Залаты пярсцёнак Магілёва. Прыгарад Магілёва своеасаблівы

Источник материала:  
Залаты пярсцёнак Магілёва.
Прыгарад Магілёва своеасаблівы

Блізкасць да вялікага паселішча накладвае адбітак і на эканоміку, і на сацыяльную сферу. Гістарычна раён і горад як сіямскія блізняты. Нельга дакладна рэгіянальна падзяліць падзеі, што адбываліся тут у розныя часы. Скажам, ваявалі на тэрыторыі прыгарада, а абаранялі Магілёў. У гэтым, а таксама з пункта гледжання іншых варункаў прыгарадны раён нібы залаты пярсцёнак, які абрамляе абласны цэнтр. Аб дыяментавым аздабленні гэтага пярсцёнка чытайце ніжэй.

Царская вадаКалі ў перыяд Першай сусветнай вайны ў Магілёве знаходзілася царская Стаўка, імператар Мікалай ІІ пасля прагулкі па Дняпры часцяком наведваўся ў прыгарадную вёску Палыкавічы, што размясцілася на правым беразе ракі. Ён з задавальненнем частаваўся чыстай, смачнай і халоднай вадзіцай з тутэйшай крыніцы, якая пачынае свой шлях на ўзгорку і дабягае да Дняпра. Прынамсі, гэтая крыніца вядома аж з ХVI стагоддзя. У пачатку ХІХ стагоддзя яна апісана акадэмікам Севергіным, дарэчы, ураджэнцам Магілёўшчыны, як “...унікальная крыніца мінеральных водаў Беларусі”. Дваццаць гадоў таму пачалося аднаўленне і капліцы над крыніцай, і храма на ўзвышшы, адкуль яна выцякае.

Музей беларускай вёскіНа ўскрайку Магілёва, на бабруйскай шашы, як гавораць гараджане, чатыры гады назад створаны своеасаблівы музей. Афіцыйная яго назва — этнаграфічны музей пад адкрытым небам “Беларуская вёска”. Той-сёй можа запярэчыць: маўляў, навошта ствараць нейкую штучную вёску, калі ў краіне шмат сапраўдных. Яно так. Але з цягам часу сельскі жыццёвы ўклад вельмі змяніўся. Разам з гэтымі зменамі страчаны многія вясковыя рамёствы. Шмат давядзецца пашукаць, каб знайсці сапраўднага каваля, бондара, разбяра па дрэве, гаршчэчніка. Тут жа сканцэнтраваны ўсе адметнасці былога вясковага побыту.

У гонар слаўных перамогХутка стогадовы юбілей адзначыць і капліца, якую магілёўскае земства пабудавала на свае сродкі ў гонар стагоддзя перамогі над Напалеонам. І зараз кожны, хто бывае тут, можа прачытаць надпіс на белай сцяне: “Памяці герояў. 11ліпеня 1812 года па ўсёй пазіцыі Фатава—Салтанаўка адбыўся бой войскаў рускага імператара Аляксандра І, корпуса генерал-лейтэнанта Раеўскага з французскімі войскамі Напалеона і пад кіраўніцтвам маршала Даву”. Капліца ў наш час стала рытуальнай: маладыя падчас заключэння шлюбу лічаць сваім абавязкам пабываць тут і ўскласці кветкі да мемарыяльнай пабудовы.

На цягніку па заасадзеЗаасад у вёсцы Буйнічы з’явіўся нядаўна. Але літаральна за некалькі год стаў любімым месцам адпачынку гараджан і гасцей абласнога цэнтра. І не толькі таму, што кожнаму цікава ўбачыць дзікіх звяроў на адлегласці выцягнутай рукі. Яны тут утрымліваюцца амаль што ў прыродных умовах — настолькі вальеры для іх прасторныя і зручныя. Такіх дзівосных волатаў, як зубры, а таксама аленяў, дзікоў, казуль можна ўбачыць і ў натуральным лесе, што раскінуўся на плошчы амаль 80 гектараў. Дастаткова сесці на цягнічок з двума вагонамі, які быў закуплены ў Італіі, і па 2-кіламетровай чыгунцы праехаць па ўгоддзях. Заасад не толькі месца масавага адпачынку. Ён натуральная лабараторыя для будучых егераў, ахоўнікаў лесу, якіх рыхтуе Магілёўскі прафесійны лесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага. Тут яны на практыцы адпрацоўваюць навыкі будучай прафесіі.

Да нашчадкаў праз стагоддзіЦарква Пакрава Багародзіцы ў вёсцы Вейна пабудавана ў пачатку ХVІІІ стагоддзя. Але адметнасць яе не толькі ў гэтым. Цікавыя і архітэктурныя формы будынка: ён не мае вуглоў. На тэрыторыі храма знаходзіцца прыродная крыніца. З дапамогай мясцовай улады зроблена яе добраўпарадкаванне. У наш час у царкве былі абноўлены абразы, мастацкі роспіс.

Маятнік памяціУ мемарыяле “Буйніцкае поле”, што закладзены ў гонар гераічных абаронцаў Магілёва ў пачатку мінулай вайны, ёсць каплічка, узведзеная над склепам, дзе пахаваны салдаты і народныя апалчэнцы. А ў каплічцы ў яе высокі купалападобны дах уманціраваны так званы маятнік Фуко. Кажуць, што, запушчаны, ён ніколі не спыніцца.

Спадчына паноў ЖукоўскіхУ часы праўлення імператрыцы Кацярыны ІІ, якая, як вядома, не скупілася на раздачу земляў сваім вернападданым, вёску Дашкаўка і маёнтак у ёй атрымалі ў якасці родавага маёнтка дваране Жукоўскія. Было гэта ў 1772 годзе. Жукоўскія залажылі ля маёнтка парк, у якім высадзілі рэдкія для нашых мясцін дрэвы і кусты. Зараз тут можна ўбачыць аж 34 іх разнавіднасці. Сярод іншых сустракаецца ірга каласістая, паркавая ружа, кусты спірэі. Некалькі гадоў таму маёнтак наведала праўнучка пана Жукоўскага. Яна выдаткавала значныя сродкі для рэканструкцыі будынка, ачысткі паркавага возера і прывядзення ў парадак самога парку. Зараз тут, як і ў былыя часы, адбываюцца святы і народныя гулянні.

←Литва передаст Беларуси цифровые копии документов времен ВКЛ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика