За ўдзел у адкрыцці помніка — звальненне
Фота intex-press.by. |
Баранавіцкім чыноўнікам не спадабалася, што сп. Бернат разам з сябрамі аднавіў шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Прычым самі чыноўнікі неаднаразова на просьбы грамадскасці вырабіць такую шыльду адказвалі адмовай.
Краязнаўцу на мінулым тыдні патэлефанаваў загадчык аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Седач. Ён запатрабаваў тлумачальную запіску з нагоды адкрыцця шыльды. Сп. Бернат адмовіўся. Тады в. а. дырэктара Русінаўскага музея, дзе працуе краязнаўца, загадалі напісаць дакладную на Берната. Маўляў, ён адкрываў шыльду ў працоўны час. Калі адбудзецца разгляд па гэтай справе, невядома. Але ў райвыканкаме
ў тэлефоннай размове яму паведамілі, што працу прыйдзецца пакінуць.Міхасю Бернату — 65 гадоў. Калі ён страціць пасаду метадыста ў музеі, усё роўна прыйдзецца шукаць працу. Бо не ведае як пражыць на пенсію, якую плаціць дзяржава.
Помнік у гонар перамогі войскаў Рэчы Паспалітай над маскоўскімі войскамі ў 1660 годзе быў пастаўлены яшчэ ў 1994. Але і тады не абышлося без скандалу. Сп. Бернат распавядае, што былога ўпраўляючага справамі Баранавіцкага райвыканкама Аграноўскага хвалявала, што за такі помнік Расія не дасць Беларусі газу і нафты. «У яго ўяўленні гэта выглядала так, што нехта хоча пасварыць два народы».
КМ