У Мінску адкрылася выстава плаката Яфіма Тараса
![]() |
У экспазіцыі прадстаўлена 17 работ Тараса 1940—1960-х гадоў са збору БСД, які захоўвае багатую калекцыю айчыннага плаката, у тым ліку каля 30 графічных твораў юбіляра. На выставе дэманструюцца плакаты, прысвечаныя 30-годдзю БССР, 40-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, неўміручасці вучэння Леніна, правадыру савецкага народа Іосіфу Сталіну, а таксама выгодам, звязаным з захоўваннем грошай у ашчаднай касе і набыццём білетаў грашова-рэчавых латарэй.
Яфім Тарас — прадстаўнік старадаўняга беларускага шляхецкага роду — нарадзіўся 25 мая 1910 года ў вёсцы Мядзвежына пад Мінскам у сям"і сталяра-чырванадрэўшчыка. Пасля атрымання пачатковай адукацыі паехаў у Ленінград, дзе працаваў грузчыкам у порце, рабочым у Тэатры юных гледачоў, скончыў мастацкую студыю. Пасля вяртання ў Мінск з 1932 па 1944 гады служыў у арміі, а затым працаваў мастаком.
Як адзначыў сын мастака - Анатоль Тарас, у лёсе яго бацькі было ўсякае: за вываз з Мінска ў першыя дні вайны сакрэтных дакументаў разведвальнага аддзела штаба Заходняга фронту Яфім Тарас быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, а ў 60-гадовым узросце без усялякіх падстаў быў асуджаны і дзевяць месяцаў правёў у турме.
Паводле яго слоў, за сваё жыццё Яфім Тарас намаляваў больш за 100 плакатаў, аформіў прыкладна столькі ж кніг, стварыў шмат паштовак і гандлёвых марак.
Старшыня БСД Дзмітрый Сурскі
выказаў надзею, што сумесна з роднымі мастака будзе створаны альбом творчасці Яфіма Тараса.Як адзначыў Сурскі, уся творчая спадчына Тараса, якая захоўваецца ў фондах БСД, адзнята і прадстаўлена на персанальнай старонцы мастака на сайце аб"яднання, прысвечаным беларускаму плакату. Паводле яго слоў, фатаграфіі, дакументы і ўспаміны, якія маюць родныя і блізкія мастака, могуць стаць асновай альбома.
Сурскі мяркуе, што такое выданне будзе карыстацца вялікай папулярнасцю, паколькі адлюструе цэлую эпоху жыцця савецкіх людзей.
Выстава працуе да 25 лістапада.Паводле БелаПАН