Маралісты могуць спаць спакойна

Источник материала:  
30.11.2010 09:54 — Новости Культуры

«Словы сапраўды скончыліся. Ад літаратараў засталіся адно манахромныя выявы, якія ня хочуць сказаць вам нічога. За іх гэта зробіце вы. Як зможаце сабе дазволіць», — адзначаецца на вокладцы кнігі паштовак «Канец словаў-2: home collection», якая складаецца з 30 фота аголеных літаратараў.

Маралісты могуць спаць спакойна

З нагоды выхаду кнігі паштовак «Канец словаў: home collection» 30 лістапада (19.00) у галерэі «Ў» (пр.Незалежнасці, 37А) пройдзе вечарына «Канец словаў-2»: hom(m)e party. У праграме паказ выдадзеных і нявыдадзеных фотапрынтаў Ігара Саўчанкі, «целы і тэксты» саміх літаратараў-удзельнікаў праекту, выступленне Сяргея Пукста, Зміцера Вайцюшкевіча і пластычнага тэатра InZhest. Уваход вольны.

Далі сабе распрануць — «і фізічна, і метафарычна»Віталь Рыжкоў, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Адамовіч, Юрась Барысевіч і Анатоль Івашчанка.

Як распавяла аўтар і каардынатар праекту Дар’я Сітнікава, «усё пачалося яшчэ год таму, калі мы рабілі каляндар «Канец словаў». Бо разам з ім мы выпусцілі і бонус — некалькі паштовак з фотаздымкамі літаратараў. І зірнуўшы на гэты ўдалы бонус, мы вырашылі зрабіць яго паўнавартасным праектам. Тым больш, што водгукі былі вельмі станоўчыя».

«Нам патрэбна эротыка. Сьціплая. Хатняя. Мужчынская», — анансуюць свае дзіця аўтары праекту ў прадмове да выдання.

Маралісты могуць спаць спакойна

Калі мінулая частка праекта — каляндар «Канец словаў»  — была ў стылі альтэрнатыўнага гламуру, і фотаздымкі былі пастановачныя, то гэтыя паштоўкі больш шчырыя і нечаканыя, кажа Сітнікава. «Фатограф працаваў як нябачны назіральнік — з-за гэтага у гледача ладзіцца больш моцная сувязь з нашымі літаратарамі-мадэлямі», — дадае яна.

«Канешне, кожны чалавек ведаў, што я яго здымаю, — нагадаў фатограф Ігар Саўчанка. — Але мы дамовіліся, што яны будуць весці сабе як звычайна і рабіць тое, што яны робяць заўсёды ў гэты час ў адзіноце. Таму працу можна назваць такой псевўдадакументалістыкай. І гэтая дакументалістыка, як мне падаецца, з’явілася дзякуючы паразуменню і даверу паміж мной і мадэлямі».

Дарэчы, здымалася ўсё ў сапраўдных кватэрах літаратараў.

Маралісты могуць спаць спакойна

«Мне куды больш няёмка было не з-за распранутасці, а з-за таго, што здымалася гэта ўсё дома, куды я толькі пераехаў і не паспеў зрабіць усё так, каб было не сорамна запрасіць госця, — прызнаўся Віталь Рыжкоў. — Што да аголенасці, то мы адразу дамовіліся, што на фота можна будзе пабачыць не больш, чым на гарадскім пляжы. Не думаю, што адэкватнага чалавека гэта можа збянтэжыць. Таму з лёгкім сэрцам я ўзяў удзел у праекце».

«Жонка дала згоду на мой удзел, астатняе мяне не хвалюе, — выказаў сваё меркаванне наконт аголенасці Севярын Квяткоўскі. — Я не баюся свайго тоўстага жывату альбо недастаткова шырокіх плеч».

