У Мінску стартаваў XII Міжнародны фестываль перформансу NAVINKI-2010
Фестываль пройдзе ў Палацы мастацтва з 28 па 30 жніўня.
Як паведаміў БелаПАН куратар фестывалю NAVINKI-2010 Віктар Пятроў, у гэтым годзе ў ім прымаюць удзел прадстаўнікі шасці краін: Англіі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі і Беларусі. «Фармат застаецца ранейшым, мы кожны год запрашаем новых удзельнікаў з-за мяжы і спрабуем абнаўляць склад удзельнікаў з Беларусі», — сказаў Пятроў.
У гэтым годзе ў фестывалі прымаюць удзел 20 прадстаўнікоў Беларусі і сем замежных мастакоў.
Па традыцыі фестываль трохдзённы. На працягу двух дзён выступы мастакоў гледачы ўбачаць у Палацы мастацтва, трэці дзень будзе выязным — на вадасховішчы Вяча пад Мінскам.
«Адрозненне перформансу ад іншых жанраў у тым, што мы не ведаем загадзя, што пакажуць нам мастакі. Калі прыязжае які-небудзь тэатр са спектаклем, то там ужо прыкладна ўсе ведаюць яго змест. У перфомансе ж мастак раскрываецца перад гледачом, і ў гэтым ёсць нейкая інтэрактыўная сувязь. Кожнае яго выступленне — гэта асобны спектакль», — сказаў Пятроў.
Па яго словах, гэты від мастацтва вельмі востра і практычна імгненна рэагуе на змены, што адбываюцца ў жыцці. «Праз год ад аднаго мастака мы можам убачыць зусім іншы перфоманс. І, атрымліваецца, што праз год у нас ідзе абнаўленне рэпертуару», — адзначыў куратар фестывалю.
Як заявіў Пятроў, яшчэ адна мэта гэтага фестывалю складаецца ў тым, каб не толькі паказваць свае творы, але і фарміраваць артыстычныя эліты ў Беларусі. «З-за таго, што мы былі закрытыя ад еўрапейскай культуры 70 гадоў, падчас СССР, у нас сучасныя формы мастацтва мала прадстаўлены ці ўвогуле не прадстаўлены», — лічыць ён.
Фестываль арганізуецца на сродкі саміх мастакоў, зацікаўленых у яго правядзенні. «Усе 12 гадоў з часу арганізацыі фестывалю нам ніхто не дапамагае. Мы спадзяемся, што ўлады ўсё ж такі звернуць увагу на сучаснае мастацтва, з якіх перфоманс з"яўляецца самым дынамічным, але пакуль гэтага не адбываецца», — сказаў Пятроў.
Сяргей Пульша, БелаПАН