Дзве душы беларуса

Источник материала:  
29.11.2010 17:26 — Новости Культуры

Па слядах перадачаў «Беларуская Атлантыда» на радыё «Свабода» культуролаг Вячаслаў Ракіцкі піша яшчэ адну кнігу — «Беларуская Атлянтыда. Кніга другая: міты і брэнды калянізаванай нацыі». Калі ў першай кнізе культурныя параметры нацыі, усведамленне, вымяраліся тысячагоддзем, дык у другой гутарка вядзецца пра два апошнія стагоддзі: з моманту захопу Беларусі Расійскай імперыяй. Пры дапамозе суразмоўцаў, Ракіцкі спрабуе зразумець, што здарылася з усведамленнем беларусаў. У сваёй кнізе Ракіцкі падае і разглядае міфы, што настолькі глыбока зайшлі ў свядомасць беларуса, што пры іх дапамозе сёння абсурдную рэальнасць беларус прымае як камфортную для сябе.

Вячаслаў Ракіцкі, фота Радыё Свабода

«Наша Ніва»: Ваша кніга разбіта на раздзелы «Наша», «Не нашае наша», «Нашае наша». Першы раздзел, «Наша», тыя гістарычныя і культурныя з’явы, якіх у нас не адняць: Старажытная Русь, Літва, талерантнасць. У раздзеле «Не нашае наша», тое, што нам навязалі: Вялікая айчынная вайна, камунізм, сялянская нацыя. Дык чаму ў гэтым раздзеле трапляецца Машэраў? Машэраў — не нашае?

Вячаслаў Ракіцкі: Машэраў — нашае, але ў савецкай ідэалагічнай вопратцы. Беларусь пры Машэраве зрабіла істотны крок, каб знікнуць з этнічнай карты свету. Машэраў нёс беларусам тую свядомасць, якая разбурала беларушчыну і Беларусь. Менавіта пры Машэраве зачыняліся беларускія школы, менавіта пры ім меліяравалі Палессе. Час яго кіравання — час замаруджвання ў развіцці нацыі. Мая кніга раскрывае прыроду каланіяльнага мыслення, якое навязала расійская імперыя, міфы, народжаныя з заходнерусізму, і агрэсіўных паліталагемаў камуністычнай ідэалогіі, у якую ўпісаўся наш Машэраў.

«НН»: А ў процівагу Машэраву чаму артыкул «Партызан» унесены ў «Наша», то бок у нашыя здабыткі? Ці вы збіраецеся ажыўляць міф пра Беларусь партызанскую? Хіба партызан — не накінуты сімвал?

ВР: Не. Суаўтар гэтага раздзелу філосаф Валянцін Акудовіч слушна заўважыў, што беларусы былі партызанамі нашмат раней да таго часу, пакуль іх афіцыйна зрабілі такімі, пакуль ім не накінулі гэтае азначэнне, звязанае з Другой сусветнай вайной. Беларусы былі партызанамі і ў часы паўстання Каліноўскага, калі гаворка ідзе пра ваенныя дзеянні, але беларусы і паводле сутнасці сваёй партызаны, гэта людзі якія ў жыцці могуць хавацца, і з засады біць і абараняць сябе. Невыпадкова, што сёння слова «партызан» узялі на ўзбраенне інтэлектуалы, каб паказаць партызанскасць, падпольнасць беларускай культуры.

«НН»: Значыцца, ёсць праўдзівыя міфы і міфы непраўдзівыя, навязаныя нам?

ВР: Яшчэ ёсць і трэцяе: рэчы, якія мы не атрымалі як дадзенае, а так бы мовіць, адваявалі і ў каланізатараў, і ў маргіналаў, і ў змрочнай свядомасці цягам апошніх 20–30 гадоў. Гэта — спадчына Вялікага Княства Літоўскага, узгадаў пра Грунвальд, ідэалы БНР. А вось Каліноўскага пакрысе мы адваявалі яшчэ за савецкім часам.

«НН»: Ці можна назваць вашу кнігу антысавецкай?

ВР: Ведаеце, у свой час я вельмі ўхвальна сустрэў азначэнне СССР прэзідэнтам ЗША Рэйганам — «Імперыя Ліха». Камунізм быў настолькі знішчальны для беларусаў, яны зруйнавалі і этнас, і свядомасць. Але хачу дадаць, што «Беларуская Атлантыда» не толькі антысавецкая, але і антыімперская, антышавіністычная кніга. Камуністы, якія прыйшлі на змену Расійскай імперыі, выдатна дапасавалі сваю ідэалогію да імперскай. Гэтая была такая выбуховая мяшанка, якая і прывяла беларусаў да такой свядомасці, якую мы маем цяпер.

«НН»: Якую выснову вы зрабілі падчас працы над кнігай?

ВР: Шлях ад адмаўлення каланіяльнай ідэалогіі вельмі і вельмі цяжкі. Цікава, што сама Расія значна хутчэй адмаўляецца ад савецкіх міфаў, чым Беларусь. Заўсёды каланізатары адкідваюць міфы хутчэй чым жыхары калоніі. З шараговым беларусам, у якога ў галаве каша з паняццяў, нельга пагаварыць ані пра гісторыю, ані пра айчынную культуру, ні нават пра беларускую палітыку, бо ён не заўсёды падзяляе, дзе заканчваецца расійскае і савецкае, і пачынаецца беларускае. А сучасная ўлада пагаршае сітуацыю, калі робіць колішнія міфы брэндамі, якімі можна паспяхова гандляваць. Ленін, Сталін, славянскае трыадзінства. Прыгадаем, колькі Лукашэнка гандляваў Вялікай Айчыннай вайной і 22 чэрвеня 1941 года.

«НН»: Але і інтэлектуалы апошніх гадоў стваралі брэнды: «Заходняя Беларусь», «Вільня»…

ВР: Так, трэба прызнаць, што прыкладаючыся да брэнда «Заходняя Беларусь» інтэлектуалы не заўважылі, як заходняя Беларусь у апошнія гады злілася з усходняй і культурна і побытава. Розніца паміж калісьці буржуазнай заходняй Беларуссю і чыста савецкай усходняй адсутнічае.

«НН»: Час у нас перадвыбарчы… А як вам глядзіцца з гістарычнай і культуралагічнай перспектывы, ці была ў беларусаў хоць калі магчымасць выбіраць?

ВР: Так, у 1994 годзе былі свабодныя выбары… Аднак несвабоднымі былі галовы. Беларусь выбрала сабе тады прэзідэнта адпаведна са сваім каланізаваным мысленнем. Гэта быў першы і на сённяшні дзень апошні раз, калі беларусы маглі вольна выбіраць сабе будучыню, раней і далей усё рабілі за беларусаў.

Прэзентацыя кнігі «Беларуская Атлянтыда. Кніга другая: міты і брэнды калянізаванай нацыі» адбудзецца 1 снежня, у кнігарні «Ў» (Незалежнасці 37А). Пачатак, а 18-й. Уваход — вольны.

***

Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. Кніга другая: міты і брэнды калянізаванай нацыі. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ ст.). Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2010 — 352 с.

Падзяліцца навіной: 
Гутарыў Лявон К

←«Щелкунчик» по-киевски

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика