Канцэрт «J: морс» у Палацы спорту адбудзецца
Прэзентацыя новага альбому «J: морс» «Электрычнасць» у Палацы спорту, запланаваная на 11 снежня, адбудзецца. Пра гэта паведаміў Зміцер Безкаравайны, адказны за кантакты з прэсай. Па яго словах, пра гэта ім сёння ім паведамілі ў адміністрацыі палацу.
24 лістапада ў сваім блогу лідар «J: морс» Уладзімір Пугач напісаў, што сольны канцэрт гурта можа быць адменены. Прычына — напярэдадні «J: морс» адмовіўся ўдзельнічаць у акцыі «Беларусь — гэта мы». Гурт прынцыпова не ўдзельнічае ў палітызаваных мерапрыемствах, а ў дадзеным выпадку дадавалася неабходнасць выступаць пад фанаграму. Па словах Пугача, не дачакаўшыся згоды выступаць, арганізатары канцэрта (тэлеканал АНТ) пачалі пагражаць. «Калі вы адмовіцеся ўдзельнічаць у гэтым канцэрце, мы маем права зрабіць так, што вас прыбяруць з усіх каналаў краіны». А потым ад пагрозаў прыступілі да канкрэтных дзеянняў: канцэрт у Палацы спорту адмянілі «ў сувязі з правядзеннем там 11 снежня спартыўнага мерапрыемства».
Нагадаем, што альбом «Электрычнасць» можна бясплатна спампаваць на сайце гурта.
Сямён Печанко