Перад выбарамі на радыё забаранілі «Песню пра цешчу»

Источник материала:  
08.11.2010 11:14 — Новости Культуры
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў з ратацыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё зніклі «несур’ёзныя» кампазіцыі мясцовых выканаўцаў. Пад негалосную забарону таксама трапілі Queen, Depeche Mode і нават песня «Дэльтаплан» расійскага спевака Мікалая Наскова.

«Запрасілі на Першае нацыянальнае радыё для інтэрв’ю. Рэдактар адмовілася ставіць мае песні ў эфір. ВЫБАРЫ!!!», — такі пост змясціў у сваім твітэры вядомы беларускі шоўмэн Дзмітрый Урангель.

Карэспандэнт «Салiдарнасцi» звязалася з ім, каб распытаць пра сітуацыю падрабязней. У выніку мы пачулі камічны дыялог, які пацвярджае, да якога абсурду і маразму часцяком даходзяць беларускія дзяржслужбоўцы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

— Прадстаўнікі Першага нацыянальнага радыё запрасілі мяне на інтэрв’ю, — расказаў гісторыю тыднёвай даўнасці Дзмітрый Урангель. — Перад жывым эфірам адна супрацоўніца папрасіла кампакт-дыск з маімі песнямі і пайшла з ім да музычнага рэдактара. Праз некаторы час дзяўчына вярнулася і выбачальным тонам сказала: «На жаль, мы вашыя песні паставіць не можам». Ні «Халасцяка», ні «Фітнэс», ні «Песню пра цешчу». Толькі не крыўдуйце, зразумейце мяне…».

«А што з імі не так?» — спытаў я.

«Яны хуткія, жартоўныя, несур’ёзныя. А хутка выбары…», — адказала яна.

«Добра, больш часу пагутарым ў жывым эфіры», — працягнуў я.

«Але вы можаце абраць песню каго-небудзь іншага», — прапанавала суразмоўца.

«Тады нешта з Queen.

„Іншае“.

„Depeche Mode“.

Зноў адмова і прапанова назваць песню рускамоўнага выканаўцы. Я ўспомніў песню „Дэльтаплан“ Мікалая Наскова. І гэта таксама выявіўся не варыянт!

Шоўмэн падагульніў, што падчас эфіру ў выніку ўсё-ткі была пастаўлена яго песня. Гэта была павольная кампазіцыя шматгадовай даўніны, якую Дзмітрый Урангель спявае ў дуэце з Вольгай Плотнікавай — " Знали, мы придумали всё сами…».

— Упершыню за пятнаццаць гадоў маёй дзейнасці сутыкнуўся з такой сітуацыяй, — пракаментаваў гісторыю Дзмітрый. — Упершыню мае песні былі падвергнутыя цэнзуры. Сітуацыя даволі абсурдная, бо гэтыя кампазіцыі, таксама як, да прыкладу, многія песні «Дыскатэкі Аварыі», «Hi-Fi», Евы Польнай — нясуць пазітыў, уздымаюць настрой! Але, як я зразумеў, на гэтай радыёстанцыі цяпер дзейнічае ўстаноўка даваць слухачам музыку ціхую, спакойную, павольную…

Адзначым, што Першы нацыянальны канал Беларускага радыё з’яўляецца часткай Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, якую ўзначальвае Аляксандр Зімоўскі.

Падзяліцца навіной: 
Салідарнасць

←Кустурыца прыляціць у Мінск у аўторак

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика