Не шукаючы акна ў Еўропу. Беларусы — абсалютна еўрапейская нацыя з высокай культурай і развітым мастацтвам
Гэта пацвердзіў вернісаж у Нацыянальным мастацкім музеі.
Як мінімум гадзіна спатрэбіцца, каб хоць прабегчыся вокам па экспазіцыі “Зямля пад белымі крыламі”, адкрытай у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску. Каля ста пяцідзесяці аўтараў — народных мастакоў, лаўрэтаў Дзяржаўнай прэміі і заслужаных дзеячаў мастацтва Рэспублікі Беларусь. Больш за дзвесце прадметаў жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзесяткі жанраў, напрамкаў і каляровых рашэнняў. І гэта, уявіце сабе, толькі частка духоўнага скарбу, здабытага краінай за два дзесяцігоддзі самастойнага існавання.
Прыпыніць жа на дварэ якога беларуса і папрасіць пералічыць вядомых яму айчынных мастакоў — хіба абыдзецца пальцамі адной рукі. На вялікі жаль, 90 працэнтаў нашых людзей не ведаюць ні нашых мастакоў, ні што яны робяць. “Зямля пад белымі крыламі”, якая распачала другі, мастацкі, этап грамадска-культурнай акцыі “Беларусь — гэта мы”, ініцыяванай Міністэрствам культуры, заклікана сітуацыю выправіць. Мяркуецца, лепшыя творы беларускіх майстроў з запаснікаў галоўнага музея краіны пакажуць ва ўсіх галерэях рэспублікі. Беларусы ўбачаць, што назапашана за апошнія гады ў нацыянальным выяўленчым мастацтве і чым яны могуць ганарыцца. У нас багатая спадчына: Пэн, Шагал, Малевіч... Аднак не менш каштоўны духоўны скарб сучаснага дня.Сваімі ўражаннямі ад выставы, поглядамі на сучаснае беларускае мастацтва і выхаванне творчай асобы з карэспандэнтам “НГ” падзяліўся намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі Рыгор СІТНІЦА.
— Тое, што я бачу на выставе, я ў прынцыпе ведаю. Але ў такім кантэксце, дзе творчасць масцітых мастакоў мяжуе з працамі маладых стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта, сустракаю ўпершыню. Экспазіцыя пакідае моцнае ўражанне і яшчэ раз пераконвае: трэба адкінуць усе нашы местачковыя, постсавецкія комплексы і заяўляць пра сябе як абсалютна еўрапейскую нацыю з вельмі высокай культурай і высокім мастацтвам. Нават тыя краіны, якія не сумняваюцца ў сваёй якасці, яшчэ ці пахваляцца такім багаццем, як мы. Мы адна з нямногіх нацый, што не страцілі акадэмічную школу: кожная праца мае яе падмурак. І разам з тым мы незашуганыя акадэмісты, вельмі разняволеныя мастакі.
— Як гэта праяўляецца ў творчасці маладых?
— З аднаго боку, у іх працах выразна прасочваецца школа. Іншая справа — моладзь не зусім самастойная творчая адзінка. Прынамсі, мне спатрэбілася 10 гадоў пасля заканчэння мастацкага інстытута, каб я сказаў сабе: о, нарэшце я адарваўся ад настаўнікаў, перастаў глядзець на сваіх калег і стаў тым, кім я ёсць. Займеў аўтарскі стыль — атрымаў вялікі кайф, мастацкую свабоду, якую ні за грошы не купіш, ні ў акадэміі не здабудзеш. Толькі сваім потам і мазгамі. Дарэчы, гэта адна з праблем сучаснага мастацтва. Сотні таленавітых людей знікаюць пасля акадэміі толькі таму, што прафесійна яны навучыліся, а інтэлектуальна недабралі. У мастацтве прафесійны бок складае палову поспеху. Другая палова — інтэлектуальнае развіццё, развіты мастацкі светапогляд і ідэя, якая вядзе па жыцці.
— Дык што трэба рабіць, каб стаць Мастаком?
— Быць дзіваком для сучаснага чалавека. Мой сусед не разумее, дзеля чаго я днямі сяджу і мажу фарбамі нейкія дзівоты. Можа, іх і не купяць ніколі? Можа, яны нават не дойдуць да гледача! А я ні дня не магу без пэндзля...
— Кожная выстава павінна прыносіць нейкую навіну. Ці ёсць яна ў экспазіцыі “Зямля пад белымі крыламі”?
— На жаль, большасць беларусаў не ведаюць сучаснага мастацтва. Таму любая выстава, на якую прыйдзе такі чалавек, — навіна для яго: аказваецца, у нас нешта ёсць! “Зямля пад белымі крыламі” — толькі пачатак. Нам яшчэ працаваць і працаваць над гэтымі прабеламі. Галоўнае — заахвоціць людзей прыходзіць на такія выставы і імпрэзы. Бо зараз як у большасці: націснуў пульт — а там Бора Маісееў скача, і “Фабрыка”, і дзевачкі харошыя. Я таксама гэта часам гляджу, каб пацешыцца, у рэшце рэшт. І там бывае нешта вартае, я не адмаўляю. Але трэба разумець, чаму якая цана.
— Як жа пазбавіць людзей такога “невуцтва”?
— Адукоўваць. Навошта скарацілі ў школах сусветную мастацкую літаратуру? Дзеці б хоць Рэмбранта запомнілі. Зараз Гары Потэра запомняць. Без культуры нацыя доўга не працягне. Гэта гігіена душы, з якой яна ўратуецца. Быдла здалёк відаць, хоць яно і выйшла з касметычнага салона ці моднага буціка. Мы не павінны застацца дзікунамі з распісанымі будынкамі. Тым больш што мастацтва — і мінулае, і сучаснае — у нас вельмі багатае.