Андрусь Храпавіцкі. Нафта
Андрусь Храпавіцкі – кампутарнік, інтэрнэт-выдавец. Жыве між Глыбокім і Вільняй. |
Дробны дождж і кава ў кубку пахне нафтай
Учора пахавалі Бродскага, а сёння рэп
Апошняй музыкі акорды сцішыліся з каўкай
Што праляцела паўз і знікла прэч
І Менск ужо не Менск, а толькі мокры горад,
Які застаўся без патрэбы быць сабой
З карціны кроплі злізваюць мастацтва долу
І больш няма чаго чытаць паміж радкоў
Калісьці ў гэты свет уклалі нашы душы
Ці апраўдалі мы давер інвестара ці мо
Мы бы каты, якіх аддалі ў чужыя рукі
Каб з каменем не адпускаць на волі дно
Чужыя рукі нас прылашчаць, адлупцуюць
Мы будзем церціся аб іх, баяцца іх,
І спадзявацца, што яны нас пачастуюць,
І не прагоняць, як прагнаў нас ты
Змывае дождж апошняе стагоддзе
Якое змесцілася на сусветны каляндар
Самотны вецер круціць у карагодзе
Калісьці існаваўшай краіны лемантар
* * *
Андрусь Храпавіцкі – кампутарнік, інтэрнэт-выдавец. Жыве між Глыбокім і Вільняй.