Новая "Крамбамбуля" з новымі песнямі!
23.09.2010 10:28
—
Новости Культуры
Пазітыў яднае – лічыць грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" і прэзентуе ўсім аматарам файнай музыкі новы сінгл гурта "Крамбамбуля" "Раз-два-тры – усе за стол!".
"Крамбамбуля" – адзін з найбольш яскравых і папулярных беларускіх музычных калектываў дзесяцігоддзя. Менавіта гэтаму гурту на чале з Лявонам Вольскім мы мусім дзякаваць за сапраўдныя народныя хіты "Абсэнт", "Госьці", "Турысты" і шмат іншых цудоўных песень.
На новым сінгле "Крамбамбуля" вяртаецца да публікі пасля 3-гадовага перапынку з новым складам, новымі песнямі і фірмовым добрым настроем!
– "Крамбамбуля" захавала свае лепшыя якасці і набыла новых колераў, стыляў і нават галасоў. Цяпер у нас усе не толькі граюць і танчаць, але яшчэ і спяваюць! – распавядае Лявон Вольскі. – Энергіі назапашана шмат, таму зараз мы распрацоўваем адразу некалькі новых творчых вектараў. Па-першае, рыхтуецца вясельная праграма, у межах якой мы спалучаем лепшыя здабыткі рок-н-ролу, сонечнага ска і вясковага каларыту. Да яе і адносіцца гэты сінгл. Па-другое, рыхтуем праграму народных песень Беларусі і іншых краін. Да яе таксама зробім сінгл.
– Партнёрства "Будзьма!" і "Крамбамбулі" абcалютна натуральнае, – тлумачыць каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Ніна Шыдлоўская, – і музычна праект, і грамадская кампанія створаныя, каб яднаць людзей на глебе пазытыву.
Зараз "Крамбамбуля" – гэта Лявон Вольскі (вакал, гітара), Паўлюк Рысь (гітара, вакал), Альгерд Гарус (гітара, вакал), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас, вакал), Сяржук Штэндэр (бубны, вакал), Радаслаў Сасноўцаў (труба, вакал), Кастусь Карповіч (трамбон, вакал).
Пры канцы года "Крамбамбуля" плануе вялікі канцэрт з новай праграмай, а да гэтага музыкі збіраюцца зняць кліп на адну з песень сінгла "Раз, два, тры – усе за стол!". А на якую – вырашаць слухачы праз адмысловае інтэрнэт-галасаванне, якое ўжо пачалося.
Спампаваць новыя песні, каб іх слухаць, спяваць, дарыць іншым можна на сайце "Будзьма разам!".
Спампаваць караоке-версіі гэтых песень, а таксама прагаласаваць за лепшую песню сінгла (на яе і будзе зняты кліп) можна на афіцыйнай старонцы krambambula.by.