Алесь Наўроцкі. Вершы
Кветка-ружа мая
Вершы
Доктар! Роды новыя прымай!
Міхалінай кліча
мяне калгас “Прагрэс”.
З кошыкам аднойчы
я шыбую ў лес.
Тут бамбавозы хмарай,
помню, гулі.
Над чарапамі зараз
гудуць чмялі.
Паспелі арэхі,
гараць агні рабін.
І хоць бы для пацехі –
баравік адзін.
Вавёрка танцуе
уверсе, дзе дубы.
Ох, нешта не шанцуе
мне на грыбы.
Чаму я не ў Парыжы?
Навошта гэты дуб?
І тут пад кепкай рыжай
угледзела я чуб.
Маліннік можа сведчыць:
там, дзе ўгрэўся мох,
як партызан-разведчык,
той чуб – Змітрок – залёг.
Вось бы мне прывабіць
таго прыгажуна.
І я… зрабіла выгляд,
што ў лесе я адна.
Скідаю я абнову.
Накрыла хусткай твар —
і у касцюме Евы
Лаўлю пупком загар.
Ляжу так. Загараю.
А грудзі — што званы.
Змітрок мой падпаўзае
і — шусь свае штаны.
Я штурх яго рукамі,
а ён мяне — ў палон.
І зазваніў званамі,
і разбудзіў мой звон.
З тае пары зацірку
есць маю Змітрок
з фарфоравай талеркі,
дзе сіні абадок.
Дабрэннейшага мужа
упалявала я.
Ён працавіты дужа,
дружная й сям’я.
У хаце званочкам —
шустрая дачка.
А хоча муж сыночка,
авось дасць Бог сынка!
Няп’юшчай муж пароды
і не гультай.
Доктар! Роды
новыя прымай!
Па снезе
(1955 год. Я, санфельчар сельскай бальніцы, іду ў школу, каб правесці з вучнямі заняткі па
комплексе ГСА — гатоў да санітарнай абароны).
Малаком белізна
разлілася вакол.
Вунь бяжыць ад гумна
сцежкі вузкае ствол.
Журавель вунь з вядром
захісталі вятры.
Вунь глядзіць пузыром
прасціна на шнуры…
Санны полаз дугой
запаўзае ў кусты.
У кішэні маёй
два пакеты-бінты.
З кожным крокам бліжэй
мой у школе ўрок,
беганіна дзяцей
і зазыўны званок.
Ў клас зайду я царом.
Будуць ведаць усе,
як раненне бінтом
абвязаць на назе,
як суняць той ручай,
што каліны ярчэй
(каб не трапіць у рай) —
навучу я дзяцей.
Вучаніца адна
там ёсць — Божухна мой!
Жах наводзіць яна
сваёй юнай красой.
А краса — быццам крык.
Тым я ўскрыкам жыву.
З-за яе пад цягнік
суне хтось галаву.
Мой глыбокі уздых…
Эх, каб я быў не я, —
мы б злавілі ўдваіх
разам з ёй салаўя!
Зноў убачыў за шклом
яе твар — у акне.
Рассякла, бы мячом
яна ўсмешкай мяне…
О, каб я быў герой!
Каб жа я быў не я, —
мы б злавілі зімой
разам з ёй салаўя!
Ружа
І
Я ў школу бягом,
каб паспець на ўрок.
А ля школы — дзетдом
і дзяцей табунок.
Сярод іх — і ЯНА,
хто за партай са мной.
Не спазняюся я,
раз ЯНА тут з дзятвой.
Суцішаю свой бег.
Абапёрся аб воз.
Даляцеў ЯЕ смех
ад зжаўцелых бяроз.
Развязаўся шнурок
на бацінку ЯЕ.
Зробіш крок, а ён скок:
крок зрабіць не дае.
Стан сагнула ЯНА.
Свой партфель — убачок.
І рукамі дзвюма
хоп за той завіток.
О ты Божухна мой!
Які быў артыстызм!
Як жа спіна дугой
нахілілася ўніз!
Тут я маху не даў.
Мой учынак такі:
ружу вокам сарваў
з яе мілай шчакі.
Мне бяда — паўбяды:
я ж з той ружай багач.
Схаваў руку — куды?
Здагадайся ж, чытач!
Завязала шнурок.
Паглядзела кругом.
І пайшла на ўрок
паўз калодзеж з вядром.
А за ЁЮ праз міг
па лісці, па агнях,
затаіўшы свой дых,
і я рушыў у шлях.
Нёс я торбу. А ў ёй —
кніжкі, кляксы, пяро,
вінт з сарванай разьбой
і ляза вастрыё.
Мне дванаццаты год.
Прылаўчыўся чытаць:
як асколкі — у рот
знакі-кулі ляцяць!
Стройных клёнаў кастры
лютавалі ўгары.
А на шэрым жвіры —
нібы колер зары.
Нібы шчасця збанок
ўвесь я выпіў да дна —
завязала ж шнурок
спрытным рухам ЯНА!
Будзе некалі знаць,
хто шчаслівы такі.
Удалося ж сарваць
ружу мне са шчакі!
ІІ
Дзяцел долатам б’е,
і дзяўбе, і дзяўбе.
Раздрабіў цішыню,
стукам лечыць сасну.
Адшугалі агні,
ападаюць на дол.
Дух прыемны, лясны,
дух смалісты вакол.
Вадаспады агнёў
з шалясценнем — уніз.
О, як шмат жалудоў
холад ноччу адгрыз!
Хмыз хавае лісу.
Адцвілі верасы.
Ну й апенак — касу
запускай і касі!
Дзяцел долатам б’е,
і дзяўбе, і дзяўбе.
Раздрабіў цішыню,
стукам лечыць сасну.
Бачу зноў цябе, лес,
толькі ў сумным святле.
Пад твой кіну навес
думы-мары свае.
Ўчора лёг я набок
і не спаў дапазна:
завязала ж шнурок
на бацінку ЯНА.
І я маху не даў.
Мой учынак такі:
ружу вокам сарваў
з яе мілай шчакі.
Дрэва, птушка і звер!
Знайце: нібы красу,
тую ружу цяпер
я па лесе нясу!
Дзяцел долатам б’е,
і дзяўбе, і дзяўбе.
Раздрабіў цішыню,
стукам лечыць сасну.
Сумны клін жураўлёў
у блакіце плыве.
Вадаспады агнёў —
на пажухлай траве.
Шэпчуць лісцяў агні,
колюць хмызу шыпы.
І куды ні зірні —
чарапы… чарапы…
З акружэння байцы
выбіваліся тут.
Немцы іх — у шчыпцы.
«Рус, здавайся!», «Капут!»
А патронаў няма,
толькі дзесяць штыхоў.
……………………
І не будзе пісьма
і праз сотню гадоў.
Дзяцел долатам б’е,
і дзяўбе, і дзяўбе,
раздрабіў цішыню,
стукам лечыць сасну.
Скокнуў з клёна лісток,
дакрануўся да пня.
Вельмі ж спрытна шнурок
завязала ЯНА…
І я маху не даў.
Мой учынак такі:
ружу вокам сарваў
з яе мілай шчакі.
Не завяне павек
кветка-ружа мая
Праз нягоды і здзек
яе вынесу я.
З тою ружай мне жыць.
З ёй ісці цэлы век.
У глыбінях душы
тая ружа павек!
Дзяцел долатам б’е,
і дзяўбе, і дзяўбе,
раздрабіў цішыню,
стукам лечыць сасну…
26.ІІ.2010 г.
Алесь Наўроцкі, «Новы час»