Дабраславі вас Бог, містэр Сміт!

Источник материала:  
08.10.2010 16:04 — Новости Культуры

Дабраславі вас Бог, містэр Сміт!
фота - Ганна Кісліцына. http://fotki.yandex.ru/users/annahonda

Сёлета да нас завіталі адразу некалькі зорак сусветнай літаратуры: іранічна адыёзны (невядома чаго больш) аўтар рамана «Самавар», расеец Міхаіл Велер на Мінскім кніжным кірмашы тры гадзіны запар выдаваў пра сакрэты светабудовы да прызнанні пра заганнасці расійскай улады. Герой еўрапейскай папулярнай культуры Януш Леон Вішнеўскі, аўтар экранізаванага раману-бэстселеру «Адзінота ў сеціве», павышаў сваю папулярнасць па мінскіх бібліятэках аўтографамі і галівудскімі ўсмешкамі. І вось калі ласка: да нас завітаў пачынальнік слэм-руху, публічнай паэзіі Марк Сміт, які ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры даў лекцыю пра перавагі гэтай новай формы паэзіі.

1.God Bless You, Janka Maŭr!

Сярод строгага антуражу Музею гісторыі літаратуры Сміт выглядаў як экзатычная птушка.

Моцна дапамагаючы сабе рукамі, вельмі голасна дэкламаваў уласныя вершы. Паказваючы на партрэт Янкі Маўра, гукаў «Дабраславі Божа, гэтага містэра!». Лямантаваў, удаючы свісток паравоза, і загадваў людзям з публікі граць дзяцей і рабіць адцісканні ад падлогі. Дык, спадару Сміт, ці не ёсць ваша мастацтва чыстай тэатральшчынай?

— Так нейкая рацыя ў вашых словах ёсць, — кажа Марк Сміт. — У слэме той, хто мае аратарскія напрацоўкі, будзе мець перавагу. Але што адрознівае слэм ад тэатра, гэта тое, што кожны паэт, нават сарамлівы, можа навучыцца мастацтву выступу самастойна. Проста паэт у слэме не павінны ўзносіцца па-над публікай, а павінны быць з ёй на адным ўзроўні.

На думку Сміта, слэм – найвышэйшая форма мастацтва ад паэзіі, бо ў аўтара ёсць усе магчымасці вершаскладання, і ў дадатак усе магчымасці выканання. Застаецца ўсе гэтыя магчымасці выкарыстаць.

2. Ад Брэста да Антарктыды

Калі хто не ў курсе, слэм — публічная бітва паэтаў. Выступ удзельніка слэм-вечарыны ацэньваюць гледачы, таму тут важны не толькі сам тэкст, але і тое, як аўтар выконвае свой твор. Ад звычайных паэтычных чытанняў слэм адрозніваецца наяўнасцю моманту гульні, якая стварае своеасаблівую атмасферу. Усё пачалося ў 1987 годзе ў чыкагскай кавярні «Зялёны млын», калі паэты прыходзілі пацешыць і далучыць да чытанняў публіку. Ідэя спадабалася. Пауль Ланскі перанёс бацылу слэму ў Еўропу, у Нямеччыну. Пасля Аўстрыі, Францыі і Паўднёвага Полюса—там палярнікі ладзілі выступы на навуковых станцыях — слэм колькі гадоў таму даехаў урэшце Беларусі.

«Беларускія слэмеры вылучаюцца большай сціпласцю і менш выкарыстоўваюць экспрэсіўную, калі не сказаць лаянкавую, лексіку ў параўнанні са сваімі ўкраінскімі і расійскімі калегамі», — лічыць шматразовы вядоўца слэм-вечарынаў паэт Андрэй Хадановіч. Паслухаўшы інсцэніроўкі сваіх вершаў Віктара Жыбуля і Анкі Ўпалы, як вам, спадару Сміт, беларускі слэм?

— Гэта ўсё роўна як вярнуцца ў 1987 год, — кажа Сміт. — У вашых паэтаў столькі запалу і экспрэсіўнасці, мы ж у Амерыцы на жаль даўно едзем на накатных рэйках. І наколькі я пачытаў пераклады, вершы беларускіх слэмераў пры ўсёй тэатральнасці, нясорам выкладаць на паперы.

3. Я прыйшоў, каб вы перамаглі

Але не ўсе беларускія паэты даюць даніну павагі Марку Сміту і яго руху. Анатоль Івашчанка напісаў адкрыты ліст да Марка Сміта. Яго галоўная думка: слэмеры нагадваюць хутчэй блазнаў, калі выпінаючы жылы, спрабуюць пацешыць публіку. І няма нічога больш жалю годнага, чым паэты, якія спаборнічаюць. Паэтка Вольга Чайкоўская не лічыць слэм мастацтвам. «Слэм — не паэзія, гэта хутчэй новы від мастацтва, з яго перавагамі і заганамі. А сапраўдная паэзія ўсё ж у напісаных словах, а не рухах».

— Слэм — мастацтва для ўсіх, — кажа на гэты закід Марк Сміт. — А наконт спаборніцтва: мы з сябрамі заўважылі, што элемент спартыўнасці дадае прывабнасці, прымушае публіку не сыходзіць з паэтычных чытанняў. І бітва паэтаў -- спартыўная толькі адносна. І тое, што адзін паэт выйграў у слэме, азначае, што менавіта ў гэты канкрэтны дзень, перад гэтай канкрэтнай публікай, паэт меў большы поспех — і толькі таго.

***

Марк Сміт (нар. у 1949) — амерыканскі паэт, заснавальнік паэтычнага слэм-руху. Ён пачаў сваю кар’еру ў сярэдзіне 80-х. Ён хутчэй прадстаўляе, чым проста дэкламуюць свае творы. Сміт сцвярджае, што сваёй творчасцю хоча вярнуць паэзіі народу, бо на звычайных паэтычных вечарынах людзі пачалі нудзіцца. Сміт —аўтар тэлеперадачы «Злучаныя Штаты Паэзіі».

Падзяліцца навіной: 
Ліза Кавальчык

←Около 90 выдающихся деятелей Беларуси войдут в Республиканский совет по делам культуры и искусства

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика