Фатографа Андрэя Лянкевіча адзначылі на фестывалі Kaunas Photo STAR
Пераможцы і ўдзельнікі сёлетняга Kaunas Photo STAR. Андрэй Лянкевіч крайні справа. |
Фатограф Андрэй Лянкевіч адзначаны спецыяльным прызам на штогадовым міжнародным фотафестывалі ў Каўнасе (Літва) Kaunas Photo STAR. Яго ўзнагародзілі персанальнай выставай у FOTO KVARTALS gallery (Ryga, Latvia), якая пройдзе ў 2011 годзе. Фатограф азнаёміць гасцей выставы з серыяй «Беларускае Паганства». Акрамя таго, у наступным нумары часопіса «Foto Kvartals» будзе надрукаваная падборка фотаздымкаў з партфоліа Лянкевіча, якія прынеслі яму перамогу. Серыя «Беларускае Паганства» да канца месяца мае выйсці асобным фотаальбомам.
«У гэтым годзе на фэсце зладзілі конкурс парфоліа маладых фатографаў з усяго свету. Удзельнічалі фатографы з Беларусі, Расіі, Ірану, Англіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі ды іншых краін. Было адабрана 100 працаў. Лепшых з іх адбіралі 12 экспертаў, таксама з усяго свету», — расказаў «Нашай Ніве» Андрэй Лянкевіч. Новай зоркай каўнаскага фэсту стаў французскі фатограф Эрык Лусіта, які аб’ехаў постсавецкія краіны ад Усходняй Германіі да Манголіі, дзе здымаў закінутыя вайсковыя базы.
***
ФотафестывальKaunas Photo STAR ладзіцца ў Каўнасе штогод пачынаючы з 2004 г. Ягоная мэта — пошук новых талентаў і зорак у свеце фатаграфіі.
Андрэй Лянкевіч нарадзіўся ў 1981 г. у Гродне. Мае ступень бакалаўра гуманітарных навук у галіне эканомікі, атрыманую ў БДУ.
У 2004—2005 вучыўся ў «Caucasus Media Institute» на сэмінары «World Press Photo» у Ерэване, Арменія. У якасці адной з частак праграмы некалькі месяцаў жыў і вандраваў з меншасцю езідаў у Арменіі, ягоны выніковы фотапраект пра жыццё езідаў быў уганараваны прэміяй.
Выкладае курс па фотажурналістыцы ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Літва).
Ад 2005 году супрацоўнічае з «European Press Photo Agency» (EPA), у 2007 далучыўся да «Anzenberger agency».
У 2001—2008 гадах супрацоўнічаў з незалежнай беларускай газетай «Наша Ніва».
Ягоныя працы тасама публікаваліся ў такіх міжнародных СМІ як «New York Times», «Le Figaro», «Newsweek», «Die Zeit», «Spiegel», «GEO», «GEO Lino», «International Herald Tribune».
Сямён Печанко