Караткевіч: «Не адолеюць вас ні імперыялісты, ні камуністы»

Источник материала:  
26.11.2010 09:28 — Новости Культуры
Пра малавядомыя моманты з жыцця Караткевіча ўспамінае ягоны сябар Анатоль Забалоцкі.

Караткевіч: «Не адолеюць вас ні імперыялісты, ні камуністы»

Найлепшых творцаў мы называем Народнымі — тытулам, які перарос пачатковы савецкі змест. Але для Караткевіча, які іранізаваў з узнагародаў, гэтыя шаты падаюцца занадта фармалізаванымі. Яму больш пасуе азначэнне Улюбёнага пісьменніка беларускай літаратуры. Тым больш што слова «ўлюбёны», як і «прыўкрасны», трапіла ў мову з яго лёгкай рукі.

Гэтыя ўспаміны Анатоля Забалоцкага дазваляюць нам зірнуць на Караткевіча позіркам старонняга, дадаюць рысачкі, беларусу незаўважныя. Яны ахопліваюць 1960—1970-я гады, у якія пісаліся ключавыя творы. Перад намі — Караткевіч у росквіце творчых сілаў.

Дзесяць гадоў я працаваў на «Беларусьфільме», шмат далёкіх куткоў Беларусі пабачыў дзякуючы Караткевічу.

Як весела было з ім ездзіць, колькі ж у розных застоллях загінула яго ўпушчаных жартаў, расказаных выпадкаў — ніхто не запісваў.

…Неяк мы дапазна заседзеліся ў мяне. Валодзя нават у позні час заўсёды збіраўся дадому: «Мама турбуецца». Доўга мы чакалі транспарт. Раптам пад"ехаў «Ікарус» здвоены, з «гармонікам» — у два салоны. Валодзя стаяў, апусціўшы галаву, а ўбачыўшы аўтобус, прамовіў з уздыхам: «Ой, адзінокая гармонь прыехала, дзякуй Богу» — і заскочыў усярэдзіну.

Спецыялізаваўся ён пасля заканчэння Кіеўскага ўніверсітэта на славянскіх мовах, меў рэдкую памятлівасць, у паездках біў ведамі ў любой сферы чалавечага быцця; усякую траву мог назваць на лаціне і па-народнаму і аб карысці і месцах росту распавесці. Які ж ён быў патрыёт сваёй зямлі і мовы!

Мутнае вока

…Караткевіч ніколі не чапаў накрухмаленых сурвэтак, горкі якіх стаяць у рэстаранах, асабліва маляўніча — у «Белавежскай пушчы». На пытанне, чаму, адказваў: «Не начальства ж іх мые, а старая — за капейкі. Абыдземся», — і за шмат гадоў ні разу не адступіў ад свайго правіла.

Яршысты, нязручны чалавек, Караткевіч ганіцеляў меў нямала, быў шчыры, ні ў чым не дыпламатнічаў. У былым архірэйскім падворку адкрылі Дом мастацтваў. Валодзя адзін з першых ахрысціў яго — «Мутнае вока», таму распарадчык не пускаў яго ў залу, а назва ў тыя гады так і замацавалася за ўстановай.

Фільм збяёдалі

…У яго вуснах слова «Бацькаўшчына» гучала неяк асабліва спеўна. Мурашкі па спіне, бывала, прабягалі, калі пачынаў ён аб мінулым Белай Русі казаць. Ад яго я пачуў упершыню і беларускую прыказку: «Бяда толькі рака красіць», якую ён ставіў эпіграфам да гісторыі беларускага народа.

Шукшын, прачытаўшы сцэнар Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», лаяў усіх і мяне, што па такім матэрыяле фільм збяёдалі. А пасля лістоў Караткевіча чакаў небессэнсоўнага знаёмства. Але праз свецкую мітусню не сустрэліся Уладзімір з Васілём.

…Чытаю апублікаваныя лісты Караткевіча да Гераніма Стулпана. Яго тэмперамент і стыль ні з чым не зблытаеш: «Слухай, чорт! Калі будзеш і далей невядома з якой прычыны злавацца і не адкажаш нават на гэты, трэці, ліст, я таксама крыху раззлуюся. Пішы, чуеш? І калі злуеш, проста і шчыра скажы пра гэта. Я пастараюся заслужыць дараванне». У гэтым пасажы гучыць жывы Караткевіч.

Воля кагорты

…Гады, аддадзеныя «Беларусьфільму», падарылі мне сустрэчы з многімі майстрамі слова рэспублікі; сярод іх былі Янка Брыль, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Пятро Глебка, Аркадзь Куляшоў, Васіль Быкаў. Але найбліжэйшыя і найтрывалейшыя былі зносіны з Уладзімірам Караткевічам. З ім мы, назіраючы, абмяркоўвалі ўвесь працэс выцяснення літаратараў з кінатворчасці. Пры гэтым кінарэдактура спасылалася на нібы асаблівую спецыфіку «кінадраматургіі». Паўсядзённую працу кінастудыі ўзначальвала згуртаванае «кагорта-ядро» рэдактараў, кінарэжысёраў і эканамістаў (дырэктараў, якiя загадваюць рэальнымі грашыма і працоўнай сілай). Ядро было збітае задоўга да Айчыннай вайны. Узначальваў яго да самага скону Корш-Саблін: усюды быў яго подпіс, але ўсе рашэнні на самай справе рыхтаваў склад: І.Шульман, А.Кучар, М.Фрайман, І.Дорскі, С.Рабінаў, С.Вайнерт...

Калі нават на нейкі час кіраўніцтва рэспублікі прызначала галоўным рэдактарам Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка або Максіма Лужаніна, усё роўна воля «кагорты» выконвалася непарушна. Існавала шматступенная цэнзура. Зняты матэрыял «перажуюць» на студыі, а ў Маскве датопчуць па лісце-заключэнні, напісаным амаль заўсёды М.Фрайманам. Ідэалагічны страх у Беларусі быў горшы за маскоўскі.

У перыяд «адлігі» ў кіёску Рускага музея ў Ленінградзе я накупляў значкоў з лозунгамі кастрычніка 1917 — «Мір народам», «Зямля сялянам»; пра «Заводы рабочым» не было значкоў. Максім Лужанін, з якім я сустрэўся ў студыі, прачытаўшы на лацкане майго пінжака пра зямлю, моўчкі ўцёк.

…а замест гэтага напіўся

…Неяк прыехаўшы ў аэрапорт, мы пачулі аб"яву па радыё аб хуткім вылеце ў Вільню і наяўнасці білетаў. Валодзя загарэўся: «Ляцім». …У Вільні ён вызваніў Бронюса Марцінкявічуса. Прыехалі і іншыя браты прыбалтыйскія. Вершы, апавяданні, творчыя планы — застолле доўжылася мірна. Потым пачалося смешнае: суразмоўцы зараўлі, калі перайшлі да дзяльбы межаў. Літоўцы патрабавалі ў Караткевіча возера Нерыс (Нарач). Латыш патрабаваў зямлю ў Даўгаўпілса. Мастак патрабаваў у Караткевіча Браслаўшчыну ...Раніцай Караткевіч будзіў нас гучным жартам: «Хацеў дайсці да Даўгаўпілса, а замест гэтага напіўся. А я ж ім учора ўсё аддаваў — не бяруць... Спяць...».

Радасць і гнеў

…У Рагачове чакалі аўтобуса на аўтастаянцы. Вецер пранізлівы. Паўгадзіны няма аўтобуса, і людзей няма, акрамя нас. І вось з"явілася бабуля з вялікім чамаданам у суправаджэнні дзяўчынкі і хлопчыка, абодва дашкольнага ўзросту. Бабуля агледзелася, прымасціла чамадан на дошкі і звярнулася да Караткевіча, гледзячы знізу на яго, высокага, закінуўшы галаву да неба: «Хлопчык, пасцеражы дзетак і куфар. Я ў краму збегаю па ліманад».

Валодзя, загасіўшы папяросу, прысеў на кукішкі перад напружана-прыціхлымі дзеткамі: «Шкада, цукерак няма, але будуць. Як цябе зваць?»— спытаў ён хлопчыка. Ён маўчыць, старэйшая дзяўчынка таксама маўчыць і строга пазірае на брата. Валодзя смяецца, паўтарае пытанне. Хлопчык доўга маўчаў і ўсё-такі не стрываў: «Нам не кажуць, мы і не ведаем». Валодзя ўскочыў з воклічам: «Во малайцы! Во малайцы! Не адолеюць вас ні імперыялісты, ні камуністы».

У аўтобусе ён абмяркоўваў з бабуляй яе радавод, дзеткі гатовыя былі пайсці да яго ў госці, але бабуля не змяніла сваіх планаў (прадукты даставіць і ўнукаў).

…Здымаем дакументальны нарыс «Сведкі вечнасці». Караткевіч, як у сваім агародзе, арыентаваўся на зямлі Беларусі: знаходзіў дуб Міцкевіча ў ваколіцах Наваградка або таполю Напалеона на Нёмане. Мы, удзельнікі здымак, начавалі ў Рагачове і ў яго дзядзькі І. В. Грынкевіча. Ён ветліва карміў нас свежазлоўленай у Дняпры рыбай. Рыба дый паветра ў сталоўцы струменілі пах мазуты. «Ды гэтага нельга есці», — абураліся кіношнікі. Ігар Васільевіч, просячы прабачэння, прапаноўваў гародніну. Уладзімір Сямёнавіч моўчкі і дэманстратыўна еў рыбу, а калі «дзядзька» выйшаў, гнеўным шэптам адчытаў: «Ну, што ён вінаваты, што Днепр запаганены «нафтай». Не сыпце соль яму на раны. Пашкадуйце сівую галаву. Ешце радыску, шчаўе. Знялі б лепш пра гэтую бяду сюжэт. Ды ні ў кога духу не хопіць! А тут не вякайце...»

...У самыя безнадзейныя перыяды маёй працы на «Беларусьфільме» Уладзімір Сямёнавіч ратаваў мяне ад бязвер"я і адчаю. Дзякую яму за спавядальныя разважанні і ўчынкі. Пры згадцы пра яго ўва мне ажываюць Светліня і Надзея, ім пасеяныя.

Друкуецца скарочана паводле «Наш современник»

***

Анатоль Забалоцкі

нар. у 1935. Кінааператар. Працаваў на «Беларусьфільме», «Талінфільме», «Масфільме». Пастаноўшчык фільмаў «Альпійская балада», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каліна красная», «Печкі-лавачкі». Жыве ў Маскве.


Падзяліцца навіной: 
Сяргей Мікулевіч

←«Быў. Ёсць. Буду»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика