Андрэй Лянкевіч прэзентуе «Паганства»
«Адпраўляючыся ў падарожжа па беларускіх вёсках, Андрэй Лянкевіч вырашыў сабраць сведчанні аб гэтай усё яшчэ існай у многіх куточках краіны паганскай культуры. У кнігу ўвайшло апісанне дзесяці абрадаў: Жаніцьба коміна, Каляды, Гуканне вясны, Юр’я, Пахаванне стралы, Куст, Провады русалкі, Купалле, Дажынкі, Перанос свячы, а таксама сабраная цэлая калекцыя свяшчэнных расьлінаў, жывёл і аб’ектаў. Праект нясе яскрава выяўлены антрапалагічны характар, што адлюстроўваецца ў спецыфіцы партрэтаў: франтальныя партрэты з цэнтральным месцам фігуры ў натуральных абставінах, стыль, добра вядомы нам па класічных працах Дыяны Арбюс і Аўгуста Зандэра. Такія партрэты заяўляюць аб прысутнасці псіхалагічнага, сацыяльнага і нават самога фізічнага існавання чалавека. І ўсё гэта агулам робіць свет паганскай культуры абсалютна рэальным для нас», — піша ў прадмове да кнігі Святлана Паляшчук.
Кніга «Паганства» была надрукаваная ў літоўскім выдавецтве «Аrx baltica» пры падтрымцы польскага выдавецтва Fundacja Villa Sokrates і Нямецкага Фонду Маршала. Замовіць яе можна ў інтэрнэт-краме Knihi.by.
СП