Быкаў і Адамовіч саджалі дрэвы ў яго парку
Ён прамяняў тлумны Мінск на ціхую вёску на Вілейшчыне. А дзяржзамовы па афармленні кніжак — на іканапіс.
Барыс Цітовіч і краязнавец Анатоль Рогач.
Васіль Быкаў, Барыс Цітовіч, Алесь Адамовіч. Заброддзе, 1984.
Вайсковае пахаванне каля Заброддзя.
Барысаглебская капліца ў Заброддзі.
Рускае Сяло.
Бараўцы.
У бібліятэках можна знайсці кнігі беларускіх класікаў, якія афармляў мастак. «Марат Казей» Петруся Броўкі, «Зеніт» Івана Шамякіна…А спачатку былі ілюстрацыі да «Палескай хронікі» Мележа. Раману «Людзі на балоце» ён прысвяціў інстытуцкую дыпломную працу. Калі пісьменніку паказалі некалькі розных ілюстрацый на яго твор, Мележ спыніўся на Цітовічавай. Затым было афармленне «Подыху навальніцы», за ілюстрацыі да якой атрымаў дыплом другой ступені на рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі». Гэта давала немалыя перспектывы ў Мінску. Але разам з жонкай Валянцінай вырашыў пераехаць на вёску. Выпадкова выбралі Заброддзе. Ужо значна пазней, па архіўных дакументах, мастак вызначыў, што продкі паходзяць менавіта з Вілейшчыны.
А нарадзіўся Барыс Цітовіч у 1948 годзе ў Чалябінскай вобласці. Бацька быў вайскоўцам. І ў той час будаваў аэрадром у Расіі. Пасля сям’я пераехала ў Мінск. У сп. Барыса захаваўся чамадан, у якім яго перавозілі замест калыскі. А каб дзіцё не задыхнулася, зрабілі адтуліны.
«Дудуткі» мусілі з’явіцца на Вілейшчыне
Разам з Яўгенам Будзінасам Цітовічы стварылі музей народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі».А пачыналася ўсё на Вілейшчыне. У в. Абадоўцы Барыс і Валянціна Цітовічы разам з сябрамі хацелі аднавіць панскі маёнтак. Там тады яшчэ захаваліся будынак бровару, вайсковая казарма, сажалкі, сад. Знайшліся нават спонсары — амерыканскія сябры-камп’ютаршчыкі, з якімі сп. Барыс разам служыў у войску. Яны шукалі месца, дзе б паставіць кілбасны заводзік. І спыніліся на Абадоўцах. Частку прыбытку меркавалі ахвяраваць на аднаўленне маёнтка. Планавалі таксама стварыць дзіцячы культурна-асветніцкі цэнтр з ухілам на рэабілітацыю ахвяр Чарнобыльскай трагедыі. Але мясцовыя чыноўнікі ўсе планы перакрэслілі. Барыс і Валянціна Цітовічы тады нават з-за крыўды гатовыя былі з’ехаць з раёна. Усё змяніла сустрэча з Будзінасам. Ён акурат задумваўся над стварэннем «Дудутак». Выслухаўшы Барыса, запрасіў яго з жонкай далучыцца да свайго праекта. А таксама напісаў кнігу «аб тым, як малады мастак Цітовіч з жонкаю Валяй (яна ў яго рэжысёр) з’ехалі са сталіцы ў глухую вёску» і аб канфлікце з вілейскімі чыноўнікамі. Кніга называлася «Преждевременный конфликт».
Быкаў і Адамовіч саджалі тут дрэвы
А пасля Барыс і Валянціна вярнуліся ў Заброддзе. Там заняліся стварэннем музея пад адкрытым небам, прысвечанага Першай сусветнай вайне. Але і гэтаму паспрыяў выпадак. Аднойчы сп. Барыс знайшоў у суседнім з вёскай лесе закінутыя магілы. Пачаў распытваць у вяскоўцаў аб іх. Высветлілася, што тут пахаваныя салдаты царскай арміі, часоў імперыялістычнай вайны. Каб не знікла пахаванне зусім, пачаў з жонкай яго даглядаць. І сёння — гэта асобны прыпынак экскурсій. А кожны год на дзявятага мая тут праваслаўны святар спраўляе службу.
Што яшчэ ўключае музей Першай сусветнай? Вайсковыя пахаванні ў суседнім Рускім Сяле, капліца ў гонар 80-годдзя заканчэння вайны ў Бараўцах, капліца ў гонар Барыса і Глеба з імправізаванай выставай у ёй, парк Перамогі... Заклалі парк пісьменнікі-франтавікі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч. Падчас іх прыезду ў Заброддзе ў 1984 годзе мастак такім чынам вырашыў адзначыць памятную сустрэчу. Але дзесьці за два тыдні да смерці Адамовіча яго дубок звалілі бабры, нібы нешта прадчуваючы.
Сёння найбольшы клопат Цітовічаў — давесці справу з музеем да канца. Калі ў пачатку шляху ўсё рабілі сваімі сіламі, то сёння пакрысе дапамагае і дзяржава. Але юрыдычнага статусу музей не мае. Проста прыватная ініцыятыва.
А яшчэ Барыс Цітовіч піша і рэстаўруе абразы, распісвае ў Вілейцы Святаціханаўскую царкву. Гэта хутчэй занятак у вольны час. Бо шмат забірае праца над музеем.
Кастусь Матушыч