Латушка падарыў «Бацькаўшчыне» кнігу Караткевіча, Казакоў — партрэт Сцяпана Батуры
Святочную вечарыну пачынае кіраўнічка «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская. Фота Андрэя Краснова.
Міністр культуры Павел Латушка падарыў Згуртаванню перавыданне Уладзіміра Караткевіча. Фота Андрэя Краснова.
Фота Андрэя Краснова.
Акадэмік Радзім Гарэцкі: Нам трэба беларускамоўны прэзідэнт! Фота Андрэя Краснова.
Відэавіншаванне з Вільні ад Хведара Нюнькі. Фота Андрэя Краснова.
Рэдактар беластоцкай «Нівы» Яўген Вапа чакае беларускамоўных школаў у Гродне. Фота Андрэя Краснова.
Радзім Гарэцкі, Лідзія Савік, Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская. Фота Андрэя Краснова.
Старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» Валеры Казакоў падарыў «Бацькаўшчыне» партрэт Сцяпана Батуры. Фота Андрэя Краснова.
Музычнае віншаванне ад «Крамбамбулі». Фота Андрэя Краснова.
Першымі з вітальнымі словамі ў залі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, дзе адбывался святкаванне, выступілі кіраўнічка «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская і міністр культуры Павел Латушка. Яны абмяняліся кампліментамі —
Макоўская адзначыла рост увагі дзяржавы да арганізацыі, Латушка падкрэсліў, што «Бацькаўшчына» фактычна працягвае рабіць тое, што рабіў Уладзімір Караткевіч — вучыць беларусаў шанаваць сваю зямлю і мову.Міністр культуры расказаў прысутным, што вярнуўся з фінальных урачыстасцяў у Оршы, прысвечаных 80-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Ён выказаў думку, што шанаваць нашых класікаў трэба не толькі ў юбілейныя гады, але штогод. Павел Латушка падарыў «Бацькаўшчыне» перавыдадзенае да юбілея пісьменніка «Дзікае паляванне караля Стаха» на беларускай, расійскай, украінскай і англійскай мовах пад адной вокладкай, а таксама дыск з дакументальным фільмам «Свет Караткевіча».
Прамова былога прэзідэнта «Бацькаўшчыны» акадэміка Радзіма Гарэцкага была не зусім святочнай. Ён выказаў неспакой за істотнае скарачэнне колькасці беларускамоўных суайчыннікаў. Згадаўшы, што акурат зараз краіна перажывае чарговы выбарчы перыяд,
акадэмік Гарэцкі цвёрда адзначыў, што сітуацыя выправіцца толькі тады, калі кіраўнік краіны будзе гаварыць па-беларуску, а ўслед за ім і ўрад з парламентам.Гэтыя словы перарвалі апладысменты залі.
Тэму мовы працягнулі наступныя выступоўцы.
Наш пароль, па якім мы можам пазнаць адзін аднаго сярод іншых народаў, гэта наша мова, беларуская мова. Знікне гэты пароль знікнем і мы, сказаў паэт Генадзь Бураўкін.Галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, чый прыезд да апошняга быў пад пытаннем з-за складанасцяў з беларускай візай, сказаў, што чакае, калі ў суседняй з Беласточчынай Гародні нарэшце з’явяцца беларускамоўныя школы.
Старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» Валеры Казакоў прызнаўся, што часам сутыкаеца ў Расіі з пытаннямі, навошта яму тая мова сярод расейцаў.
«Калі я пайду да Бога, то мова дапаможа мне патлумачыць, хто такі і адкуль узяўся»,— сказаў Казакоў. Ён падарыў «Бацькаўшчыне» копію параднага партрэта Сцяпана Батуры, выкуплены ў Калужскім мастацкім музеі. Па словах Казакова, у музеі захоўваюцца дзясяткі вывезеных некалі з Беларусі карцінаў. Настаў час вяртаць свае багацці на Бацькаўшчыну, упэўнены старшыня ФНКА «Беларусы Расіі».
Павіншаваць Згуртаванне беларусаў свету прыйшлі рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, мовазнаўца Лідзія Савік, госці з замежжа — дырэктарка Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Лілія Плыгаўка, намесніца старшыні беларуска-эстонскага згуртавання Зінаіда Клыга. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ды старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька даслалі свае віншаванні ў выглядзе аўдыё- і відэазваротаў.
Музычнае суправаджэнне святочнай вечарыны зладзілі «Стары Ольса», «Унія», Зміцер Сідаровіч ды хлапчукі Адась і Тамаш, Алесь Камоцкі і «Крамбамбуля».
Сямён Печанко; фота Андрэя Краснова