Францыя перадасць Беларусі лічбавыя копіі дакументаў ВКЛ
Лічбавыя копіі дакументаў Вялікага Княства Літоўскага, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі, плануецца перадаць у Беларусь. Такую магчымасць абмеркавалі на сустрэчы ў Мінску міністр культуры Беларусі Павал Латушка і прэзідэнт Нацыянальнай бібліятэкі Францыі Бруно Расін.
На сустрэчы былі абмеркаваны магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў, звязаных з арганізацыяй навуковых даследаванняў і вывучэннем фондаў нацыянальных бібліятэк абедзвюх краін, вырабам лічбавых копій дакументаў. У прыватнасці, Бруно Расін у адказ на прапанову Паўла Латушкі пацвердзіў магчымасць перадачы беларускаму боку лічбавых копій дакументаў ВКЛ.
У часе падрыхтоўкі ў Беларусі да памятных мерапрыемстваў з нагоды 200-годзьдзя вайны 1812 года сумесным праектам можа стаць віртуальная рэканструкцыя матэрыялаў вядомага бібліяфіла і мэцэната Івана Каладзеева, частка якіх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
БЕЛТА