Магіла Фалькоўскага — прадмет даўняй спрэчкі

Источник материала:  
15.09.2010 16:40 — Новости Культуры
Улады абяцаюць усталяваць мемарыяльны знак пасля «Дажынак».

Магіла Фалькоўскага — прадмет даўняй спрэчкі
Прыблізнае месца, дзе раней знаходзілася сімвалічная магіла. фота - lifelida.com

Сімвалічную магілу ўдзельніка паўстання ксяндза Адама Фалькоўскага знеслі ў гарадскім парку культуры і адпачынку Ліды. Пра гэта паведаміў сайт інфармацыйна-забаўляльнага партала горада Ліды. Магіла была пазначана невялічкім крыжыкам, і да яе часта насілі кветкі. Нагадаем, Ліда рыхтуецца прыняць фестываль «Дажынкі», таму цэнтр горада актыўна ўпарадкоўваецца. Цэнтральны парк таксама зазнаў змены: гарадскія службы змянілі тут ландшафт і выбрукавалі алеі.

Лідскі актывіст, пісьменнік і рэдактар краязнаўчага часопіса «Лідскі летапіс» Станіслаў Суднік лічыць, што прычынаў для грамадскага абурэння няма, паколькі месцазнаходжання магілы — не дакладнае. А тое, што знеслі будаўнікі алеі некалькі дзён таму, дадае актывіст, — адно сімвалічнае месца.

— Сёння пасля столькіх гадоў і перабудоваў горада вельмі цяжка вызначыць дакладнае месца магілы, — кажа Станіслаў Суднік. — Калі б мы ведалі, што тая магіла — дакладнае месца пахавання, мы бы натуральна выступілі супраць.

Суднік паведаміў, што ўчора сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовага аддзела ідэалогіі. Там яму паабяцалі, што наўзбоч алеі ў хуткім часе з’явіцца памятны камень з надпісам пра ксяндза. Суднік цалкам дапускае, што на тым камяні таксама з’явіцца герб паўстання, а камень аздобяць дэкаратыўным кустоўем.

— Так, маленькі крыж, які стаяў тут раней, знеслі будаўнікі, але амаль адразу, амаль на тым самым месцы, наўзбоч новай алеі, мы ўсталявалі іншы крыж, — дадае Суднік. – Самае галоўнае, каб у цэнтральным парку, няважна на якім месцы, з’явіўся мемарыяльны знак Фалькоўскаму.

Сімвалічная магіла Фалькоўскага — прадмет даўняй спрэчкі грамадскасці з уладай. Некалькі разоў актывісты БНФ ды іншых грамадскіх рухаў усталёўвалі крыж на месцы меркаванага пахавання ксяндза-паўстанца. Улады той крыж амаль імгненна зносілі. У 2004 годзе было дасягнутае пагадненне паміж уладай і грамадскасцю аб ушанаванні памяці ўдзельнікаў паўстання і ксяндза Фалькоўскага ў прыватнасці, аднак афіцыйны помнік так і не быў усталяваны.

кс. Адам Фалькоўскі. Пробашч парафіі Ішчолна (цяпер Шчучынскі раён). Адзін з сямі ксяндзоў Лідчыны, пакараных смерцю за ўдзел у паўстанні 1863 г. Да паўстання ксёндз ачольваў патрыятычнае Брацтва Святой Тройцы. Яго найвялікшы вычын — зачытванне з амбона маніфест паўстання. Быў расстраляны царскай уладай, а яго цела было залітае вапнай, каб не захаваліся парэшткі. Калі месцы пахаванняў іншых шасці ксяндзоў невядомае, дык месца магілы Фалькоўскага больш-менш акрэслена — яно ў цэнтры Ліды, аднак гістарычныя дакументы падаюць вельмі прыблізныя арыенціры магілы.

Падзяліцца навіной: 
ЛК

←В Нью-Йорке поставят оперу-винегрет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика