Гудбай, гастролька: лібералізацыя канцэртнай дзейнасці
Раней «гастролька» была сапраўднай праблемай, асабліва для незалежных прома-каманій — бегаць і збіраць дакументы на яе доўга, ды і каштуе яна парадкам (асабліва для замежнікаў). «НН» высветліла ў мінскіх арганізатараў канцэртаў, як паўплывае на іх дзейнасць адмена «гастролькі», і ці чакаць нам «канцэртнага бума»?
Уладзімір Шаблінскі, дырэктар канцэртнага агенцтва «Лінія гуку»:
— Гэта вельмі добрая навіна для арганізатараў канцэртаў. Адмена любых адміністратыўных працэдур, што ўскладняюць дзейнасць арганізатараў — гэта вельмі добра. Тым больш, што наяўнасць гастрольнага пасведчання — не сугучна нашаму часу. Гаворка ідзе пра тое, што
канцэртны рынак выспеў і стаў цывілізаваны.Я добра памятаю, як на пачатку 2000-х ён напоўніўся лжэ-прадпрымальнікамі, якія давалі анонс канцэрта, прадавалі квіткі, а ў выніку ніякага канцэрта не было. Праз гэта і былі ўведзеныя гастрольныя пасведчанні. Цяпер жа рынак цывілізаваўся, і адмена «гастролькі» вартая апладысментаў.
— Ці павялічыцца пасля гэтага колькасць канцэртаў?
— Не, бо колькасць мэтавай аўдыторыі не павялічыцца, у нас зараз і так канцэртны рынак набраў абароты — пачалі прывозіць дарагіх замежных артыстаў. Затое рынак пяройдзе да самарэгуляцыі і здаровай канкурэнцыі.
Яўген Уладзіміраў, дырэктар і прадусар
— Мы чакалі адмены «гастролькі» дзесяць год. Аналагаў сістэмы «гастрольных пасведчанняў» няма нідзе, ні ў якой краіне. Калі яго насамрэч адменяць, нам больш не давядзецца плаціць «за паветра». Я разумею, калі арганізатар траціцца на рэкламу, на памяшканне, на ганарар музыкантаў, і, ў выпадку, калі застаецца прыбытак — плаціць падатак, як любы грамадзянін — гэта правільна. Але
існаванне «гастолькі» — несправядлівасць, арганізатар павінен плаціць за спробу арганізаваць мерапрыемства!Толькі за спробу! А грошы бяруць вельмі нават прыстойныя. Нават калі мы зможам бясплатна атрымліваць тую самую «гастрольку», гэта будзе першы крок да цывілізаванага канцэртнага рынку.
Юрась Ускоў