Дзіцячае «Еўрабачанне»: Арменія — пераможца, Беларусь — пятая
Уладзімір Арзуманян.Фота tut.by. |
Армянін Уладзімір Арзуманян з песняй «Мама» набраў 120 балаў. За ім ідзе расійскі дуэт Сашы Лазіна і Лізы Дрозд (119). Трэцяе месца заняла сербка Соні Шкорыч (113).
Журы вырашыла не пакідаць ніводнага маладога выканаўцу з нулявым вынікам. Таму прадстаўніку кожнай краіны адразу налічвалася па 12 балаў.
На гэтым «Еўрабачанні» пераважалі песні на нацыянальных мовах. Але беларускі выканаўца спяваў па-руску.
Толькі ролік на пару секунд, які анансаваў песню, зрабілі па-беларуску.Адметнасцю сёлетняга дзіцячага конкурсу стаў прыезд у Мінск пераможцаў папярэдніх гадоў. А таксама выступленне ўдзельнікаў дарослага «Еўрабачання» Аляксандра Рыбака і Дзмітрыя Калдуна.
Як прайшло галасаванне. Не кожная краіна налічыла Беларусі балы. Данііла Казлова адзначылі ў Літве (4), Малдове (6), Нідэрландах (3), Украіне (6), Расіі (10), Латвіі (12), Арменіі (10), Мальце (3), Грузіі (12), Македоніі (7).
Беларусь вышэйшыя балы паставіла Расіі (12), Сербіі (10) і Арменіі (8).Айчынныя маладыя выканаўцы ўжо займалі першае месца на дзіцячым «Еўрабачанні». У 2005 годзе перамагла Ксенія Сітнік, а ў 2007 — Аляксей Жыгалковіч.
Удзел у сёлетнім конкурсе ўзялі прадстаўнікі чатырнаццаці краін. Літва, Малдова, Нідэрланды, Сербія, Украіна, Швецыя, Расія, Латвія, Бельгія, Арменія, Мальта, Беларусь, Грузія, Македонія.
КМ