Аповесць Караткевіча выдалі на чатырох мовах
Яго прэзентацыя прайшла 25 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Павел Латушка.
Уладзімір Гілеп.
«Дзікае паляванне караля Стаха» на чатырох мовах.
Пражскае выданне аповесці.
Рыжскае выданне.
Берлінскае выданне.
Віленскае выданне.
З ідэяй падобнага выдання выступіў міністр культуры Павел Латушка. Ён і звярнуўся з прапановай да старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа два месяцы назад. У Беларусі, праўда, за выданне фаліянта не ўзялася ніводная друкарня. Ніхто не мог выпусціць кнігу у такі кароткі тэрмін. Кніга выйшла накладам 3000 асобнікаў у Польшчы. Для выдання знайшоўся спонсар, імя якога вырашылі не агучваць.
«Выдаючы менавіта «Дзікае паляванне караля Стаха», выстралілі ў дзясятку,
— адзначыў прафесар Адам Мальдзіс. — Найлепшым творам Уладзіміра Караткевіча лічыцца «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Безумоўна, знакавы твор для беларускай літаратуры — «Каласы пад сярпом тваім». Але ж ён не закончаны. «Дзікае паляванне караля Стаха» — найбольш рамантычны твор у Караткевіча».
Міністр культуры паведаміў, што
першы асобнік гэтага выдання быў перададзены Аляксандру Лукашэнку. Таксама кнігу атрымалі Сяргей Сідорскі, Уладзімір Макей, Сяргей Мартынаў, Сяргей Лаўроў.Павел Латушка сказаў, што выхад такой кнігі стаў адным з мерапрыемстваў па святкаванні юбілею пісьменніка. Па яго словах, ужо адліта бронзавая скульптура Уладзіміра Караткевіча, якую ўсталююць ва ўкраінскай сталіцы. «Засталіся толькі тэхнічныя моманты з мэрыяй Кіева, каб упарадкаваць месца, дзе гэта адбудзецца. Але гэта ўжо адбудзецца. І я ў гэтым перакананы».
Чакаецца, што праз пасрэдніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі «Дзікае паляванне караля Стаха» на чатырох мовах прэзентуюць у Вільні, Маскве, Лондане і іншых сталіцах.
Сяргей Макарэвіч