Услед за «Паганствам» — партрэты польскіх беларусаў
Паміж першай фотавыставай, прысвечанай беларускаму паганству, і выпускам фотаальбома прайшло больш за два гады. У прадмове да першай выставы пра працу фатографа гаварылася: «Жывучы ў хрысціянскай традыцыі, мы не заўсёды разумеем, што яна з’явілася пасля дваццаці тысячагоддзяў паганскіх вераванняў і табу. Хрысціянства ж уплывала на цывілізацыю толькі апошнія дзве тысячы гадоў. Паганства прысутнічае ў жыцці сучаснага грамадства: хто не глядзіць у люстэрка, калі вяртаецца па забытыя рэчы, хто не падумае некалькі разоў, ці варта працягнуць вандроўку, сустрэўшы чорнага ката. У вёсках — больш. І цяпер бабулькі размаўляюць з каровамі вясною перад першым выхадам у поле, вераць, што жаба-рапуха — гэта вядзьмарка. Андрэй Лянкевіч пры дапамозе фатаграфіі паказвае паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу існуюць у Беларусі. Большасць традыцыяў знікае альбо ўжо знікла ў 60—70-я гады мінулага стагоддзя. У некаторых вёсках іх памятае толькі адна, найстарэйшая жыхарка».
Кніга «Паганства» была надрукаваная ў літоўскім выдавецтве «Аrx baltica», пры падтрымцы польскага выдавецтва Fundacja Villa Sokrates і Нямецкага Фонду Маршала.
Незадоўга да выдання кнігі фотапрацы Лянкевіча з серыі «Беларускае Паганства» адзначылі на штогадовым міжнародным фотафестывалі ў Каўнасе (Літва) Kaunas Photo STAR. Узнагарода — персанальная выстава ў FOTO KVARTALS gallery (Ryga, Latvia) у 2011 г.
«У бліжэйшы час буду ладзіць прэзентацыі новай кнігі», — падзяліўся сваімі планамі Андрэй Лянкевіч. Гэта своеасаблівае падвядзенне рысы пад манументальнай працай фатографа. Наступным этапам будзе выданне новай кнігі. «Гэта задумы на наступны год. Думаю выпусціць кнігай партрэты беларусаў, што жывуць у Польшчы», — кажа Андрэй Лянкевіч. Гэты праект фатограф рэалізаваў у часе пад стыпендыі ад польскага Narodowe Centrum Kultury.
***
Прэзентацыі:
Вена — 7 кастрычніка, 19.00, Anzenbergergallery.
Мінск — 13 кастрычнiка, 19.00, Інстытут імя Гётэ, г. Мінск, вул. Веры Харужай, 25/3.
У планах правядзенне прэзентацыі ў Берліне. Адбудзецца яна праз месяц, месца пакуль ня вызначанае.
Сямён Печанко