Вольскага прынялі ў Саюз пісьменнікаў, а Глобуса не пусцілі ні ў Саюз мастакоў, ні ў ПЭН
{FOTOS}
Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў прыняла музыку ў шэрагі арганізацыі. Рэкамендавалі яго для ўступлення ў саюз Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч. Літаратурная спадчына рок-музыкі ўвасобілася ў зборніках паэзіі «Калідор» (1993) і «Фотаальбом» (2000). У бліжэйшы час Вольскі абяцае выдаць раман, напісаны ў 1990-х. І падрабязнасцяў пакуль не раскрывае.
Адначасова Вольскі падаў заяву на ўступленне ў Беларускі ПЭН-Цэнтр, але там працэдура прыняцця даўжэйшая.
А вось Адама Глобуса другі раз не прынялі ў Саюз мастакоў Беларусі.
Адам Глобус. |
На пашыраным пасяджэнні Рады мастаку адмовілі ў сяброўстве ў саюзе. «Абгрунтавалі тым, што я — не чалавек. Савіч сказаў: «Паэтам можаш ты не быць, а чалавекам абавязаны».
Глобус наракае, што мастакі Уладзімір Савіч, Сяргей Цімохаў і Рыгор Сітніца пакрыўдзіліся на яго за кніжку «сУчаснікі», дзе напісана і аб іх.
Глобус пакрыўджаны адмовай.
Падчас галасавання на бюро Саюза мастакоў і на секцыі жывапісу аднагалосна яго кандыдатуру падтрымалі. Рэкамендавалі ў саюз Глобуса Уладзімір Тоўсцік, Аляксандр Грышкевіч, Уладзімір Кожух (старшыня мастацкай секцыі).
Для пісьменніка і мастака гэта не адзіная арганізацыя, у якую яго не прымаюць. Тройчы Глобусу адмаўлялі ва ўступленні ў ПЭН-Цэнтр — таксама ў выніку асабістых канфліктаў.
Сяргей Макарэвіч