Гавары са мной па-беларуску (ангельску)
Беларуска-ангельскі і ангельска-беларускі размоўнік у адной кнізе выдала Таварыства беларускай мовы.
— Наш размоўнік уклалі маладыя людзі, удзельнікі суполкі «Нашчадкі», якія з аднаго боку валодаюць замежнымі мовамі, а з іншага — хочуць, каб да беларускай далучылася як мага больш людзей, — кажа Алена Анісім, намесніца старшыні ТБМ. — Задача размоўніка — упісаць беларускую мову ў еўрапейскі, сусветны кантэкст, і натуральна — спрасціць адносіны паміж людзьмі з розных краін.
Размоўнік зроблены гэтак, як у апошнім часе робяць у Еўропе дзвюхмоўныя выданні, то бок той размоўнік можна чытаць з абодвух бакоў, з беларуска-ангельскага і ангельска-беларускага. Размоўнік змяшчае раздзелы «Ветлівыя выразы», «Карысныя пытанні», «Знаёмства з горадам» да т.п. Такі размоўнік не першы ў гісторыі беларускай лексікаграфіі, але яго адметнасць у тым, што ангельска-беларуская частка змяшчае лацінкавую транскрыпцыю беларускіх словаў і выразаў.
Як паведамляе кіраўнік ТБМ Алег Трусаў у планах таварыства выданне кітайска-беларускага размоўніка.
— Наш крытэр пры выбары мовы — яе пашыранасць у свеце,— кажа Трусаў. — Кітайская ж — ці не самая распаўсюджаная ў свеце і яе вельмі актыўна вывучаюць у нашай краіне. Напрыклад, у 23 беларускамоўнай гімназіі ёсць «кітайскія» класы.
Прэзентацыя дзвюхмоўнага размоўніка адбудзецца 28 верасня ў будынку Чырвонага Касцёла. Пачатак а 18. Падчас прэзентацыі ўсе ахвочыя змогуць атрымаць асобнік размоўніка задарма.
Беларуска-англійскі размоўнік/English-Belarusan phrase-book. Даведачнае выданне. Укл. Уладзімір Кошчанка. Мінск: «Артыя Груп», 2010, - 190 ст., 200 ас.
Лявон К.