беларускай і англійскай мовах вялікая і добра ілюстраваная манаграфія, дзе падрабязна разглядаюцца этапы складанай гісторыі касцёла. Прадмовы да яе напісалі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і кардынал Казімір Свёнтак.
Сёлета так збеглася, што праз некаторы час, у сярэдзіне лістапада, была ўрачыстасць і з нагоды 100-годдзя асвячэння касцёла ў імя Святых Сымона і Алены. І зноў згадалася многа асабістага. І як мы, ужо другая група экспертаў, абмяркоўвалі супольна планы адраджэння святыні, таксама па-дзеленай — у бытнасць у будынку Дома кіно — на паверхі. І як разам з пробашчам Уладзіславам Завальнюком ездзілі ў Беласток па шэсць тысячаў кніг, падараваных касцёлу для бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, якая была адкрыта пры святыні ў тым жа 1910 годзе. І як разам абмяркоўвалі ў падзямеллі касцёла, дзе месціцца і Тэатр аднаго акцёра “Зьніч”, розныя культурныя і асветныя праекты.
Стагоддзе Чырвонага касцёла святкавалася з той жа вялікай урачыстасцю, што і трохсотгоддзе архікатэдры. Службу адправіў нунцый апостальскага пасаду арцыбіскуп Марцін Відавіч, а казанне меў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Да ўмураванага ў сцяну надмагілля Эдварда Вайніловіча, прах якога перавезены з Быдгашчы (Польшча) у Мінск, былі ўскладзены кветкі.
Адам Мальдзіс