Маралісты могуць спаць спакойна

«Канец словаў: home collection» — сэнсава лягічны, але эстэтычна адрозны працяг «вечнага» арт-каляндара «Канец словаў», што выйшаў ў чэрвені 2009 года. «30 паштовак з выявамі сучасных беларускіх літаратараў вырашаныя ў прынцыпова мінімалістычным стылі: чорна-белая эстэтыка, дакумэнтальная натуральнасьць целаў і іх частак, паўсядзённасьць як дэкарацыя. І (амаль) ніякіх словаў». Фатограф: Ігар Саўчанка. Мадэлі: літаратары Віталь Рыжкоў, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Адамовіч, Юрась Барысевіч і Анатоль Івашчанка. Аўтары ідэі: Дар’я Сітнікава, Максім Жбанкоў.

Кожнае фота ў зборніку «Канец словаў» суправаджаецца надпісамі на адваротным баку ад літаратараў: напрыклад, «Не пакідайце Basic Language вашую, каб ня ўмёрлі» ад Барысевіча, «Праўда — зацюканая аднакласніца з прагаю падабацца» ад Рыжкова і «За ўсведамленне безальтэрнатыўнасці фактаў рэчаіснасці» ад Квяткоўскага.

Прычыны ўзяць удзел у праекце ў кожнага былі свае. «Па-першае, я добра ведаю і люблю мастака Ігара Саўчанка, які сёння самы вядомы беларускі фатограф — таму без пытанняў згадзіўся працаваць з ім, — кажа Квяткоўскі. — Па-другое, я вельмі люблю дражніць нашае ханжаскае, сумнае і двухаблічнае грамадства».

«І аўтары, і ўдзельнікі праекта — вельмі мне сімпатычныя і прыемныя людзі. Цікава было паспрабаваць сабе ў новай ролі мадэлі. А вынікам я не проста задаволены, а нават здзіўлены тым, як цудоўна ўсё атрымалася», — выказаўся Рыжкоў.

Да і сам мастак радуецца выніку. «Канешне, як заўсёды, мне больш падабаецца сам працэс. Але, трэба заўважыць, што дадзеным вынікам я задаволены настолькі, што няма жадання штосьці змяніць альбо дадаць», — прызнаўся Саўчанка.

Маралісты могуць спаць спакойна

Шмат хто можа ўспрыняць другі «Канец словаў», як адказ альбо працяг каляндару з аголенымі жанчынамі-творцамі.  Але, як заўважыла, Сітнікава, «гэты каляндар стаў для нас сюрпрызам. Мы ўжо даўно рыхтавалі нашыя паштоўкі, час адцягвалі толькі тэхнічныя праблемы. Але не лічу, што аголеныя паэткі адбяруць нашую папулярнасць, бо мы ў розных вагавых катэгорыях. Думаю, гэта проста яшчэ адзін каляндар з аголенымі жанчынамі».

Маралісты могуць спаць спакойна

Напачатку вокладцы мужчынскага набору паштовак загадкава значыцца: «Гэта — не працяг. Гэта канец. Словаў», а напрыканцы: «Гэта — не канец. Гэта — працяг. Будзе. Словамі».

«Для мяне гэта кніга — чыстая рэалізацыя канцэпцыі канца словаў, — кажа Сітнікава. — Ад новага праекта ніхто не адмаўляецца, але падаецца, гэтая кніга паштовак — лагічнае завяршэнне праекту. Таму пакуль што маралісты могуць спаць спакойна».

Ігар Саўчнака. Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці «кібернэтыка і сістэмы аўтаматычнага кіравання» (1980-1985 гг.). Пачаў працаваць з фатаграфіяй у 1989 годзе. У 1990 атрымаў прэмію Kodak-Pathe Foundation на Міжнародным салоне фота ў Францыі. Жыве і працуе ў Мінску, хаця больш вядомы за мяжой. Яго творы знаходзяцца у публічных і асабістых калекцыях Еўропы і ЗША. Таксама з 1994 года піша прозу. Займаецца дайвінгам.



Вольга ПРУДНІКАВА

←Гурт «Therion» — 30 лістапада

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика