Вызначаны галоўны беларускі хіт сезону

Источник материала:  
27.08.2010 09:43 — Новости Культуры

Высілкамі прыхільнікаў беларускай музыкі і экспертнай рады з беларускіх тэлепрадусараў быў вызначаны галоўны беларускі хіт сезону. Ім стаў твор "Краіна 2.0" у выкананні каманды "Глюкі", запісанай пры ўдзеле яшчэ двух магілёўскіх выканаўцаў  MAUZER і Green Che.

Цягам месяца на галоўным музычным інтэрнэт-партале краіны – "Тузін Гітоў" праходзіў выбар самых годных беларускамоўных твораў. У прэтэндэнтаў было 72 кампазіцыі выканаўцаў абсалютна розных жанраў, якія ўдзельнічалі ў хіт-парадзе цягам музычнага сезону 2009-2010. Шорт-ліст твораў было даручана скласці прадусарам тэлеканалаў, якія працуюць у Беларусі.

Кожны з экспертаў меў свае ўпадабанні. "Мне падабаецца мэлодыка, гэта адна з прычынаў, чаму цяжкія гурты ў маім хіт-парадзе адсутнічаюць", - зазначыў дырэктар дырэкцыі музычных і забаўляльных праграмаў Белтэлерадыёкампаніі Дзяніс Шпітальнікаў. Шмат адкрыццяў для сябе зрабіў генеральны прадусар СТВ Павал Каранеўскі. Асаблівы рэспект ён выказаў Юры Дземідовічу з беларускай версіяй "Чароўнага кроліка" і вакалістцы гурта Naka Насце Шпакоўскай.  "Я разам з ёй паміраю ды зноў нараджаюся, дзякуючы голасу і моцы пачуццяў", - прызнаўся прадусар. Музычны дырэктар тэлеканалу "Белсат" Вераніка Самолінская і дырэктар каналу A-ONE у Беларусі Алег Скарабагаты звярнулі ўвагу найперш на беларускі андэграўнд, а генеральны прадусар MTV-Беларусь Валянцін Грышко на патэнцыйную камерцыйнасць выканаўцаў.

Далейшы выбар быў за наведнікамі парталу "Тузін Гітоў". У змаганні на званне галоўнага беларускага хіта сышліся дзве каманды, якія прыпынілі дзейнасць, таму і падтрымка з боку іх прыхільнікаў была найбольш адчувальная. У выніку перамогу атрымаў  гурт "Глюкі" з песняй "Краіна 2.0", запісанай пры ўдзеле гуртоў MAUZER і Green Che.  Яна ўсяго на некалькі галасоў апярэдзіла гурт "Дзецідзяцей" з песняй "Раптам"

Восьмы па ліку сезон на "Тузіне Гітоў" стартуе 17 верасня. Па задумцы рэдакцыі хіт-параду, сёлета галасаванне стартуе з ПОП-тура, у якім возьмуць удзел як прызнаныя выканаўцы, так і тыя, якія толькі пачынаюць сваю музычную кар’еру. 

Тузін лепшых беларускіх песень музычнага сезону 2009-2010 па версіі інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў":

1. Глюкі feat. MAUZER і Green Che - Краіна 2.0
2. Дзецідзяцей - Раптам
3. Akute - Адзіноцтва
4. :B:N: feat. Vinsent - Развага
5. MAUZER -  Я люблю боль
6. Neuro Dubel - Касманаўты
7. Рокаш - Дзеці паўночнага ветру
8. Naka - Бяжы
9. esprit  - Да сініх скалаў
10. J:морс - Маё сонца (канцэрт у тэатры)
11. Спрат - Казачныя сны 
12. Rahis - Чароўныя ноты  




←Археолагi знайшлi пад Рагачовам шмат артэфактаў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика