Open Art Fair: прэм’ер-міністра Галандыі зацікавілі толькі беларускія мастакі
15.09.2010 15:10
—
Новости Культуры

Праўда, пра візіт Яна Петэра Балкенендэ арганізатарамі мерапрыемства заяўлена не было, таму ягонае з'яўленне выклікала ажыятаж.
Пасля афіцыйнай прамовы прэм'ер-міністр прайшоўся па ўсіх стэндах кірмаша, але спыніўся толькі ля аднаго - беларускага. Стэнд Вікторыі Каваленчыкавай прыцягнуў увагу Яна Петэра сваёй незвычайнасцю на фоне галандскага абстракцыянізму.
Прэм'ер распытаў мастачку і ўладальніцу галерэі Вікторыю пра гісторыю стварэння работ і іх сэнс. Тая зазначыла:
“Шмат хто лічыць мае карціны трохі драматычнымі. Вось, напрыклад, гэта - дворык Дастаеўскага. Але мы выраслі ў гэтым, на гэтай літаратуры, і трохі драматызму - гэта неад'емная частка жыцця кожнага беларуса”.
Пасля Ян Петэр пацікавіўся жыццём у Беларусі і быў прыемна здзіўлены узроўнем нашых мастакоў. Дарэчы, мастачка падаравала госцю каталог сваіх работ, дзе прысутнічаў фотаздымак пасла Беларусі ў Галандыі Алены Мікалаеўны Грыцэнкі. Вікторыя адзначыла пастаянную дапамогу нашай амбасады.
Вікторыя Каваленчыкава запрасіла прэм'ер-міністра ў сваю галерэю на наступную выставу, якая адбудзецца 6-10 лістапада ў Гаазе. Ян Петэр паабяцаў, што сапраўды пастараецца туды патрапіць. Чаму б і не? Недарма Вікторыя зазначыла: “Было бачна, што яму з намі цікава”.


