Вяртанне да вытокаў
04.11.2010
—
Новости Культуры
З кнігі “Полацк – бацька гарадоў беларускіх” пачынаецца цэлая серыя выданняў пра знакамітыя мясціны і паселішчы роднага краю
Кожная кніга, кажуць, для яе стваральнікаў — дарагое дзіця. Але для пісьменніка, радыёжурналіста Навума Гальпяровіча кніга пра родны Полацк асаблівая. “Марыў напісаць яе даўно, яшчэ ў чацвёртым класе, — быццам заглядвае ў мінулае Навум Якаўлевіч з цёплай усмешкай, — і мы з сябрам-аднакласнікам Валодзем Казловым нават пісалі паэму пра Полацк. Вядома ж, была яна вельмі шчырай, але… Дарослыя ў раённай газеце, куды мы прынеслі твор, параілі падрасці і вярнуцца да гэтай тэмы. Так што здзейснілася наканаванае, і я, працуючы над кнігай пра Полацк, які для мяне сёння значыць больш, чым проста горад дзяцінства, вярнуўся ў свой чацвёрты клас. Даўняя мара нарэшце збылася...”
На прыгожай вокладцы значацца два аўтары. Палачанка, журналістка, калега Гальпяровіча па колішняй працы ў полацкай раёнцы, а цяпер дырэктар выдавецтва “Пачатковая школа” Наталля Ваніна таксама даўно жадала прызнацца роднаму гораду ў любові. Аўтары разам ездзілі рабіць здымкі, працавалі зладжана, аператыўна: “гарачы” тэкст Гальпяровіч дасылаў па электроннай пошце ў рэдакцыю, і выдавецкая каманда, дызайнер А. Пятроў мудравалі над афармленнем. Паспелі да 1 верасня, бо кніга ж у першую чаргу прызначана для школьнікаў 4–6 класаў, таго далікатнага ўзросту, калі толькі пачынаеш усведамляць сябе грамадзянінам і напаўняецца новым сэнсам слова Радзіма.
У шыкоўна выдадзенай, багата ілюстраванай кніжцы расказваецца пра гісторыю Полацкай зямлі і вядомых людзей, лёсы якіх паяднаны з ёю. Першая летапісная згадка пра Полацк, які гісторыкі за яго паважаны ўзрост і значэнне для краіны называюць бацькам гарадоў беларускіх, адносіцца да 862 года. Дзяржава князя Рагвалода, няпросты лёс ягонай дачкі Рагнеды, князь Усяслаў Чарадзей, удзел полацкай харугвы ў Грунвальдскай бітве… Шэраг цікавых фактаў пра даўніну, пададзеных аўтарамі проста і даходліва, утвараюць прыгожы мазаічны партрэт горада. Расказваецца і пра Полацк сучасны, яго малодшага брата Наваполацк, шматлікія музеі і літаратурныя мясціны Полаччыны.
Палачанам, вядома ж, ёсць чым ганарыцца. Першая хрысціянская святая на ўсходнееўрапейскіх землях Ефрасіння Полацкая, першадрукар і асветнік Францыск Скарына, першы прафесійны літаратар на ўсходнеўрапейскіх землях Сімяон Полацкі — іх знакамітыя землякі. Дзясяткі прозвішчаў, партрэтаў, скульптурных вобразаў людзей, якія праславілі свой горад, узбагацілі беларускую культуру пададзены ў кнізе. Калі ж яна будзе прыязна сустрэта чытачамі, то аўтары спадзяюцца на перавыданне з аўдыёдыскам. Да слова, на 23-й Міжнароднай кніжнай выставе ў Маскве, дзе нядаўна прэзентавалася выданне, дырэктарка аднаго з вядомых расійскіх выдавецтваў заўважыла: гэта кніга для сямейнага чытання. І сапраўды, выданне “Полацк — бацька гарадоў беларускіх” цікавае і для дарослых.
Кніга ўжо прэзентавалася ў Хойніках на Дні беларускага пісьменства, у Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку, а пад час нядаўняй паездкі на юбілей беларускага руху ў Латвіі Навум Гальпяровіч падарыў пару экзэмпляраў Ганне Іванэ, дырэктару Беларускай школы ў Рызе. Аўтары лічаць, што яна будзе вельмі карыснай для работы і ў іншых беларускіх суполках замежжа. У прыватнасці, у нядзельных школах і гуртках, якія там працуюць. Яно і зразумела: само чытанне такой кнігі стварае ў душы адчуванне Радзімы, уласнай далучанасці да яе гісторыі, сучаснасці, а з гэтага ж і пачынаецца патрыятызм. Тым болей, што ў Полацку вытокі нашай беларускай свядомасці, культуры, а ўрэшце і беларускай дзяржаўнасці.
У працэсе работы над кнігай аўтары загарэліся ідэяй напісаць цэлую серыю кніг для школьнікаў “Гістарычныя мясціны Беларусі”. “Мы цяпер працуем над кніжкай пра Мінск, на чарзе — Віцебск і шэраг іншых мясцінаў, — дзеліцца планамі Навум Гальпяровіч. — Так што кніга пра Полацк — толькі першая ластаўка”.
Нядаўна стала вядома, што за значны ўклад у захаванне і развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва, высокае прафесійнае майстэрства пісьменнік Навум Гальпяровіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Віншуем!
Іван Ждановіч