Святая спадчына. Кожнае выданне Бібліі па-свойму непаўторнае і можа шмат чаго расказаць

Источник материала:  
Святая спадчына.
Кожнае выданне Бібліі па-свойму непаўторнае і можа шмат чаго расказаць

Біблія і сёння застаецца самай папулярнай і шматтыражнай кнігай у свеце. Шмат стагоддзяў таму вытрымкі са Святога пісання клаліся ў аснову літаратурных і гістарычных твораў. Да XVII стагоддзя па Псалтыры беларусы вучыліся чытаць і пісаць. Біблейскія тэксты былі ўзорам пісьменнасці і красамоўства. На шчасце, некаторыя арыгінальныя выданні Святога пісання вядомых асветнікаў і першадрукароў захаваліся да нашых дзён.

Дылема гетмана Хадкевіча

Напрыклад, першае поўнае кіры-лічнае выданне Святога пісання на царкоўнаславянскай мове вылучаецца тым, што надрукавана характэрным для першадрукароў шрыфтам — паўуставам з элементамі курсіву — дробнымі, выразнымі літарамі без найменшых памылак. Гэта Біблія была створана ў 1581 годзе ў Астрозе Іванам Фёдаравым.У славян любімай кнігай Старога Запавету быў Псалтыр. Гэта кніга мелася фактычна ў кожнай хаце. Вядомы беларускі друкар Пётр Мсціславец выдаў у 1576 годзе ў Вільні так званы Псалтыр з чырвонымі кропкамі (тут не толькі назвы раздзелаў выдзелены гэтым колерам, але і кропкі). Кніга дрэнна захавалася, але нават на фрагментах арыгінала бачны прыгожы, выразны буйны шрыфт, характэрны для ўсіх выданняў Пятра Мсціслаўца. У тым ліку і для Евангелля, надрукаванага ў 1575 годзе ў Вільні. Яно прыкметнае яшчэ і тым, што распавядае пра яго стваральніка. У пасляслоўі аўтар расказваў аб тым, як хваляваўся, калі прыступаў да друкавання, бо гэта святы для хрысціян тэкст. І ён, грэшны чалавек, бярэ на сябе вялікую адказнасць, выдаючы такую кнігу. Але калі Богам дадзены чалавеку нейкі дар, разважаў друкар, то ён абавязаны яго рэалізаваць.  А беларускі асветнік Сімяон Полацкі нават пераклаў на вершы частку Старога Запавету. У 1680 годзе ў Маскве выйшла яго кніга “Псалтыр рыфматворны”.З цягам часу значна большай папулярнасцю ў Беларусі стаў карыстацца Новы Запавет. У 1569 годзе гетман Вялікага Княства Літоўскага Рыгор Хадкевіч выдаў у сваім маёнтку ў Заблудаве Евангелле. Кніга адметная тым, што ў ёй упершыню была надрукавана пропаведзь знакамітага беларускага асветніка Кірылы Тураўскага “Слова на Узнясенне”. Прадмова напісана самім гетманам Хадкевічам. У ёй гаворыцца аб тым, як ён сумняваўся, на якой мове друкаваць кнігу: на беларускай або на царкоўнаславянскай. Каб вырашыць гэтую дылему, Рыгор Хадкевіч запрасіў на раду Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. І яны параілі яму выдаваць кнігу на царкоўнаславянскай мове, каб не ўкралася памылка ў Святое пісанне. Таму прадмова напісана на старабеларускай мове, а сам тэкст Евангелля — на царкоўнаславянскай.

Ювелірная праца

Цікавасць да старажытных і рэдкіх помнікаў пісьменнасці сёння, несумненна, узрастае. Беларускія навукоўцы працуюць над узнаўленнем кніг, якія даўно былі згублены. Выдавецтвам Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы нядаўна выдадзена факсімільнае Слуцкае Евангелле канца XVI стагоддзя. Зараз ідзе праца над адраджэннем Полацкага Евангелля XII стагоддзя, якое, паводле падання, было напісана самой Ефрасінняй Полацкай. Кніга была вывезена з тэрыторыі Беларусі яшчэ ў перыяд Лівонскай вайны і з таго часу на доўгія гады знікла з поля зроку даследчыкаў. Цяпер Полацкае Евангелле знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.— Факсімільная праца — гэта вышэйшы пілатаж! — заяўляе выканаўчы дырэктар выдавецтва Беларускага Экзархата Уладзімір Грозаў. — Часам над адной старонкай нават самы прафесійны фотамайстар працуе па некалькі дзён. Акрамя таго, арыгіналы, з якіх робяцца здымкі, вельмі дарагія. Полацкае Евангелле, напрыклад, застрахавана на тры мільёны васемсот тысяч еўра. Але для беларускай зямлі гэта выданне бясцэннае, таму мы плануем завяршыць падрыхтоўку факсімільнага Полацкага Евангелля да 1150-годдзя заснавання Полацка, якое будзе адзначацца ў 2012 годзе.

←В Минске пройдет шестичасовой джазовый фестиваль

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика